Біблія » Пераклады » Пераклад Рыма-Каталіцкага Касцёла

Мацвея 7 Паводле Мацвея 7 разьдзел

Не судзіце

1 Не судзіце, каб вас не судзілі.
2 Бо якім судом вы судзіце, такім і вас асудзяць, і якой мераю мераеце, такой і вам будзе адмерана.
3 Чаму бачыш шчэпку ў воку брата свайго, а бервяна ў сваім воку не заўважаеш?
4 Або, як скажаш брату свайму: “Дазволь мне выняць шчэпку з вока твайго”, калі ў тваім воку бервяно?
5 Крывадушнік, спачатку вымі бервяно са свайго вока і тады ўбачыш, як выняць шчэпку з вока твайго брата.
Не зневажайце святое

6 Не давайце сабакам таго, што святое, і не кідайце пярлінаў вашых перад свіннямі, каб яны не патапталі іх сваімі нагамі ды, вярнуўшыся, не разарвалі вас.
Прасіце, і будзе дадзена

7 Прасіце, і будзе дадзена вам; шукайце, і знойдзеце; стукайце, і адчыняць вам.
8 Бо кожны, хто просіць, атрымлівае; і хто шукае, знаходзіць; і хто стукае, таму будзе адчынена.
9 Ці ёсць сярод вас чалавек, які, калі сын ягоны папросіць у яго хлеба, дасць яму камень?
10 Або калі папросіць у яго рыбы, дасць яму змяю?
11 Калі ж вы, будучы ліхімі, ведаеце, як даваць дзецям вашым добрыя дары, тым больш Айцец ваш, які ў нябёсах, дасць добрае тым, хто просіць у Яго.
Залатое правіла

12 Усё, што хочаце, каб рабілі вам людзі, і вы ім рабіце, бо ў гэтым Закон і Прарокі.
Вузкая брама

13 Уваходзьце праз вузкую браму, бо шырокая брама і прасторная дарога вядуць да згубы, і многія ўваходзяць праз яе!
14 А вузкая брама і вузкая дарога вядуць у жыццё, але нямногія знаходзяць яе.
Фальшывыя прарокі

15 Асцерагайцеся фальшывых прарокаў, якія прыходзяць да вас у авечай вопратцы, а ў сярэдзіне — ваўкі драпежныя.
16 Па іхніх пладах пазнаеце іх. Ці збіраюць з цярноўніку вінаград або з асоту смоквы?
17 Так кожнае добрае дрэва родзіць добрыя плады, а дрэннае дрэва родзіць дрэнныя плады.
18 Не можа добрае дрэва радзіць дрэнныя плады, а дрэва дрэннае радзіць добрыя плады.
19 Кожнае дрэва, якое не родзіць добрага плоду, ссякаюць і кідаюць у агонь.
20 Таму па пладах іхніх пазнаеце іх.
21 Не кожны, хто кажа Мне: “Пане, Пане”, увойдзе ў Нябеснае Валадарства, але той, хто выконвае волю Айца Майго, які ў нябёсах.
22 Многія скажуць Мне ў той дзень: “Пане, Пане, ці не ад Твайго імя мы прарочылі, і ці не Тваім імем выганялі злых духаў, і ці не Тваім імем многія цуды чынілі?”
23 І тады скажу ім: “Я ніколі не ведаў вас, адыдзіце ад Мяне вы, што чыніце беззаконне”.
Будаванне на скале

24 Таму кожны, хто слухае гэтыя словы Мае і выконвае іх, будзе падобны да чалавека разумнага, які пабудаваў свой дом на скале.
25 Пайшоў дождж, разліліся рэкі, падзьмулі вятры і ўдарылі ў дом той, а ён не ўпаў, бо пастаўлены быў на скале.
26 Кожны, хто слухае гэтыя словы Мае і не выконвае іх, будзе падобны да неразумнага чалавека, які пабудаваў свой дом на пяску.
27 Пайшоў дождж, разліліся рэкі, падзьмулі вятры і ўдарылі ў дом той; і ён упаў, і падзенне яго было вялікае».
Здзіўленне людзей

28 Калі Езус скончыў гаварыць, здзіўляліся людзі вучэнню Ягонаму,
29 бо Ён вучыў іх як той, хто мае ўладу, а не як кніжнікі.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Евангелле паводле святога Мацвея, 7 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Публікуецца з дазволу праваўладальніка:
Канферэнцыя Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі.
© 2017, 2019