Біблія » Пераклады » Пераклад Сабілы і Малахава

Мацьвея 23 Паводля Мацьвея 23 разьдзел

1 Тады Ісус сказаў людзям і вучням Сваім,
2 кажучы: на Масеявым пасадзе селі кніжнікі і хварысэі.
3 Пагэтаму ўсё, што ні загадаюць вам захоўваць, захоўвайце і спаўняйце, а паводля ўчынкаў іхных ня рабіце, бо (яны) гавораць і ня робяць.
4 Бо складаюць цяжары важкія і няпасільныя і ўскладаюць на плечы людзям; а самі ня хочуць і пальцам сваім зрушыць іх.
5 А ўсе ўчынкі свае яны робяць, каб бачылі іх людзі. Пашыраюць філяктэрыі свае і павялічваюць кутасы на адзеньні сваім.
6 А таксама любяць узьлягаць наперадзе на гасьцінах і наперадзе сядзець у сынагогах,
7 і вітаньні на плошчах, і каб людзі называлі іх: вучыцель мой! вучыцель мой!
8 А вы ня называйце сябе «раўві», бо адзін у вас ёсьць Настаўнік — Хрыстос, а вы ўсе — браты.
9 І ба́цькам вашым ня называйце (нікога) на зямлі, бо адзін ёсьць Ба́цька ваш, Каторы на Нябёсах.
10 І ня называйцеся настаўнікамі, бо адзін ёсьць ваш Настаўнік — Хрыстос.
11 І большы сярод вас няхай будзе вашым слугою.
12 Бо ўсякі, (хто) узвышае сябе, паніжаны будзе, а хто паніжае сябе, узвышаны будзе.
13 Гора вам, кніжнікі і хварысэі, крывадушнікі, бо зачыняеце Гаспадарства Нябёсаў перад людзьмі; бо самі ня ўваходзіце і тых, што ўваходзяць, ня дапускаеце ўвайсьці.
14 Гора вам, кніжнікі і хварысэі, крывадушнікі, што зьядаеце дамы ўдоваў і напаказ доўга моліцеся; за гэта дастанеце больш цяжэйшы прысуд.
15 Гора вам, кніжнікі і хварысэі, крывадушнікі, што абходзіце мора і сушу, каб зрабіць хоць аднаго нованаверненым; і калі гэта здараецца, робіце яго сынам геенны, удвая горшым за вас.
16 Гора вам, павадыры сьляпыя, што кажаце: калі хто прысягнуў бы Сьвятыняю, гэта нічога, а хто прысягнуў бы золатам Сьвятыні, (то ён) вінаваты.
17 Няразумныя і сьляпыя! бо што большае: золата ці Сьвятыня, якая асьвячае золата?
18 І калі хто прысягнуўся бы ахвярнікам, дык нічога, а хто прысягнуўся бы ахвярай, якая на ім, (то ён) вінаваты.
19 Няразумныя і сьляпыя! а што большае: ахвяра ці ахвярнік, які асьвячае гэтую ахвяру?
20 Дык вось, хто прысягнуўся ахвярнікам, той прысягаецца ім і ўсім, што на ім;
21 і хто прысягнуўся Сьвятыняю, той прысягаецца Ёй і Прабываючым у Ёй.
22 І той, хто прысягнуўся Небам, прысягаецца Пасадам Бога і Седзячым на ім.
23 Гора вам, кніжнікі і хварысэі, крывадушнікі, што даецё дзесяціну зь мяты і кропу і кмену і адкінулі важнейшае ў Законе: суд і міласьць і веру; гэтае належыла зрабіць, і тое ня адкідаць.
24 Павадыры сьляпыя, што камара адцэджваеце, а вярблюда праглынаеце!
25 Гора вам, кніжнікі і хварысэі, крывадушнікі, што ачышчаеце зьнешнасьць коўні і місы, а ўсярэдзіне яны поўныя драпежнасьці і няпраўды.
26 Хварысэй сьляпы! ачысьці сьпярша сярэдзіну коўні і місы, каб чыстая была і зьнешнасьць іхная.
27 Гора вам, кніжнікі і хварысэі, крывадушнікі, што прыпадабняецеся да павапненых магіл, якія звонку здаюцца прыгожымі, а ўсярэдзіне напоўнены косткамі памерлых і ўсякаю нячыстасьцю.
28 Гэтак і вы зьнешне здаецеся людзям сапраўды праведнымі, а ўсярэдзіне поўныя крывадушнасьці і бяззаконьня.
29 Гора вам, кніжнікі і хварысэі, крывадушнікі, што будуеце надмагільлі прарокам і ўпрыгожваеце помнікі праведнікаў,
30 і кажаце: калі б мы былі ў дні ба́цькаў нашых, дык ня былі б саўдзельнікамі іхнымі ў крыві прарокаў.
31 Гэтым самым вы сьведчыце супраць сябе, што вы ёсьць сыны забойцаў прарокаў.
32 Дык вы дапаўняйце меру ба́цькаў вашых.
33 Зьмеі, адродзьдзі яхіднінаў! як пазьбегнеце вы асуджэньня ў геенну?
34 Дык вось, пагэтаму Я пасылаю да вас прарокаў і мудрых і кніжнікаў; і вы адных заб’еце і ўкрыжуеце, а іншых будзеце біць у сынагогах вашых і гнаць зь места да места.
35 Каб прыйшла на вас уся кроў праведная, пралітая на зямлі, ад крыві Авеля праведнага, аж да крыві Захара, сына Барахіявага, якога вы забілі між Сьвятыняю і ахвярнікам.
36 Праўду кажу вам: усё гэтае прыйдзе на род гэты.
37 Ярузалім! Ярузалім! забойца прарокаў і забойца каменьнем пасланых да цябе! Колькі разоў хацеў Я сабраць дзяцей тваіх, як птушка зьбірае птушанят сваіх пад крыльлі, і вы ня захацелі.
38 Вось жа кіда́ецца вам дом ваш пусты!
39 Бо кажу вам: ня ўбачыце Мяне ад сёньня дакуль ня скажаце: Багаслаўлёны, Які ідзе ў Імя Госпада!
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Паводля Мацьвея Сьвятое Эвангельле, 23 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Публікуецца з дазволу аўтара.
© 2020