Біблія » Пераклады » Пераклад Рыма-Каталіцкага Касцёла

Мацвея 17 Паводле Мацвея 17 разьдзел

Перамяненне Езуса

1 Праз шэсць дзён узяў Езус Пятра, Якуба і Яна, брата ягонага, і павёў іх адных на высокую гару,
2 і перамяніўся перад імі. Аблічча Ягонае заззяла, як сонца, і адзенне Ягонае стала белае, як святло.
3 І вось, з’явіліся ім Майсей і Ілля, і размаўлялі з Ім.
4 Адазваўшыся, Пётр сказаў Езусу: «Пане, добра нам тут быць. Калі хочаш, я зраблю тут тры шатры: Табе адзін, Майсею адзін і адзін Іллі».
5 Калі ён яшчэ казаў, светлае воблака агарнула іх, а голас з воблака сказаў: «Гэта Сын Мой умілаваны, якога Я ўпадабаў. Яго слухайце».
6 Пачуўшы гэта, вучні ўпалі ніцма і вельмі спалохаліся.
7 А Езус падышоў, дакрануўся да іх і сказаў: «Устаньце і не бойцеся».
8 Узняўшы вочы, яны нікога не ўбачылі, акрамя аднаго Езуса.
Пытанне аб прыйсці Іллі

9 Калі сыходзілі з гары, Езус загадаў ім, кажучы: «Нікому не кажыце пра бачанне, пакуль Сын Чалавечы не ўваскрэсне».
10 Вучні ж спыталіся ў Яго: «Чаму кніжнікі кажуць, што Ілля мае прыйсці першым?»
11 Ён адказаў ім: «Ілля сапраўды прыйдзе і адновіць усё.
12 Але кажу вам, што Ілля ўжо прыйшоў, і не пазналі яго, а зрабілі з ім, што хацелі. Так і Сын Чалавечы будзе цярпець ад іх».
13 Тады зразумелі вучні, што Ён казаў ім пра Яна Хрысціцеля.
Аздараўленне эпілептыка

14 Калі прыйшлі да натоўпу, падышоў да Езуса нейкі чалавек і, упаўшы перад Ім на калені,
15 сказаў: «Пане, змілуйся над маім сынам; ён эпілептык і цяжка пакутуе, бо часта падае ў агонь і часта — у ваду.
16 Я прыводзіў яго да тваіх вучняў, але яны не маглі вылечыць яго».
17 Адказваючы, Езус сказаў: «О пакаленне нявернае і распуснае, дакуль буду з вамі? Дакуль буду цярпець вас? Прынясіце яго да Мяне».
18 І загадаў яму Езус, і выйшаў з яго злы дух, і ад гэтай гадзіны хлопец стаў здаровым.
19 Тады асобна падышлі да Езуса вучні і сказалі: «Чаму нам не ўдалося выгнаць яго?»
20 А Ён сказаў ім: «З прычыны малой веры вашай. Сапраўды кажу вам: калі ў вас будзе вера з гарчычнае зерне і вы скажаце гэтай гары: “Перасунься адсюль сюды!”, яна перасунецца. І для вас не будзе нічога немагчымага».
21 [отсутсвует]
Другое прадказанне мукі і ўваскрасення

22 Калі яны знаходзіліся ў Галілеі, Ён сказаў ім: «Сын Чалавечы павінен быць выдадзены ў рукі людзей,
23 і заб’юць Яго, і на трэці дзень Ён уваскрэсне». Тады яны вельмі засмуціліся.
Падатак на святыню

24 Калі ж яны прыбылі ў Кафарнаум, збіральнікі дыдрахмаў падышлі да Пятра і сказалі: «Ці ваш Настаўнік не дасць дыдрахмаў?»
25 Той адказаў: «Так». І калі ён увайшоў у дом, Езус апярэдзіў яго і сказаў: «Як табе здаецца, Сымоне? З каго бяруць мыта або падатак зямныя каралі? Са сваіх сыноў ці з чужых?»
26 А калі ён адказаў: «З чужых», Езус сказаў яму: «Значыць, сыны свабодныя.
27 Але каб нам не спакусіць іх, ідзі на мора, закінь вуду і вазьмі першую рыбіну, якую зловіш; калі адкрыеш ёй рот, знойдзеш статэр. Вазьмі і аддай яго за Мяне і за сябе».
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Евангелле паводле святога Мацвея, 17 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Публікуецца з дазволу праваўладальніка:
Канферэнцыя Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі.
© 2017, 2019