Біблія » Пераклады » Пераклад Л. Дзекуць-Малея

Мацьвея 16 Эвангельле Мацьвея 16 разьдзел

1 І прыступіліся фарысэі і садуке́і і, спакушаючы Яго, прасілі паказаць ім знак з не́ба,
2 Ён жа сказаў ім у адказ: уве́чары вы ка́жаце: будзе пагода, бо не́ба чырвана.
3 А ўраньні: сяньня не́пагадзь, бо не́ба пахмурнае. Крывадушныя! аблічча не́ба распазнаць уме́еце, а знакоў часу ня мо́жаце?
4 Род нягодны й чужало́жны знако́ў шукае, і знакі ня будуць да́дзены яму, апрача знаку Іоны прарока. І, пакінуўшы іх, адыйшоў.
5 Перабраўшыся на той бок, вучні Яго забыліся ўзяць хле́ба.
6 Ісус сказаў ім: глядзе́це, сьцеражы́цеся кісьлі фарысэйскай і садуке́йскай.
7 Яны-ж разважалі ў сабе́ і гаварылі: бо хлябоў мы не ўзялі.
8 Ве́даючы-ж тое, Ісус сказаў ім: чаму разважаеце ў сабе́, малаве́рныя: бо хлябоў не ўзялі?
9 Ці яшчэ не разуме́еце і ня помніце аб пяцёх хлябох на пяць тысячаў душ? і колькі карабоў вы набралі?
10 Ані аб сямёх хлябох на чатыры тысячы, і колькі карабоў вы набралі?
11 Як не разуме́еце, што не́ аб хле́бе сказаў Я вам: сьцеражы́цеся кісьлі фарысэйскай і садуке́йскай?
12 Тады яны зразуме́лі, што Ён гаварыў ім сьцерагчы́ся ня кісьлі хле́бнае, але навукі фарысэйскае і судуке́йскае.
13 Прыйшоўшы-ж у зе́млі Кесарыі Філіпавай, Ісус пытаўся ў вучняў Сваіх: за каго людзі лічаць Мяне́, Сына Чалаве́чага?
14 Яны сказалі: адны за Іоана Хрысьціцеля, другія за Ільлю, а іншыя за Ерамію, ці за аднаго з прарокаў.
15 Ён кажа ім: а вы за каго Мяне́ ўважа́еце?
16 Сымон жа Пётр, адказваючы, сказаў: Ты — Хрыстос, Сын Бога Жывога.
17 Тады Ісус сказаў яму ў адказ: шчасьлівы ты, Сымон, сын Іонін; бо ня цела́ і кроў адкрылі табе́ гэтае, але Аце́ц Мой, што ў Нябёсах.
18 І Я кажу табе́: ты — скала, і на гэтай скале́ Я збудую Царкву́ Маю́, і вароты пяке́льныя не перамогуць яе́.
19 І дам табе́ ключы Царства Нябе́снага; і што зьвя́жаш на зямлі, тое будзе зьвя́зана на не́бе; і што разьвя́жаш на зямлі, тое будзе разьвя́зана на не́бе.
20 Тады загадаў Ісус вучням Сваім, каб нікому не казалі, што Ён ёсьць Ісус Хрыстос.
21 З таго часу Ісус пачаў адкрываць вучням Сваім, што Ён мусіць ісьці ў Ерузалім і шмат перацярпе́ць ад старэйшын ды архірэяў і кніжнікаў, ды быць забітым і на трэці дзе́нь уваскрэснуць.
22 І, узяўшы Яго, Пётр пачаў кары́ць Яго: пашкадуй Сябе́, Госпадзе! Няхай ня ста́нецца гэтага з Табою!
23 Ён жа, зьвярнуўшыся, сказаў Пятру: адыйдзі ад Мяне́, шата́н! ты Мне́ спакуса; бо думаеш не аб тым, што Божае, але што чалаве́чае.
24 Тады Ісус сказаў вучням Сваім: калі хто хоча ісьці за Мною, адракіся ад сябе́ і вазьмі крыж свой і сьле́дуй за Мною.
25 Бо хто хоча душу сваю ўсьцерагчы, той згубіць яе́, а хто згубіць душу сваю дзеля Мяне́, той знойдзе яе́.
26 Якая-ж бо кары́сьць чалаве́ку, калі ён здабудзе ўве́сь сьве́т, а душы сваёй пашкодзіць? Дый які выкуп дасьць чалаве́к за душу сваю?
27 Бо прыйдзе Сын Чалаве́чы ў славе Айца Свайго з Ангеламі Сваімі; і тады аддасьць кожнаму водле дзе́яньняў яго.
28 Запраўды кажу вам: ёсьць некато́рыя з стая́чых тут, якія не спазнаюць сьме́рці, пакуль ня ўбачаць Сына Чалаве́чага, як прыйдзе ў царстве Сваім.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Паводле Мацьвея Сьвятое Эвангельле, 16 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Public Domain

Public Domain — народны здабытак.
Лукаш Дзекуць-Малей, Антон Луцкевіч.
© 1931, 1948; у 1985, 1991 унесены праўкі.