Біблія » Пераклады » Пераклад В. Гадлеўскага

Матэуша 17 Паводле Матэуша 17 разьдзел

1 А пасьля шасьці дзён узяў Езус Пятра, Якуба і Яна, ягонага брата і завёў іх аддзельна на высокую гару.
2 І перамяніўся перад імі: і заясьнеў воблік ягоны як сонца, а адзеньне ягонае зрабілася белае, як сьнег.
3 І вось зьявіліся ім Майсей і Гальяш, гаворачы з ім.
4 А Пётр, азваўшыся, сказаў да Езуса: Пане, добра нам тут быць, калі хочаш, зробім тут тры палаткі: табе адну, Майсею адну і Гальяшу адну.
5 Калі ён яшчэ гаварыў, вось воблак ясны ацяніў іх, і вось голас з воблаку, кажучы: «Гэты Сын мой мілы, у каторым мне да ўспадобы, яго слухайце».
6 А вучні, пачуўшы, упалі на твар свой і вельмі спалохаліся.
7 І прыступіў Езус і дакрануўся да іх і сказаў ім: Устаньце і ня бойцеся.
8 Яны-ж, падняшы вочы свае, нікога ня ўбачылі, апрача аднаго Езуса.
9 І калі яны зыходзілі з гары, загадаў ім Езус, кажучы: Нікому не кажэце аб відзеньні, пакуль Сын чалавечы ня ўстане з умерлых.
10 І спыталіся ў яго вучні, кажучы: Дык чаму ж кніжнікі гавораць, што перш павінен прыйсьці Гальяш?
11 Ён-жа, адказаўшы, сказаў ім: Гальяш-то прыйдзе і направіць усё.
12 Але я вам кажу, што Гальяш ужо прыйшоў і не пазналі яго, але зрабілі з ім, што хацелі. Так і Сын чалавечы будзе цярпець ад іх.
13 Тады зразумелі вучні, што гаварыў ім аб Яне Хрысьціцелю.
14 І калі прыйшоў да грамады, прыступіў да яго чалавек і ўпаўшы перад ім на калені, казаў:
15 Пане, зжалься над сынам маім, бо ён лунатык і цяжка мучаецца: бо часта падае ў вагонь і часта ў ваду.
16 І я прывёў яго да тваіх вучняў і не маглі яго аздаравіць.
17 Езус-жа адказаўшы, сказаў: О родзе няверны і сапсуты! Дакуль-жа я буду з вамі? Дакуль-жа я буду цярпець вас? Прывядзеце яго сюды да мяне.
18 І насварыўся на яго Езус і выйшаў з яго нячысты і аздаравеў хлапец ад тае гадзіны.
19 Тады прыступілі да Езуса вучні асобна і сказалі: Чаму мы не маглі яго выгнаць?
20 Сказаў ім Езус: Дзеля няверы вашае. Бо сапраўды кажу вам, калі вы будзеце мець веру, як гарчычнае зерне, скажаце гэтай гарэ: «Перайдзі адгэтуль туды», пяройдзе, і нічога для вас ня будзе немагчымага.
21 Бо гэты род не выганяецца інакш, як толькі малітваю і постам.
22 Калі-ж яны прабывалі ў Галілеі, сказаў ім Езус: Сын чалавечы мае быць выданы ў рукі людзей,
23 і заб’юць яго і на трэці дзень уваскрэсьне. І яны засмуціліся моцна.
24 І калі прыйшлі ў Капарнаум, падыйшлі да Пятра тыя, што бралі дыдрахмы і сказалі яму: Ці ваш вучыцель ня плаціць дыдрахмы?
25 Ён сказаў: Аякжа. І калі ўвайшоў у дом, Езус папярэдзіў яго, кажучы: Як табе здаецца, Сымоне? Каралі зямныя з каго бяруць даніну або падатак, з сваіх сыноў ці з чужых?
26 Ён-жа сказаў: з чужых. Сказаў яму Езус: Дык сыны вольныя.
27 Але каб нам іх ня згоршыць, ідзі на мора і закінь вуду і тую рыбу, якая пападзе першая, вазьмі і, адчыніўшы яе рот, знойдзеш статэра; узяшы яго, дай ім за мяне і за сябе.

Каментары ці зноскі:

1 Калі Езус адкрыў сваім апосталам, што трэба яму цярпець і ўмерці, дык хоча адагнаць ад іх усялякія сумнівы аб сваім бостве, дзеля гэтага Езус пераменьваецца, каб аказаць ім сваю хвалу.

3 Майсей зьявіўся як правадаўца Ст. Закону, а Гальяш — як прадстаўнік прарокаў. Сваей прысутнасьцяй яны далі пасьведчаньне, што Езус ёсьць мэтай Стар. Закону і ўсіх прароцтваў.

5 Воблак, так як і ў Ст. Законе, ёсьць знакам прысутнасьці Божай.

9 Бо пасьля такой хвалы некаторыя маглі-б згоршыцца, бачучы Езуса ў ганьбе на крыжы. (Гэтак сьв. Гіеранім і сьв. Е. Хрызостам).

13 Ян Хр. быў папярэднікам першага прыходу Езуса, а Гальяш мае папярэдзіць Езуса перад ягоным другім прыходам.

19 Хоць вера і невялікая, як гарчычнае зерне, але шчырая і моцная, мае вялікае значэньне ў жыцьці людзкім.

Слова «гара» часта азначала ў жыдоў усякую вялікую перашкоду.

20 Бо малітва лучыць нас з Богам, які ёсьць жаралом сілы і магутнасьці, а пост адрывае нашую душу ад спраў матар'яльных і памагае маліцца.

23 Кожны жыд павінен быў плаціць, пачынаючы ад 20-га году жыцьця, на сьвятыню падатак у суме ½ сыкля серабра ці інакш 2 драхмы (каля 2 зал.). Зьбіральнікі падатку, думаючы, што і Езус абавязаны даваць падатак, звярнуліся ў гэтай справе да Пятра.

25 Гэтым прыраўнаньнем да карлеўскіх сыноў Езус павучае Пятра, што Ён, як Сын Божы, ёсьць вольны ад падатку, бо і каралі зямныя не бяруць падатку ад сваіх сыноў.

26 Народ і зьбіральнікі падатку ня ведалі, што Езус ёсьць Сынам Божым і маглі-б згоршыцца, калі-б Езус адказаўся плаціць. Дзеля гэтага Езус загадывае заплпціць за сябе і за Пятра.

Статэр — гэта чатыры драхмы, значыць, хваціла якраз за двух.


Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Сьвятая Эванэлія Езуса Хрыста паводле Матэуша, 17 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.