Біблія » Пераклады » Пераклад Л. Дзекуць-Малея

Мацьвея 22 Эвангельле Мацьвея 22 разьдзел

1 Ісус, адказваючы дале́й, казаў прыповесьцямі:
2 Царства Нябе́снае падобна да чалаве́ка цара́, каторы справіў вясе́льле для сына свайго.
3 І паслаў слуг сваіх клікаць запрошаных на вясе́льле; і не хаце́лі прыйсьці.
4 Зноў паслаў другіх слуг, сказаўшы: скажэце запрошаным: вось я прыгатаваў абе́д мой, валы́ мае́ і, што ўкормлена, зарэзаны, ды ўсё гатова; прыходзьце на вясе́льле.
5 Але яны, не зважаючы на тое, пайшлі — хто на поле сваё, а хто да свайго гандлю.
6 Другія-ж, схапіўшы слуг яго, назьдзе́каваліся і забілі іх.
7 Пачуўшы аб гэтым, цар узлаваўся і паслаў войскі свае́ вынішчыць забойцаў гэных і спаліць ме́ста іхняе.
8 Тады кажа ён слугам сваім: вясе́льле гатова; але закліканыя ня былі дастойны.
9 Дык пайдзе́це на росстані і ўсіх, каго сустрэнеце, клічце на вясе́льле.
10 І слугі тыя, выйшаўшы на дарогі, сабралі ўсіх, каго толькі знайшлі: і благіх, і добрых; і на вясе́льлі было поўна гасьце́й.
11 Цар, увайшоўшы паглядзе́ць банкетуючых, убачыў там чалаве́ка, адзе́тага не ў вясе́льную вопратку,
12 і кажа яму: дружа, як ты ўвайшоў сюды не ў вясе́льнай вопратцы? Той жа маўчаў.
13 Тады сказаў цар слугам: зьвяжэце яму рукі й ногі, вазьме́це яго і ўкіньце ў це́мру вонкавую; там будзе плач і скрыгот зубоў,
14 Бо многа запрошаных, але мала выбраных.
15 Тады фарысэі пайшлі і радзіліся, як бы ўлавіць Яго на словах.
16 І пасылаюць да Яго вучняў сваіх з ірадзіянамі, кажучы: Вучыцель! мы ве́даем, што Ты справядлівы і аб шляху Божым справядліва навучаеш, дый ня дбаеш ні аб кога, бо не глядзіш ні на якое аблічча.
17 Дык скажы-ж нам: як Табе́ здае́цца? Ці гожа даваць падатак цару, ці не́?
18 Але Ісус, бачучы злосную хітрасьць іх, сказаў: што спакушаеце Мяне́, крывадушныя?
19 Пакажэце Мне́ манэту, якою плоціцца падатак. Яны прыне́сьлі Яму дынар.
20 І кажа ім: чыё гэта выабражэньне і надпіс?
21 Кажуць Яму: ца́равы. Тады кажа ім: дык аддайце ца́рава цару́, а Божае Богу.
22 Пачуўшы гэта, яны зьдзівіліся і, пакінуўшы Яго, пайшлі.
23 У той дзе́нь прыступіліся да Яго саддуке́і, каторыя кажуць, што няма ўваскрасе́ньня, і спыталіся ў Яго:
24 Вучыцель! Майсе́й сказаў: калі хто памрэ, ня маючы дзяце́й, то брат яго няхай возьме за сябе́ жонку яго і адновіць насе́ньне брату свайму (Другазаконьне 25:5).
25 Было вось у нас се́м братоў; пе́ршы, ажаніўшыся, памёр і, ня маючы дзяце́й, пакінуў жонку сваю брату свайму.
26 Таксама і другі, і трэці, аж да сёмага.
27 Пасьля-ж усіх памёрла і жонка.
28 Дык у час уваскрасе́ньня каму з сямех будзе яна жонкаю? Бо ўсе́ ме́лі яе́.
29 Ісус сказаў ім у адказ: памыля́ецеся, ня ве́даючы Пісаньня, ні сілы Божае.
30 Бо пры ўваскрасе́ньні ані жэняцца, ані йдуць замуж, але прабываюць як ангелы Божыя на не́бе.
31 А аб ускрасе́ньні паме́ршых ці ня чыталі вы сказанага вам Богам, які гавора:
32 Я Бог Аўраама, і Бог Ізаака, і Бог Якава! Бог ня ёсьць Бог памёршых, але жывых (Выхад 3:6).
33 І, чуючы, народ дзівіўся з навукі Яго.
34 А фарысэі, пачуўшы, што Ён прымусіў саддуке́яў змоўкнуць, сабраліся разам.
35 І адзін з іх, законьнік, спакушаючы Яго, спытаўся, кажучы:
36 Вучыцель! якое найбо́льшае прыказа́ньне ў законе?
37 Ісус сказаў яму: палюбі Госпада Бога твайго ўсім сэрцам тваім, і ўсе́ю душою тваёю, і ўсім разуме́ньнем тваім (Другазаконьне 6:5).
38 Гэта ёсьць пе́ршае і найбольшае прыказаньне.
39 Другое-ж — падобнае яму: палюбі бліжняга твайго, як самога сябе́ (Лявіт 19:8).
40 На гэтых двох прыказаньнях грунту́ецца ўве́сь закон і прарокі.
41 Калі-ж сабраліся фарысэі, Ісус спытаўся ў іх:
42 Што вы думаеце пра Хрыста? Чый Ён сын? Кажуць Яму: Давідаў.
43 Кажа ім: як жа Давід у духу заве́ Яго Госпадам, калі кажа:
44 Сказаў Госпад Госпаду майму: сядзі праваруч Мяне́, дакуль пакладу ворагаў Тваіх да падножжа ног Тваіх (Псальм 109:1).
45 Дык калі Давід заве́ Яго Госпадам, як жа Ён — сын ягоны?
46 І ніхто ня мог адказаць Яму ні слова; і з таго дня ніхто ўжо не адважа́ўся задаваць Яму пытаньні.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Паводле Мацьвея Сьвятое Эвангельле, 22 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Public Domain

Public Domain — народны здабытак.
Лукаш Дзекуць-Малей, Антон Луцкевіч.
© 1931, 1948; у 1985, 1991 унесены праўкі.