1 Тады Езус быў заведзены Духам у пустыню, каб быў спакушваны д’яблам.
2 А калі прапасьціў сорак дзён і сорак ночаў, потым пачуў голад.
3 І прыступіўшы спакусьнік сказаў яму: Калі ты Сын Божы, скажы, каб гэтыя каменьні сталіся хлебам.
4 Ён, адказваючы, сказаў: Напісана ёсьць: «Не адным хлебам жыве чалавек, але кожным словам, якое выходзіць з вуснаў Божых» (Пт. Пр. 8:3).
5 Тады ўзяў яго д’ябал у сьвяты горад і паставіў яго на крыле сьвятыні
6 і сказаў яму: Калі ты Сын Божы, кінься ўніз; бо ёсьць напісана: «Што анёлам сваім загадаў аб табе і на руках панясуць цябе, каб часам ня ўдарыў аб камень нагі сваей» (Пс. 90:11-12).
7 Сказаў яму Езус: Такжа напісана ёсьць: «Не спакушай Пана Бога твайго» (Пт. Пр. 6:16).
8 Ізноў узяў яго д’ябал на гару вельмі высокую і паказаў яму ўсе каралеўствы сьвету і іх славу
9 і сказаў яму: Усё гэтае дам табе, калі ўпаўшы паклонісься мне.
10 Тады сказаў яму Езус: Адыйдзі шатане! Бо ёсьць напісана: «Пану Богу твайму кланяйся і яму аднаму служы» (Пт. Пр. 6:13).
11 Тады пакінуў яго д’ябал — і вось анёлы прыступілі і паслугавалі яму.
12 Калі-ж Езус пачуў, што Ян быў выданы, адыйшоў у Галілею
13 і, пакінуўшы места Назарэт, прыйшоў і асеў у Капарнауме прыморскім, у граніцах Забулон і Нэфталім,
14 каб споўнілася, што было сказана праз Ізаія прарока (9:1-2):
15 «Зямля Забулон і зямля Нэфталім, дарога прыморская за Ярданам, Галілея паганская і
16 Народ, каторы сядзеў у цемры, угледзеў сьвятло вялікае і тым, што сядзелі ў краіне ценю сьмерці, узыйшла яснасьць».
17 З таго часу пачаў Езус абвяшчаць і казаць: пакутуйце, бо прыблізілася каралеўства нябеснае.
18 А праходзячы каля мора Галілейскага, Езус убачыў двух братоў: Сымона, каторага завуць Пятром, і Андрэя, ягонага брата, закідаючых сеці ў мора, бо былі рыбакамі
19 і сказаў ім: Ідзеце за мной і я зраблю вас рыбакамі людзей.
20 І яны зараз-жа, пакінуўшы сеці, пайшлі за ім.
21 А ідучы адтуль далей, убачыў двух другіх братоў: Якуба Зэбэдэявага і Яна, брата ягонага, з Зэбэдэям іхным бацькам у лодцы правячых свае сеці, і паклікаў іх.
22 А яны зараз-жа, пакінуўшы сеці і бацьку, пайшлі за ім.
23 І абходзіў Езус усю Галілею, навучаючы ў іхных бажніцах і абвяшчаючы эванэлію каралеўства і аздараўляючы ўсякую хваробу і ўсякую немач у народзе.
24 І разыйшлася вестка аб ім па ўсей Сырыі і прыносілі да яго ўсіх нядужых, апанаваных рознымі хваробамі і болямі, і маючых нячыстых, і лунатыкаў, і спаралізаваных і аздаравіў іх.
25 І ішлі за ім вялікія грамады з Галілеі, і Дэкаполу, і з Ерузаліму, і з Юдэі, і з-за Ярдану.
Каментары ці зноскі:
1 Пустыня гэтая, паводле старадаўных пераказаў, ляжыць паміж Ерыхонам і Ерузалімам, дзе шмат ёсьць бязьлюдных горных верхавін.
Хрыстус быў заведзены туды Духам сьв., які быў зьявіўшыся ў часе хросту. Д'ябал прыступіў да Езуса ў выглядзе чалавечым.
Праз кушэньне ад д'ябла Хрыстус хацеў нас павучыць, як мы маем перамагаць пакусы, бо ніхто ня ёсьць вольны ад спакушэньня. Разам з гэтым Хрыстус паказаў, што ён вышэйшы за ўсе д'ябэльскія спакушэньні.
2 Хрыстус праз 40 дзён і 40 начэй, будучы ў захопленьні і малітве, не адчуваў голаду, потым аднак людзкая натура Хрыста захацела есьці, а як была аслабеўшы, дала аказію д'яблу да спакушаньня яе праз найчасьцейшыя пажаданьні людзкія: ежы, славы і ўлады.
3-4 Д'ябал хацеў даведацца, ці Езус ёсьць сапраўды Мэсыяш і Сын Божы. Да кушэньня д'ябал падходзіць умела: галоднаму спачатку гаворыць аб хлебе. — Але Езус адказвае яму, што чалавеку патрэбен да жыцьця ня толькі хлеб, але і слова Божае.
5 Сьвятым горадам тут называецца Еразулім.
6 Д'ябал спакушае Езуса славай перад людзьмі: калі ён скочыць з вярху сьвятыні і нічога яму ня станецца, то народ адразу можа прызнаць яго за Мэсыяша. Бо жыды прадстаўлялі Мэсыша як магутнага валадара, каторы прыйдзе проста з неба, несены на руках анёлаў. Аднак Хрыстус адкідае і гэту пакусу, каб не пацьвярджаць памылковага пагляду народу на Мэсыяша.
12 Завідлівыя фарызэі выдалі сьв. Яна ў рукі Гэрада Антыпы (сына Гэрада В., які забіваў дзеткі ў Бэтлееме). Гэрад Антыпа панаваў над Галілеяй і Пэрэяй.
14 У Назарэце Езуса не прынялі, а навет хацелі яму сьмерць зрабіць, дзеля гэтага Езус выбірае сябе на сялібу горад Капарнаум. У Капарнауме, як у большым горадзе, зыходзіліся дарогі з усяго краю і была лепшая магчымасьць пашыраць навуку аб валадарстве Божым.
15 У Галілеі жыло тады шмат паганаў г. зн. людзей, якія не належалі да Ізраільскага народу.
19 «Зраблю вас рыбакамі людзей» г. зн. будзеце лавіць (наварочваць) людзей да каралеўства Божага.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце:
Ctrl + Enter
Сьвятая Эванэлія Езуса Хрыста паводле Матэуша, 4 разьдзел
Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.