1 Калі-ж Ісус нарадзіўся ў Бэтлеэме Юдэйскім у днёх караля Ірада, вось прыйшлі мудрацы з усходу ў Ерусалім і кажуць:
2 Дзе ёсьць народжаны кароль Юдэйскі? Бо мы бачылі зьвязду Ягоную на ўсходзе, і прыйшлі пакланіцца Яму.
3 Пачуўшы гэтае, кароль Ірад занепакоіўся, а з ім і ўвесь Ерусалім.
4 І склікаўшы першасьвятароў і кніжнікаў народных, выпытваў у іх: дзе прызначана нарадзіцца Хрысту?
5 Яны-ж сказалі яму: — У Бэтлеэме Юдэйскім, бо гэтак напісана ў прарока:
6 І ты, Бэтлеэме, зямля Юдава, нічым ня меншу ў падуладнасьцях Юдавых, бо з цябе выйдзе Правадыр, Які зьберажэ народ мой Ізраэльскі.
7 Тады Ірад, тайком прызваўшы мудрацоў, выведаў ў іх час зьяўленьня зьвязды.
8 І, пасылаючы іх у Бэтлеэм, сказаў: — пайдзеце дакладна разьведайце пра Дзяцёнка, і, калі знойдзеце, паведамеце мне, каб і я мог пайсьці пакланіцца Яму.
9 Яны-ж, выслухаўшы караля, адыйшлі; і вось зьвязда, якую бачылі яны на Ўсходзе, ішла перад імі, аж пакуль, дайшоўшы, запынілася над месцам, дзе было Дзіцятка.
10 Угледзеўшы-ж зорку яны ўзрадаваліся радасьцю надзвычайнаю.
11 І, увайшоўшы ў будыніну, убачылі Дзіцятка з Марыяй, Маці Ягонаю, і, паўшы ніц, пакланіліся Яму; і, адчыніўшы скарбы свае, прынясьлі Яму дары: золата, ладан і сьмірну.
12 Атрымаўшы-ж у сьне перасьцярогу не варачацца да Ірада, іншым шляхам адыйшлі ў краіну сваю.
13 Калі-ж яны адыйшлі, вось Ангел Гасподні зьяўляецца ў сьне Язэпу і кажа: — устань, вазьмі Дзіцятка і Маці Ягоную і бяжы ў Егіпет, і будзь там, пакуль не скажу табе, бо Ірад хоча шукаць Дзіцятка, каб загубіць Яго.
14 Ён устаў, узяў Дзіцятка і Маці Ягоную і ўначы пайшоў у Егіпет.
15 І быў там да сьмерці Ірада, каб збылося сказанае ад Госпада праз прарока, які гаворыць: — з Егіпту паклікаў Я Сына Майго.
16 Тады Ірад, зазнаўшы зьнявагі ад мудрацоў, разьярыўся гневам, і паслаў выбіць у Бэтлеэме і ўсіх ваколіцах яго ўсіх дзяцей ад двух гадоў і ніжэй, по-для часу, выведанага ад мудрацоў.
17 Тады збылося сказанае праз прарока Ерамію, які гаворыць:
18 — голас у Раме чуцён, плач, галашэньне і лямант вялікі: Рахіль плача па дзецях і ня хоча суцешыцца, бо няма ўжо іх. —
19 Калі-ж Ірад памёр, вось Ангел Гасподні ў сьне зьяўляецца Язэпу у Егіпце і кажа:
20 — устань, вазьмі Дзіцятка і Маці Ягоную ды ідзі ў зямлю Ізраілеву, бо зьмерлі тыя, якія шукалі душы Дзіцяці.
21 Ён устаўшы, узяў Дзіцятка і Маці Ягоную і прыйшоў у зямлю Ізраілеву.
22 А, дачуўшыся, што ў Юдэі ўладарыць Архелай, на месцы бацькі свайго Ірада, пабаяўся туды ісьці; атрымаўшы-ж вестку ў сьне, пайшоў у краіну Галілейскую.
23 І, прыйшоўшы, пасяліўся ў месьце, званым Назарэт, каб збылося сказанае праз прарокаў — Ён Назарэем назавецца.
Каментары ці зноскі:
9 зьвязда — ці — зорка.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце:
Ctrl + Enter
Сьвятое Евангельле Мацьвея, 2 разьдзел
Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.