1 Тады Ісус ведзены быў Духам у пустыню на спакусы ад д’ябла.
2 І, прапасьціўшы сорак дзён і сорак ночаў, нарэшце адчуў голад.
3 І прыступіў да Яго спакусьнік і сказаў: — калі Ты Сын Божы, скажы, каб гэтыя каменьні сталіся хлябамі. —
4 Ён-жа ў адказ сказаў: — напісана ёсць: ня хлебам адзіным жыў будзе чалавек, але ўсякім словам, што выйходзіць з вуснаў Божых.
5 Потым бярэ Яго д’ябал у сьвятое места і пастаўляе Яго на крыле храму.
6 І кажа Яму: — калі ты Сын Божы, кінься ўніз, бо напісана: Ангелам Сваім запавядаў пра Табе ахаваць Цябе; і на руках панясуць Цябе, каб не спатыкнуўся на камені нагою Тваею.
7 Ісус-жа сказаў яму: — напісана таксама: не спакушай Госпада Бога Твайго.
8 І ізноў бярэ яго д’ябал на гару вельмі высокую і паказвае Яму ўсе гаспадарствы сьвету і славу іхную.
9 І кажа Яму: — усё гэта дам Табе, калі, паўшы, паклонішся мне.
10 Тады сказаў яму Ісус: — адыйдзі ад Мяне, шатане, бо напісана — Госпаду Богу пакланяйся, і Яму Адзінаму служы.
11 Тады пакінуў Яго д’ябал, і вось Ангелы, прыступіўшы, служылі Яму.
12 Калі Ісус дачуўся, што Ян зьняволены, то адыйшоў у Галілею.
13 І, пакінуўшы Назарэт, прыйшоў і пасяліўся ў Капернаўме, на ўзмор’і ў межах Завулонавых і Нэўфалімавых.
14 Каб збылося сказанае праз прарока Ісайю, які гаварыць:
15 — Зямля Завулонава і зямля Нэўфалімава, па дарозе прыморскай за Йарданам — Галілея паганская.
16 Народ, у цемры бытуючы, убачыў сьвятло вялікае, і тым, якія аселі ў краіне цемры мяртвячае, азарыла сьвятло.
17 З таго часу Ісус пачаў навучаць і прамауляць: — пакайцеся, бо наблізілася Ўладарства Нябеснае.
18 Прайходзячы-ж каля мора Галілейскага, Ён убачыў двух братоў — Сымона, званага Пятром, і Андрэя, брата яго; яны зацягвалі сеткі ў мора, бо былі яны рыбаловамі.
19 І кажа ім: — ідзеце за Мною, і Я зраблю вас лаўцамі чалавекаў.
20 Яны зараз жа пакінуўшы сеці пайшлі за Ім.
21 Адыйшоўшы-ж адтуль, убачыў іншых двух братоў: Якуба Заведэева і Яна, брата яго, у лодцы з айцом іхным Заведэем, яны папраўлялі сеці свае, і паклікаў іх.
22 Яны зараз-жа, пакінуўшы лодку і айца свайго, пайшлі за Ім.
23 І хадзіў Ісус па ўсёй Галілеі, навучаючы ў сынагогах іхных абвяшчаючы Евангельле Ўладарства, і ацаляючы ад усякіх нядугаў, і ад усякай немачнасьці ў людзей.
24 І разыйшлася чутка пра Яго па ўсёй Сірыі, і прыводзілі да Яго ўсіх нядужных з рознымі хворасьцямі, і церпячых ад усякіх прыпадкаў, і апанаваных злыдухам, і лунатыкаў, і спараліжаваных, і Ён ацаляў іх.
25 І за Ім ішло мноства народу з Галілеі, і з Дзесяціградзьдзя, і з Ерусаліму, і з Юдэі, і з-за Йардану.
Каментары ці зноскі:
12 зьняволены — ці — праданы быў.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце:
Ctrl + Enter
Сьвятое Евангельле Мацьвея, 4 разьдзел
Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.