Біблія » Пераклады » Пераклад Сабілы і Малахава

Мацьвея 6 Паводля Мацьвея 6 разьдзел

1 Глядзеце, ня рабеце міласьціны вашай перад людзьмі з тым, каб яны бачылі, інакш ня маеце ўзнагароды перад Ба́цькам вашым, Які ў Нябёсах.
2 Калі ж робіш міласьціну, ня трубі перад сабою, як робяць крывадушнікі ў сынагогах і на вуліцах, каб быць пахваляемымі людзьмі. Праўду кажу вам: (яны ўжо) атрымоўваюць поўную ўзнагароду сваю.
3 Але ў цябе, калі робіш міласьціну, ня павінна ведаць левая (рука) твая, што робіць правая (рука) твая,
4 каб была міласьціна твая ў тайне; і Ба́цька твой, Які бачыць тайны, Ён аддасьць табе яўна.
5 І калі молішся, ня будзь як крывадушнікі, бо яны любяць у сынагогах і на рагох вуліц, спыніўшыся, маліцца, каб іх убачылі людзі. Праўду кажу вам, што яны (ужо) атрымоўваюць поўную ўзнагароду сваю.
6 Ты ж, калі молішся, зайдзі ў пакой твой, і, зачыніўшы дзьверы твае, памаліся Ба́цьку твайму, Які ў тайне; і Ба́цька твой, Які бачыць тайну, аддасьць табе яўна.
7 А молячыся ня гаварыце лішняга, як пагане: бо яны думаюць, што ў многаслоўі сваім будуць пачутыя.
8 Ня будзьце ж падобнымі ім. Бо ведае Ба́цька ваш, якую маеце патрэбу, раней вашага прашэньня (ў) Яго.
9 Пагэтаму вы маліцеся гэтак: Тата наш, Які (ёсьць) на Нябёсах! Няхай сьвяціцца Імя Тваё;
10 хай прыйдзе Валадарства Тваё; хай будзе Воля Твая, як на Небе, (так) і на зямлі;
11 хлеб наш штодзённы дай нам сягоньня.
12 І даруй нам грахі нашыя, як і мы даруем даўжніком нашым.
13 І ня ўводзь нас у спакусу, але захавай нас ад злога, бо Тваё ёсьць Валадарства, і Сіла, і Слава на векі. Амін.
14 Бо калі (вы) даруеце людзям правіны іхныя, (то) даруе і вам Ба́цька ваш Нябесны.
15 Калі ж (вы) ня даруеце людзям правінаў іхных, таксама Ба́цька ваш ня даруе правінаў вашых.
16 Калі ж посьціце, ня будзьце, як крывадушнікі, панурымі. Бо яны азмрочваюць абліччы свае, каб быць заўважанымі людзьмі, што посьцяць. Праўду кажу вам, што (яны) ужо атрымоўваюць сваю поўную ўзнагароду.
17 Ты ж, посьцячы, памаж галаву тваю і ўмый аблічча тваё,
18 каб ня быць заўважаным людзьмі, што посьціш, але Ба́цькам тваім, Які (ёсьць) у тайным, і Ба́цька твой, Які бачыць у тайным, аддасьць табе яўна.
19 Ня зьбірайце сабе скарбаў на зямлі, дзе моль і іржа нішчаць, і дзе злодзеі падкапваюцца і краду́ць:
20 а зьбірайце сабе скарбы на Небе, дзе ні моль, ні іржа ня нішчаць, і дзе злодзеі ня падкапваюцца і ня краду́ць.
21 Бо дзе ёсьць скарб ваш, там будзе і сэрца вашае.
22 Сьветачам цела ёсьць вока. Дык вось, калі ж вока тваё ёсьць чыстае, (то) усё цела тваё будзе поўным сьвятла.
23 Калі ж вока тваё нягоднае, то ўсё цела тваё будзе ў цемры. Калі ж сьвятло, якое ў табе, ёсьць цемра, то тады якая сапраўдная цемра?
24 Ніхто ня можа служыць двум пана́м: бо альбо аднаго зьнянавідзіць, а другога будзе любіць; альбо аднаго будзе трымацца, а другім будзе грэбаваць. Ня можаце служыць Богу і мамоне.
25 Пагэтаму кажу вам: нічуць ня турбуйцеся аб умовах жыцьця вашага, што вам есьці і што вам піць; ні аб целе вашым, што вам апрануць. Душа ёсьць больш за яду, а цела больш за вопратку.
26 Гляньце на птушак нябесных: ня сеюць, ня жнуць, і ня зьбіраюць у сьвірны, а Ба́цька ваш Нябесны корміць іх. Ці ж вы ня намнога лепшыя за іх?
27 Хто ж сярод вас, турбуючыся, можа дадаць да росту свайго (хаця бы) локаць адзін?
28 І пра вопратку што турбуецеся? Паглядзеце на палявыя лілеі, як яны растуць: ня працуюць, ня прадуць;
29 а (Я) кажу вам, што і Салямон ува ўсёй славе сваёй ня апранаўся так, як кожная зь іх.
30 Калі ж траву палявую, якая сягоньня ёсьць, а заўтра будзе ўкінена ў печ, Бог гэтак адзявае, наколькі ж болей вас, малаверы!
31 Дык вось, ня турбуйцеся і ня кажэце: што нам есьці? і што нам піць? і што нам апрануць?
32 Бо ўсяго гэтага шукаюць пагане. Бо Ба́цька ваш Нябесны ведае, што (вы) маеце патрэбу ва ўсім гэтым.
33 Шукайце ж перш Валадарства Бога і праведнасьці Ягонай, і гэта ўсё будзе прыложана вам.
34 Дык вось, ня турбуйцеся пра заўтрашні дзень, бо заўтрашні дзень патурбуецца сам за сябе: досыць кожнаму дню свайго клопату.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Паводля Мацьвея Сьвятое Эвангельле, 6 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Публікуецца з дазволу аўтара.
© 2020