Біблія » Пераклады » Пераклад Анатоля Клышкi

Матфея 23 Матфея 23 разьдзел

1 Тады Ісус прамовіў да натоўпаў і Сваіх вучняў,
2 кажучы: на Маісеевым пасадзе селі кніжнікі і фарысеі.
3 Дык усё, што яны скажуць вам [рабіць], рабіце і захоўвайце, але паводле ўчынкаў іх не рабіце; бо яны гавораць, ды не робяць.
4 Звязваюць жа яны цяжары важкія [і нязручныя] і ўскладаюць на плечы людзей, а самі і пальцам не хочуць іх зрушыць.
5 І ўсе свае ўчынкі робяць дзеля таго, каб іх бачылі людзі; бо свае філактэрыі69 пашыраюць і павялічваюць кутасы [на сваім адзенні]
6 і любяць першыя месцы на банкетах і пярэднія лавы ў сінагогах,
7 і каб іх віталі на рыначных плошчах, і каб людзі называлі іх «равві»70.
8 А вы не называйцеся «равві», бо адзін у вас Настаўнік, [Хрыстос], вы ж усе — браты.
9 І сваім бацькам71 не называйце нікога на зямлі, бо адзін у вас Бацька Нябесны72.
10 І няхай не называюць вас настаўнікамі, бо Настаўнік у вас адзін — Хрыстос.
11 І большы з вас няхай будзе вашым слугою.
12 Хто ж ўзвысіць сябе, будзе прыніжаны; а хто прынізіць сябе, будзе ўзвышаны.
13 Бяда ж вам, кніжнікі і фарысеі, крывадушнікі, таму што зачыняеце Царства Нябёсаў перад людзьмі: бо вы самі не ўваходзіце, і тых, што ўваходзяць, не пускаеце ўвайсці.
14 [Бяда вам, кніжнікі і фарысеі, крывадушнікі, таму што паядаеце ўдовіны дамы і напаказ доўга моліцеся; за тое прымеце большы прысуду]73.
15 Бяда вам, кніжнікі і фарысеі, крывадушнікі, таму што абыходзіце мора і сушу, каб прыдбаць аднаго празеліта74, і калі гэта здарыцца, вы робіце яго сынам геены, двойчы горшым за вас.
16 Бяда вам, павадыры сляпыя, што кажаце: «Калі хто паклянецца храмам, то нічога; хто ж паклянецца золатам храма, той вінаваты».
17 Неразумныя і сляпыя, бо што большае: ці золата, ці храм, які асвячае золата?
18 І: «Калі хто паклянецца ахвярнікам, то нічога; а хто паклянецца дарам, што на ім, то вінаваты».
19 [Неразумныя і] сляпыя, бо што большае: дар ці ахвярнік, які асвячае дар?
20 Дык хто клянецца ахвярнікам, клянецца ім і ўсім, што на ім;
21 і хто клянецца храмам, клянецца ім і Тым, Хто ў ім жыве;
22 і хто клянецца небам, клянецца тронам Божым і Тым, Хто сядзіць на ім.
23 Бяда вам, кніжнікі і фарысеі, крывадушнікі, таму што вы даяце дзесяціну з мяты, анісу і кмену, але ўпусцілі больш важкае ў законе: суд, міласэрнасць і веру75; трэба было гэта рабіць і таго не ўпускаць.
24 Сляпыя павадыры, што адцэджваеце камара, а вярблюда праглынаеце!
25 Бяда вам, кніжнікі і фарысеі, крывадушнікі, таму што вы ачышчаеце чашы і місы звонку, а ўсярэдзіне яны поўныя грабежніцтва і неўстрымання76.
26 Сляпы фарысей, ачысьці спярша ўсярэдзіне чашы [і місы], каб яны зрабіліся і звонку чыстыя.
27 Бяда вам, кніжнікі і фарысеі, крывадушнікі, таму што вы прыпадабняецеся да пабеленых77 магільняў, якія звонку здаюцца прыгожымі, а ўсярэдзіне поўняцца касцямі мёртвых і ўсялякім брудам.
28 Так і вы з выгляду здаяцеся людзям праведнікамі, а ўсярэдзіне поўныя крывадушнасці і беззаконня.
29 Бяда вам, кніжнікі і фарысеі, крывадушнікі, таму што вы будуеце магільні прарокам і ўпрыгожваеце помнікі праведнікам,
30 і кажаце: «Калі б мы былі ў дні нашых бацькоў, мы не былі б іх саўдзельнікамі ў крыві прарокаў».
31 Так што вы самі сведчыце супроць сябе, што вы сыны тых, якія забілі прарокаў.
32 І вы дапаўняйце меру вашых бацькоў.
33 Змеі, гадзючыя выпадкі! Як вы ўцечаце ад асуджэння ў геену?
34 Таму, вось, Я пасылаю да вас прарокаў, мудрацоў і кніжнікаў; [і] некаторых з іх вы заб’яце і ўкрыжуеце, некаторых будзеце бічаваць у вашых сінагогах і гнаць з горада ў горад;
35 каб прыйшла на вас уся праведная кроў, пралітая на зямлі — ад крыві праведнага Авеля да крыві Захарыі, сына Варахіевага, якога вы забілі між храмам і ахвярнікам.
36 Сапраўды кажу вам, усё гэта прыйдзе на гэтае пакаленне.
37 Іерусаліме, Іерусаліме, які забіваеш прарокаў і камянуеш пасланых да цябе, — колькі разоў Я хацеў сабраць тваіх дзяцей, як птушка збірае пад крылы сваіх птушанят, ды вы не захацелі!
38 Вось, пакідаецца вам ваш дом пустым.
39 Бо кажу вам: З гэтага часу ні ў якім разе не ўбачыце Мяне, пакуль не скажаце: «Дабраславёны Той, Хто прыходзіць у імя Гасподняе!»

Каментары ці зноскі:

5 69: Павязкі на лобе і на руках са словамі з закона.
7 70: Паважлівы зварот, які абазначае Настаўнік.
9 71: Г. зн. Авва, іншы ганаровы тытул.
9 72: У некат. рукап.: Які ў нябёсах.
14 73: У найбольш ранніх рукапісах гэтага верша няма.
15 74: Празеліт — язычнік, які перайшоў у іудзейства.
23 75: Або: вернасць.
25 76: Або: няправеднасці.
27 77: У Палесціне магільнямі пераважна служылі пячоры, якія і маляваліся ў белы колер, каб не адбылося апаганьвання пры дакрананні да іх.

Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Евангелле паводле Матфея, 23 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Публікуецца з дазволу праваўладальніка.
© 2014