1 Тады Ісус быў заведзены Духам у пустэльню дзеля спакушэньня ад д’ябла.
2 І, прапасьціўшы сорак дзён і сорак ночаў, нарэшце згаладаўся.
3 І, падступіўшыся да Яго, спакусьнік сказаў: калі Ты Сын Бога, скажы, каб каменьні гэтыя зрабіліся хле́бамі.
4 Ён жа, адказаўшы, сказаў: напісана: ня хлебам адным жыць будзе чалавек, але ўсякім словам, выходзячым з Вуснаў Бога.
5 Потым бярэ Яго д’ябал у сьвятое места і стаўляе Яго на крыле Сьвятыні,
6 і кажа Яму: калі Ты Сын Бога, кінься ўніз, бо напісана: «Ангелам Сваім накажа пра Цябе, і на руках панясуць Цябе, каб (Ты) ня выцяўся аб камень Нагою Тваёю».
7 Ісус сказаў яму: зноў жа напісана: ня спакушай Госпада Бога твайго.
8 Ізноў бярэ Яго д’ябал на вельмі высокую гару і паказвае Яму ўсе валадарствы сьвету і славу іхнюю.
9 І кажа Яму: усё гэтае дам Табе, калі ўпаўшы паклонішся мне.
10 Тады кажа яму Ісус: адыйдзі шатан, бо напісана: Госпаду, Богу твайму пакланяйся і Яму аднаму служы.
11 Тады пакідае Яго д’ябал, — і вось, Ангелы прыступіліся і служылі Яму,
12 Дачуўшыся ж, што Яан у вязьніцы, Ісус адыйшоў у Галілею.
13 І, пакінуўшы Назарэт, прыйшоўшы асеў у Капэрнавуме прыморскім у межах Забулона і Нехталіма,
14 каб збылося ска́занае праз Прарока Гісаю, які кажа:
15 зямля Забулонава і зямля Нехталімава — дарога прыморская на тым баку Ярдану, Галілея паганская.
16 Народ, які сядзіць у цемры, убачыў сьвятло вялікае, і тым, хто сядзіць у краіне і ценю сьмерці, сьвятло зазьзяла ім.
17 З таго часу Ісус пачаў абвяшчаць і казаць: пакайцеся, бо наблізілася Валадарства Нябёсаў.
18 Праходзячы ж каля мора Галілейскага Ісус убачыў двух братоў, Сымона, якога завуць Пятром, і Андрэя, брата ягонага, якія закідваюць сеткі ў мора, бо яны былі рыбакі.
19 І кажа ім: ідзіце за Мною, і (Я) зраблю вас лаўцамі чалавекаў.
20 І яны адразу, пакінуўшы сеткі, пайшлі за Ім.
21 І адтуль прайшоўшы дале́й, убачыў (Ён) іншых двух братоў, Якуба Завядзеявага і Яана, брата ягонага, у чаўне з Завядзеям, бацькам іхным, праўлючых сеткі свае, і паклікаў іх.
22 І яны адразу, пакінуўшы човен і бацьку свайго, пайшлі за Ім.
23 І хадзіў Ісус па ўсёй Галілеі, навучаючы ў сынагогах іхных і абвяшчаючы Эвангельле Валадарства (Бога) ды аздараўляючы ад усякай хваробы і ўсякай немачы людзей.
24 І прайшла пра Яго чутка па ўсёй Сірыі, і прывялі да Яго ўсіх нямоглых, ахопленых рознымі хваробамі і пакутамі, і апанаваных дэманамі, і люнатыкаў, і спаралізаваных, і (Ён) аздаравіў іх.
25 І пайшлі за Ім мноствы народу з Галілеі і з Дзесяцігародзьдзя, і зь Ярузаліму, і зь Юдэі, і з-за Ярдану.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце:
Ctrl + Enter
Паводля Мацьвея Сьвятое Эвангельле, 4 разьдзел
Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.
Публікуецца з дазволу аўтара.
© 2020