Біблія » Пераклады » Пераклад В. Гадлеўскага

Матэуша 19 Паводле Матэуша 19 разьдзел

1 І сталася, калі Езус скончыў гэтыя мовы, выйшаў з Галілеі і прыйшоў у граніцы Юдэі па той бок Ярдану
2 І пайшлі за ім вялікія грамады і ён іх аздаравіў там.
3 І прыступілі да яго фарызэі і прабуючы яго, сказалі: Ці можна чалавеку дзеля якой-колечы прычыны пакінуць сваю жонку?
4 Ён, адказваючы, сказаў ім: Ці вы ня чыталі, што Той, каторы стварыў чалавека на пачатку, стварыў іх мужчынай і жанчынай? І сказаў:
5 «Дзеля гэтага пакіне чалавек бацьку і матку і прыстане да жонкі сваей і будуць двое ў вадным целе» (Гэн. 2:24).
6 І так яны ўжо ня двое, але адно цела. Дык што Бог злучыў, няхай чалавек не разлучае.
7 Кажуць яму: Дыу чаму-ж Майсей загадаў даць разводны ліст і пакінуць?
8 Сказаў ім: Бо Майсей дзеля закамянеласьці сэрца вашага пазволіў вам кідаць вашыя жанкі, але ад пачатку ня было гэтак.
9 А я вам кажу, што хто-б пакінуў сваю жонку, акрамя дзеля чужалоства, і ўзяў другую, чужаложыць; і хто-б узяў пакіненую, чужаложыць.
10 Кажуць яму вучні ягоны: Калі так стаіць справа чалавека з жонкай, ня варта жаніцца.
11 Ён сказаў ім: Ня ўсе разумеюць гэтае слова, але каму дадзена.
12 Бо ёсьць еўнухі, каторыя нрадзіліся такімі з лона маткі, і ёсьць еўнухі, каторых людзі гэтак зрабілі еўнухамі дзеля каралеўства нябеснага. Хто можа паняць, няхай пайме.
13 Тады прыняслі да яго дзетак, каб узлажыў на іх рукі і памаліўся, а вучні сварыліся на іх.
14 Але Езус сказаў ім: Пусцеце дзетак і не перашкаджайце ім прыходзіць да мяне, бо гэтакіх ёсьць каралеўства нябеснае.
15 І калі ўзлажыў на іх рукі, адыйшоў адтуль.
16 І вось адзін, прыступіўшы, сказаў яму: Вучыцель добры! Што я маю чыніць добрага, каб мець жыцьцё вечнае?
17 Ён-жа сказаў яму: Чаму ты пытаеш мяне аб добрым? Адзін ёсьць добры, Бог. Калі-ж хочаш увайсьці ў жыцьцё, захавай прыказаньні.
18 Сказаў яму: Якія? А Езус сказаў: Не забівай, не чужалож, ня сьведч фальшыва,
19 паважай бацьку твайго і матку тваю, і любі бліжняга свайго, як самога сябе.
20 Кажа яму дзяцюк: Усяго гэтага я пільнаваўся ад моладасьці маей, чаго мне яшчэ не стае?
21 Сказаў яму Езус: Калі хочаш быць дасканальным, ідзі, прадай, што маеш і дай убогім, і будзеш мець скарб у небе; і прыходзь і ідзі за мною.
22 Калі-ж пачуў дзяцюк слова, адыйшоў сумны, бо меў ён вялікія маемасьці.
23 А Езус сказаў сваім вучням: Сапраўды кажу вам, што багатаму трудна ўвайсьці ў каралеўства нябеснае.
24 І яшчэ кажу вам: Лягчэй вярблюду прайсьці праз вуха ігольнае, чымся багатаму ўвайсьці ў каралеўства нябеснае.
25 Пачуўшы-ж гэтае, вучні многа дзівіліся, кажучы: Дык хто можа быць збаўлены?
26 А Езус, спаглянуўшы, сказаў ім: У людзей гэта немагчыма, але ў Бога ўсё магчыма.
27 Тады Пётр, адазваўшыся, сказаў яму: Вось мы пакінулі ўсё і пайшлі за табою, што-ж будзе нам?
28 А Езус сказаў ім: Сапраўды кажу вам, што вы, каторыя пайшлі за мною, у адраджэньні, калі Сын чалавечы засядзе на троне сваей славы, і вы будзеце сядзець на дванаццаці тронах, судзячы дванаццаць пакаленьняў Ізраіля.
29 І кожны, хто-б пакінуў дом, або братоў, або сёстраў, або бацьку, або матку, або жонку, або дзяцей, або поле дзеля імені майго, устораз атрымае і здабудзе жыцьцё вечнае.
30 Многія-ж першыя будуць апошнімі, а апошнія першымі.

Каментары ці зноскі:

3 У жыдоў тады была вялікая свабода ў справе разводаў. Фарызэі падымаюць гэту справу перад Езусам, прабуючы яго.

5 Іншымі славамі: як ня можна разьдзяляць аднаго цела на часьці, так ня можна развадзіць мужа з жонкай.

6 Значыць, неразрыўнасьць жанімства паходзіць з волі Божай.

7 Стары Закон пазваляў даваць развод у выпадку чужалоства, загадваючы пры гэтым даваць разводны ліст. Хрыстус зносіць гэтае права і вяртае жанімству яго неразрыўнасьць, так як гэта было на пачатку існаваньня роду людзкога.

Дзеля гэтага Касьцёл Каталіцкі стаіць цьвёрда на грунце неразрыўнасьці сакрамэнту жанімства, а калі дазваляе ў некаторых выпадках дык толькі на разлуку (сэпарацыю), падчас каторай муж і жонка жывуць аддзельна, але ня маюць права ўступаць у новую жанімскую сувязь, пакуль адно з іх жыве.

12 Да бязжэнства ня кожны здольны: адны няздольны, бо такімі ўжо нарадзіліся (калекімі на целе або на душы), другія прымушаны людзьмі — моральна ці фізычна — жыць бязжэннымі, а іншыя самі забавязаліся жыць у стане бязжэнным.

13 Вучні сварыліся на тых, што прыносілі дзяцей, каб лішне не ўтруджалі Езуса.

17 Бог ёсьць крыніцай усякага дабра і дзеля гэтага да Яго трэба адносіць усякае дабро, якое існуе на сьвеце.

24 Здаецца, што гэта ёсьць старадаўная жыдоўская прыказка, якою адзначалі рэч немагчымую. Гэтую прыказку і Хрыстус тут падае. Бо як з папярэдняга і далейшага радка відаць, багаты можа збавіцца, але з трудом. Патрэба тут вялікай ласкі Божай, каторай павінны багатыя людзі прасіць у Бога.

30 Гэты сказ Хрыстус пашырыць і выясьніць у прыповесьці аб работніках у вінаградніку.


Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Сьвятая Эванэлія Езуса Хрыста паводле Матэуша, 19 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.