Біблія » Пераклады » Пераклад Л. Дзекуць-Малея

Мацьвея 15 Эвангельле Мацьвея 15 разьдзел

1 Тады прыходзяць да Ісуса Ерузалімскія кніжнікі й фарысэі ды кажуць:
2 Чаму вучні Тваі ня пілнуюцца перака́занага ад старэйшых? Бо ня ўмываюць рук сваіх, калі ядуць хле́б.
3 Ён жа сказаў ім у адказ: чаму і вы ня пілну́ецеся прыказаньня Божага дзеля пераказу вашага?
4 Бо Бог загадаў: шануй бацьку твайго і матку; і — хто зьняважа́е бацьку ці матку, няхай сьме́рцяй памрэ (Выхад 20:12; 21:16).
5 А вы кажаце: калі хто скажа бацьку або матцы: дар, які-б ні быў ад мяне́, будзе табе́ ў карысьць,
6 той можа й не шанаваць бацьку або матку сваю. І адкінулі вы прыказаньне Божае дзеля перака́зу вашага.
7 Крываду́шныя! Добра прарочыў аб вас Ісая, кажучы:
8 Людзі гэныя блізкія да Мяне́ вуснамі сваімі і шануюць Мяне́ языком; сэрца-ж іх далёка ад Мяне́.
9 Але дарэмна пакланя́юцца Мне́, навучаючы навук і за́паведзяў чалаве́чых (Ісая 29:13).
10 І, прыклíкаўшы народ, сказаў ім: слухайце і разуме́йце:
11 Ня тое, што ўваходзіць у вусны, апага́нівае чалаве́ка; але тое, што выходзіць із вуснаў, тое апага́нівае чалаве́ка.
12 Тады вучні Яго, прыступіўшыся, сказалі Яму: ці ве́даеш, што фарысэі, пачуўшы слова гэтае, згоршыліся?
13 Ён жа сказаў у адказ: усякая расьліна, якую насадзіў не Аце́ц Мой Нябе́сны, будзе вы́каранена.
14 Пакіньце іх; яны — сьляпы́я правадыры сьляпы́х; а калі сьляпы́ вядзе́ сьляпо́га, то абодва ўваляцца ў яму.
15 Пётр жа, адказваючы, сказаў Яму: растлумач нам прыповесьць гэту.
16 Ісус сказаў: няўжо-ж і вы яшчэ не разуме́еце?
17 Ці-ж яшчэ не разуме́еце, што ўсё, уваходзячы ў вусны, праходзіць у жывот і выкідаецца вон?
18 А выхо́дзячае з вуснаў — з сэрца выходзіць; гэта апага́нівае чалавека:
19 бо з сэрца выходзяць благія думкі, забойствы, чужаложства, блуд, кра́жы, фальшы́вае сьве́дчаньне, ганьбава́ньне:
20 гэта апага́нівае чалаве́ка. А е́сьці непамытымі рукамі — гэта не апага́нівае чалаве́ка.
21 І, вы́йшаўшы адтуль, Ісус пайшоў у зе́млі Тырскія і Сыдонскія.
22 І вось жанчына хананэйская, вы́йшаўшы з тых ваколіц, крычэла Яму, кажучы: зьмілуйся нада мною, Госпадзе, сын Давідаў! дачку́ маю цяжка мучыць нячысты!
23 Але Ён не адка́заваў ёй ні слова. І вучні Яго, прыступіўшыся, прасілі Яго: адпусьці яе́, бо яна крычыць за намі.
24 Ён жа сказаў у адказ: Я пасланы толькі да гінучых аве́ц дому Ізраілявага.
25 А яна, прыйшоўшы, кланялася Яму і гаварыла: Госпадзе! памажы мне́.
26 Ён жа сказаў у адказ: ня добра ўзяць хле́б ад дзяце́й і кінуць сабакам.
27 Яна сказала: так, Госпадзе! Але й сабакі ядуць крошкі, якія па́даюць з стала́ гаспадароў іх.
28 Тады Ісус сказаў ёй у адказ: о, жанчына! вялікая ве́ра твая; няхай ста́нецца табе́, як жадаеш. І паздараве́ла дачка́ яе́ ў тую гадзіну.
29 Перайшоўшы адтуль, прыйшоў Ісус да мора Галіле́йскага і, узыйшоўшы на гару, се́ў там.
30 І прыступілася да Яго множства народу, ма́ючы з сабою кульгавых, сьляпы́х, нямы́х, кале́к і многа іншых, і пакідалі іх да ног Ісусавых; і Ён аздараўляў іх.
31 Дык народ дзіваваўся, бачучы нямы́х гаворачы, кале́кіх здаровымі, кульгавых хо́дзячы і сьляпы́х вíдзячы, і славіў Бога Ізраілявага.
32 Ісус жа, прыклікаўшы вучняў сваіх, сказаў ім: шкада́ Мне́ людзе́й, што ўжо тры дні знаходзяцца пры Мне́, і не́чага ім е́сьці; адпусьціць жа іх ня е́ўшымі не хачу, каб не аслабе́лі ў дарозе.
33 І кажуць Яму вучні Яго: скуль нам у пустыні ўзяць гэтулькі хле́ба, каб накарміць такую грамаду?
34 Кажа ім Ісус: колькі ў вас хлябоў? Яны-ж сказалі: се́м і крыху рыбак.
35 Тады сказаў народу супачыць на зямлі.
36 І, узяўшы се́м хлябоў і рыбы ды аддаўшы хвалу́, паламаў і даў вучням Сваім, а вучні народу.
37 І е́лі ўсе́ і нае́ліся; і набралі астаткаў се́м карабоў поўных.
38 А е́ўшых было чатыры тысячы душ, апрача жанчын і дзяце́й.
39 І, адпусьціўшы народ, і Ён увайшоў у човен і прыбыў у ме́жы Магдальскія.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Паводле Мацьвея Сьвятое Эвангельле, 15 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Public Domain

Public Domain — народны здабытак.
Лукаш Дзекуць-Малей, Антон Луцкевіч.
© 1931, 1948; у 1985, 1991 унесены праўкі.