Біблія » Пераклады » Пераклад Анатоля Клышкi

Матфея 19 Матфея 19 разьдзел

1 І сталася: калі Ісус закончыў гэтыя словы, Ён выйшаў з Галілеі і прыйшоў у межы Іудзейскія за Іярдан.
2 І ўслед за Ім пайшлі вялікія натоўпы, і Ён вылечыў іх там.
3 І падышлі да Яго фарысеі, выпрабоўваючы Яго і кажучы [Яму]: Ці дазваляецца чалавеку адпусціць сваю жонку з усялякай прычыны?
4 Ён сказаў [ім] у адказ: Ці не чыталі вы, што Творца стварыў як мужчыну і жанчыну?
5 І сказаў: «Таму пакіне чалавек бацьку і маці і прылепіцца да свае жонкі, і будуць яны абое адным целам?»
6 Так што яны ўжо не двое, а адно цела. Дык тое, што Бог злучыў, няхай чалавек не разлучае.
7 Яны кажуць Яму: Чаму ж Маісей запаведаў даваць разводны ліст і адпускаць [яе]?
8 Ён кажа ім: Маісей з-за жорсткасці вашага сэрца дазволіў вам адпускаць вашых жонак, ад пачатку ж не было так.
9 А Я кажу вам: хто адпусціць сваю жонку не з-за распусты і ажэніцца з іншаю, чужаложыць. Хто ажэніцца з другою63, чужаложыць.
10 Кажуць Яму вучні [Яго]: Калі такія адносіны ў чалавека з жонкаю, то лепей не жаніцца.
11 Ён жа сказаў ім: Не ўсе прымаюць [гэтае] слова, а каму дадзена.
12 Бо ёсць еўнухі, якія з матчынага ўлоння такімі нарадзіліся; і ёсць еўнухі, якіх людзі зрабілі такімі; і ёсць еўнухі, якія самі сябе зрабілі такімі дзеля Царства Нябёсаў. Хто можа прыняць, няхай прыме.
13 Тады прывялі да Яго дзяцей, каб Ён усклаў на іх рукі і памаліўся; але вучні забаранілі ім.
14 Ісус жа сказаў: Пусціце дзяцей і не перашкаджайце ім прыходзіць да Мяне; бо такіх ёсць Царства Нябёсаў.
15 І, усклаўшы на іх рукі, пайшоў адтуль.
16 І вось адзін, падышоўшы да Яго, сказаў: Настаўніку [добры], што зрабіць мне добрага, каб мець жыццё вечнае?
17 Ён жа сказаў яму: Чаму ты пытаешся ў мяне пра добрае? Адзін толькі ёсць Добры64. Калі ж ты хочаш увайсці ў жыццё, выконвай запаведзі.
18 Той кажа Яму: Якія? — Ісус жа сказаў: «Не забівай, не чужалож, не крадзі, не сведчы лжыва,
19 шануй бацьку і маці; і: любі свайго блізкага, як самога сябе».
20 Юнак кажа Яму: Усё гэта я выконваю [са сваёй маладосці]; чаго яшчэ нестае?
21 Ісус сказаў яму: Калі хочаш быць дасканалым, ідзі, прадай сваю маёмасць і аддай убогім; і будзеш мець скарб у нябёсах, і прыходзь, ідзі ўслед за Мною.
22 Але юнак, пачуўшы [гэтае слова], адышоў засмучаны: бо ў яго была вялікая маёмасць.
23 Ісус жа сказаў Сваім вучням: Сапраўды кажу вам: Багатаму цяжка будзе ўвайсці ў Царства Нябёсаў.
24 Зноў жа кажу вам: лягчэй вярблюду прайсці праз ігольнае вушка, чым багатаму ўвайсці ў Царства Божае.
25 Вучні ж, пачуўшы, моцна ўразіліся, кажучы: Тады хто можа ўратавацца?
26 А Ісус, паглядзеўшы, сказаў ім: Людзям гэта немагчыма, а Богу ўсё магчыма.
27 Тады Пётр сказаў Яму ў адказ: Вось, мы пакінулі ўсё і пайшлі ўслед за Табою; што тады будзе нам?
28 Ісус жа сказаў ім: Сапраўды кажу вам, што вы, хто пайшоў ўслед за Мною, пры новым нараджэнні, калі Сын Чалавечы сядзе на троне Сваёй славы, сядзеце і вы на дванаццаці тронах і будзеце судзіць дванаццаць плямён Ізраілевых.
29 І кожны, хто пакінуў дамы, ці братоў, ці сясцёр, ці бацьку, ці маці, [ці жонку], ці дзяцей, ці палі дзеля Майго імя, атрымае ў сто разоў больш і ў спадчыну вечнае жыццё.
30 Многія ж першыя будуць апошнімі, і апошнія — першымі.

Каментары ці зноскі:

9 63: У некат. рукап.: з адпушчанаю.
17 64: У некат. рукап.: Што ты Мяне называеш добрым? Ніхто не добры, як толькі адзін Бог.

Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Евангелле паводле Матфея, 19 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Публікуецца з дазволу праваўладальніка.
© 2014