1 І праз шэсць дзён Ісус бярэ Пятра, Іякава і Іаана, яго брата, і ўзводзіць іх асобна на высокую гару.
2 І перамяніўся перад імі, і заззяла Яго аблічча, як сонца, а Яго вопратка зрабілася белаю, як святло.
3 І вось, з’явіліся ім Маісей і Ілія, якія размаўлялі з Ім.
4 І Пётр, азваўшыся, сказаў Ісусу: Госпадзе, добра нам тут быць; калі хочаш, зраблю53 тут тры палаткі, Табе адну, Маісею адну і Іліі адну.
5 Пакуль ён яшчэ казаў, вось, яснае воблака зацяніла іх, і вось, голас з воблака кажа: Гэта Мой Сын Улюбёны, у Якім Маё задавальненне; слухайце Яго!
6 І, пачуўшы, вучні ўпалі на свае твары і моцна спалохаліся.
7 І Ісус падышоў і, дакрануўшыся да іх, сказаў: Устаньце і не бойцеся.
8 А яны, узняўшы вочы свае, нікога не ўбачылі, толькі аднаго [Самога] Ісуса.
9 І, калі яны спускаліся з гары, Ісус загадаў ім, кажучы: Нікому не расказвайце пра гэтае з’явенне, пакуль Сын Чалавечы не будзе ўваскрэшаны з мёртвых.
10 І [Яго] вучні спыталіся ў Яго, кажучы: Дык чаму кніжнікі кажуць, што спярша Ілія павінен прыйсці?
11 А Ён сказаў [ім] у адказ: Ілія сапраўды прыйдзе [спярша] і адновіць усё.
12 Але кажу вам, што Ілія прыйшоў, ужо, ды яго не пазналі, а ўчынілі з ім, што захацелі; так і Сыну Чалавечаму трэба будзе пакутаваць ад іх.
13 Тады вучні зразумелі, што Ён сказаў ім пра Іаана Хрысціцеля.
14 І калі яны прыйшлі да натоўпу, падышоў да Яго чалавек, упаў перад Ім на калені
15 і сказаў: Госпадзе, злітуйся над маім сынам, бо ў яго падучка54 і ён цяжка мучыцца; бо часта падае ў агонь і часта ў ваду.
16 І я прывёў яго да Тваіх вучняў, але яны не маглі яго вылечыць.
17 Ісус жа сказаў у адказ: О пакаленне бязвернае і разбэшчанае! Дакуль буду з вамі? Дакуль буду вас цярпець? Вядзіце Мне яго сюды.
18 І забараніў яму Ісус, і выйшаў з яго дэман, і з гэтай гадзіны выздаравеў хлопец.
19 Тады, падышоўшы да Ісуса на адзіноце, вучні сказалі: Чаму мы не змаглі выгнаць яго?
20 Ён жа кажа ім: З-за вашага малавер’я55; бо праўду кажу вам: калі вы будзеце мець веру з гарчычнае зерне і скажаце гэтай гары: «Перайдзі адсюль туды», і яна пяройдзе, і не будзе нічога немажліва для вас.
21 [Гэты ж род выганяецца толькі малітваю і постам]56.
22 А калі яны збіраліся ў Галілеі, Ісус сказаў ім: Сын Чалавечы будзе выдадзены ў рукі людзей,
23 і заб’юць Яго, але на трэці дзень Ён будзе ўваскрэшаны. — І яны моцна засмуціліся.
24 І калі яны прыйшлі ў Капернаум, падышлі да Пятра зборшчыкі дыдрахмаў57 і сказалі: Ці ж ваш Настаўнік не плаціць дыдрахмы?
25 Ён кажа: Так, плаціць. — І калі ён увайшоў у дом, Ісус апярэдзіў яго, кажучы: Як табе здаецца, Сімане? Зямныя цары з каго бяруць мыта ці падатак? Ці са сваіх сыноў, ці з чужых?
26 І калі той адказаў58: «З чужых», Ісус сказаў яму: Значыць, сыны вольныя.
27 Але, каб не спакусіць іх, пайдзі да мора, закінь вуду і першую рыбу, якая выцягнецца, вазьмі, і, адкрыўшы рот ёй, знойдзеш стацір59; узяўшы, дай яго ім за Мяне і сябе.
Каментары ці зноскі:
4 53: У некат. рукап.: давайце зробім.
15 54: Літаральна: ён лунацік.
20 55: У некат. рукап.: нявер’я.
21 56: У большасці старажытных аўтарытэтных крыніцах гэтага верша няма.
24 57: Зборшчыкі храмавага падатку.
26 58: У некат. рукап.: Пётр кажа Яму.
27 59: Чатыры драхмы.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце:
Ctrl + Enter
Евангелле паводле Матфея, 17 разьдзел
Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.
Публікуецца з дазволу праваўладальніка.
© 2014