1 Глядзе́це, не давайце міласьціны вашае перад людзьмі з тым, каб яны бачылі вас, бо тады ня будзе вам нагароды ад Айца вашага, што ў Нябёсах.
2 Дык вось, калі дае́ш міласьціну, ня трубі перад сабою, як робяць крывадушнікі ў школах і на вуліцах, каб выхвалялі іх людзі. Запраўды кажу вам: яны ўжо дастаю́ць нагароду.
3 У цябе́-ж, калі ты до́рыш, няхай ле́вая рука твая ня ве́дае, што робіць правая,
4 каб міласьціна твая была ўто́ена, і Аце́ц твой, які бачыць уто́енае, нагародзіць цябе́ яўна.
5 І калі молішся, ня будзь, як крывадушнікі, якія любяць у школах і на вуглах вуліцаў прыстоіваць молячыся, каб паказацца перад людзьмі. Запраўды́ кажу вам, што яны ўжо дастаю́ць нагароду сваю.
6 Ты-ж, калі молішся, увайдзі ў камору тваю і, зачыніўшыся, памаліся Айцу Твайму, які Сам ута́йне, і Аце́ц твой, вíдзячы ўто́енае, нагародзіць цябе яўна.
7 А молячыся не гавары лішняга, як пагане, бо яны думаюць, што ў многасло́ўі сваім будуць пачуты.
8 Ня будзьце падобны да іх, бо ве́дае Аце́ц ваш, у чым вы ма́еце патрэбу, ране́й, чым папросіце ў Яго.
9 Маліцеся-ж вось гэтак: Ойча наш, каторы ёсьць у нябёсах! няхай сьвяціцца імя Тваё;
10 Няхай прыйдзе Царства Тваё; няхай будзе воля Твая, як у не́бе, так і на зямлі.
11 Хле́б наш штодзе́нны дай нам сягоньня.
12 І даруй нам даўгі нашыя, як і мы даро́вуем даўжніко́м нашым;
13 і ня ўводзь нас у спакушэньне, але захавай нас ад злога. Бо Тваё ёсьць Царства і сіла і слава наве́кі. Амін.
14 Бо, калі вы даро́вуеце лю́дзям правіннасьці іх, то і вам даруе Аце́ц ваш, што ў нябёсах;
15 а калі ня будзеце дароўваць людзям правіннасьцяў іх, то і Аце́ц ваш не даруе вам вашых правіннасьцяў.
16 Гэтак сама, калі посьціце, ня будзьце панурымі, быццам крывадушнікі; бо яны зьмяняюць сваё аблічча, каб паказацца перад людзьмі, што посьцяць. Запраўды́ кажу вам, што яны ўжо атрымо́ўваюць нагароду сваю.
17 А ты, калі посьціш, пама́ж галаву тваю і ўмый аблічча тваё,
18 каб не перад людзьмі каза́цца посьцячым, але перад Айцом тваім, што ўто́ены, і Аце́ц твой, ба́чучы ўтоенае, нагародзіць цябе́ яўна.
19 Ня зьбірайце сабе́ скарбаў на зямлі, дзе́ моль і іржа нішчыць, і дзе́ зладзе́і падка́пываюцца і крадуць;
20 але зьбірайце сабе́ скарбы на не́бе, дзе́ ні моль, ні іржа ня нішчыць, і дзе́ зладзе́і не падкапываюцца і не крадуць.
21 Бо дзе́ скарб ваш, там будзе й сэрца вашае.
22 Сьве́тачам це́ла ёсьць вока. Вось жа, калі вока тваё будзе яснае, то ўсё це́ла тваё будзе прасьве́тленае.
23 Калі-ж вока тваё будзе нягоднае, то ўсё це́ла тваё будзе ў це́мры. І вось, калі сьвятло́, што ў табе́, ёсьць це́мра, дык якая-ж це́мра сама́?
24 Ніхто ня можа служыць двом паном; бо ці пе́ршага будзе ненавідзець, а другога любіць, ці пе́ршаму пачне спрыя́ць, а аб другога нядба́ць. Ня можаце служыць Богу і маммоне.*
25 Вось чаму й кажу вам: ня турбуйцеся дзеля душы вашае, што́ вам е́сьці і што́ піць, ні дзеля це́ла вашага, у вошта адзе́цца. Ці-ж душа ня больш за е́жу, і це́ла за адзе́жу?
26 Паглядзе́це на птушак нябе́сных, што ня се́юць, ня жнуць і ня зьбіраюць да сьвірнаў, і Аце́ц ваш Нябе́сны корміць іх; хіба́-ж вы ня ле́пшыя за іх?
27 Дый хто з вас сваёй турботай можа дадаць сабе́ росту хоць на адзін локаць?
28 І аб адзе́ньне чаго турбуецеся? Паглядзе́це на палявыя ліле́і, як яны растуць: не працуюць, не прадуць;
29 а Я кажу вам, што й Салямон у-ва ўсёй сла́ве сваёй не адзяваўся так, як кожная з іх.
30 Калі-ж траву палявую, якая сягоньня ёсьць, а заўтра будзе ўкінена ў печ, Бог гэтак адзявае, дык ці не бале́й таго вас, малаве́рныя?
31 Дык вось, ня турбуйцеся й не кажэце: што́ нам е́сьць? ці: што́ піць? ці: ў вошта адзе́цца?
32 Бо ўсяго гэтага шукаюць пагане, дый Аце́ц ваш Нябесны ве́дае, што ўсё гэтае вам патрэбна.
33 Шукайце-ж пе́рш царства Божага і праўды Яго, а тое ўсё прыложыцца вам.
34 Дык ня турбуйцеся аб заўтрашні дзе́нь, бо заўтрашні дзе́нь сам будзе турбавацца аб сваё. Годзе для кожнага дня свайго ліха.
Каментары ці зноскі:
2, 5 школа = сынагога.
24 маммоне = багацьцю.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце:
Ctrl + Enter
Паводле Мацьвея Сьвятое Эвангельле, 6 разьдзел
Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.
Public Domain — народны здабытак.
Лукаш Дзекуць-Малей, Антон Луцкевіч.
© 1931, 1948; у 1985, 1991 унесены праўкі.