Біблія » Пераклады » Пераклад Рыма-Каталіцкага Касцёла

Мацвея 15 Паводле Мацвея 15 разьдзел

Пытанне пра традыцыю

1 Тады прыйшлі да Езуса фарысеі і кніжнікі з Ерузалема і сказалі:
2 «Чаму Твае вучні парушаюць традыцыю старэйшых, бо не абмываюць рук сваіх, калі спажываюць хлеб?»
3 А Ён сказаў ім у адказ: «Чаму і вы парушаеце Божую запаведзь дзеля сваёй традыцыі?
4 Бог жа загадаў: “Шануй бацьку свайго і маці”, а таксама: “Хто зласловіць на бацьку ці маці, няхай будзе пакараны смерцю”.
5 А вы кажаце: “Калі хтосьці скажа бацьку ці маці: ‘Дарам ахвярным ёсць тое, чым бы я мог табе дапамагчы’,
6 то ён больш не абавязаны шанаваць свайго бацьку”. Так вы адмянілі слова Божае дзеля сваёй традыцыі.
7 Крывадушнікі! Ісая добра прарочыў пра вас, кажучы:
8

“Народ гэты шануе Мяне вуснамі,
а сэрца іхняе далёка ад Мяне.

9

Але дарэмна ўшаноўваюць Мяне,
навучаючы людскім запаведзям”».

Што робіць чалавека нячыстым?

10 І, паклікаўшы людзей, сказаў ім: «Слухайце і разумейце.
11 Не тое, што ўваходзіць у вусны, робіць чалавека нячыстым, але тое, што выходзіць з вуснаў, робіць чалавека нячыстым!»
12 Тады вучні падышлі і сказалі Яму: «Ці ведаеш, што фарысеі, пачуўшы гэтае слова, абурыліся?»
13 А Ён сказаў у адказ: «Усялякая расліна, якую не пасадзіў Айцец Мой Нябесны, будзе вырвана з каранямі.
14 Пакіньце іх, яны — сляпыя павадыры сляпых. Калі сляпы вядзе сляпога, то абодва ўпадуць у яму».
15 Тады Пётр, адазваўшыся, папрасіў Яго: «Растлумач нам гэтую прыпавесць».
16 І Ён сказаў: «Вы і далей не разумееце?
17 Ці не разумееце, што ўсё, што ўваходзіць у вусны, трапляе ў жывот і выдаляецца вонкі?
18 Але тое, што выходзіць з вуснаў, паходзіць з сэрца, і гэта робіць нячыстым чалавека.
19 Бо з сэрца выходзяць ліхія думкі, забойствы, чужалоства, распуста, крадзеж, фальшывыя сведчанні, блюзнерствы.
20 Гэта і ёсць тое, што робіць нячыстым чалавека. А есці нямытымі рукамі — не апаганьвае чалавека».
Вера канаанкі

21 Выйшаўшы адтуль, Езус накіраваўся ў землі Тыра і Сідона.
22 І вось, жанчына канаанская, выйшаўшы з тых ваколіц, крычала Яму: «Змілуйся нада мною, Пане, Сыне Давіда! Цяжка апанаваная злым духам дачка мая».
23 Але Ён не адказаў ёй ні слова.
Вучні Яго, падышоўшы, прасілі Яго: «Адпусці яе, бо яна крычыць услед за намі».
24 Ён жа адказаў: «Я пасланы толькі да загінуўшых авечак з дому Ізраэля».
25 Яна ж, падышоўшы, пакланілася Яму і сказала: «Пане, памажы мне!»
26 Ён жа сказаў у адказ: «Нядобра забраць хлеб у дзяцей і кінуць шчанятам».
27 Яна адказала: «Так, Пане! Але і шчаняты ядуць крошкі, якія падаюць са стала гаспадароў іхніх».
28 Тады Езус сказаў ёй у адказ: «О жанчына, вялікая вера твая! Няхай станецца табе, як жадаеш». І з гэтага моманту дачка яе стала здаровай.
Шматлікія аздараўленні хворых

29 Адышоўшы адтуль, Езус прыйшоў да Галілейскага мора і, узышоўшы на гару, там сеў.
30 І прыйшло да Яго мноства людзей, сярод якіх былі кульгавыя, сляпыя, калекі, нямыя і шмат іншых; клалі іх да ног Езуса, і Ён вылечваў іх.
31 Натоўп жа здзіўляўся, бачачы, што нямыя гавораць, калекі выздараўліваюць, кульгавыя ходзяць і сляпыя бачаць, і праслаўляў Бога Ізраэля.
Другое размнажэнне хлеба

32 Езус, паклікаўшы вучняў сваіх, сказаў ім: «Шкада Мне людзей, бо ўжо тры дні яны знаходзяцца са Мною і не маюць чаго есці; не хачу адпусціць іх галоднымі, каб не аслаблі ў дарозе».
33 Вучні сказалі Яму: «Адкуль нам у пустыні ўзяць столькі хлеба, каб накарміць такі вялікі натоўп?»
34 А Езус сказаў ім: «Колькі ў вас хлябоў?» Яны адказалі: «Сем і некалькі рыбінак».
35 І, загадаўшы людзям сесці на зямлю,
36 узяў сем хлябоў і рыбы і, узнёсшы падзяку, паламаў, і даў вучням, а вучні — людзям.
37 І елі ўсе, і насыціліся, і набралі кавалкаў, што засталіся, сем поўных кашоў.
38 А тых, хто еў, было, калі не лічыць жанчын і дзяцей, чатыры тысячы чалавек.
39 Пасля, адпусціўшы народ, Ён сеў у човен і паплыў у межы Магдаліі.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Евангелле паводле святога Мацвея, 15 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Публікуецца з дазволу праваўладальніка:
Канферэнцыя Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі.
© 2017, 2019