Біблія » Пераклады » Пераклад В. Гадлеўскага

Матэуша 2 Паводле Матэуша 2 разьдзел

1 Дык калі Езус нарадзіўся ў Бэтлееме Юдэйскім, у дні караля Гэрада, вось мудрацы з усходу прыйшлі ў Ерузалім
2 кажучы: Дзе ёсьць што нарадзіўся кароль Юдэйскі? Бо мы бачылі зорку ягону на ўсходзе і прыйшлі пакланіцца яму.
3 А пачуўшы кароль Гэрад стрывожыўся і з ім увесь Ерузалім.
4 І сабраўшы ўсіх старшых сьвятараў і кніжнікаў народу даведываўся ад іх, дзе меў Хрыстус нарадзіцца.
5 А яны сказалі яму: У Бэтлееме Юдэйскім, бо гэтак напісана праз прарока (Міх. 5:2):
6 «І ты, Бэтлееме, зямля Юдэйская, нічым ты ня меншая ад спаміж сталіцаў Юдэйскіх, бо з цябе выйдзе павадыр, каторы будзе кіраваць народам маім Ізраільскім».
7 Тады Гэрад, тайком паклікаўшы мудрацоў, старанна выведаў ад іх час зоркі, якая ім зьявілася.
8 І пасылаючы іх у Бэтлеем, сказаў: Ідзеце і дакладна распытайце аб дзіцяці, і калі знойдзеце, дайце мне знаць, каб і я пайшоўшы, пакланіўся яму.
9 Яны выслухаўшы караля, адыйшлі. І вось зорка, якую яны бачылі на ўсходзе, ішла перад імі, аж пакуль прыйшоўшы, стала над месцам, дзе было дзіця.
10 А ўбачыўшы зорку, яны ўзрадаваліся надта вялікай радасьцяй.
11 І ўвайшоўшы ў дом, знайшлі дзіця з ягонай маткай Марыяй і ўпаўшы, пакланіліся яму; і адчыніўшы скарбы свае, ахвяравалі яму дары: золата, кадзіла і міру.
12 І атрымаўшы наказ у сьне, каб не варочаліся да Гэрада, іншай дарогай вярнуліся ў свой край.
13 Калі яны ад’ехалі, вось анёл Панскі зьявіўся ў сьне Язэпу, кажучы: «Устань, вазьмі дзіця і матку яго і ўцякай у Эгіпет і будзь там, пакуль не скажу табе; бо Гэрад будзе шукаць дзіцяці, каб загубіць яго.
14 Ён, устаўшы, узяў уначы дзіця і матку яго і адыйшоў у Эгіпет.
15 І быў там аж да Гэрадавай сьмерці, каб споўнілася, што было сказана Панам праз прарока, кажучага (Оз. 11:1): «З Эгіпту я паклікаў сына майго».
16 Тады Гэрад, бачачы, што яго зьвялі мудрацы, вельмі разгневаўся і, паслаўшы, выбіў усіх дзяцей, якія былі ў Бэтлееме і ў усіх ваколіцах яго ад двух гадоў і ніжэй, згодна з часам, аб якім быў дапытаўшыся ад мудрацоў.
17 Тады споўнілася, што было сказана праз прарока Ерэмія (Ер. 31:15), кажучага:
18 «Голас быў чутны ў Раме, плач і галасьба вялікая; Рахеля плачучая па дзецях сваіх і не хацела супакоіцца, бо іх нямашака».
19 А калі памёр Гэрад, вось анёл Панскі зьявіўся ў сьне Язэпу ў Эгіпце
20 кажучы: Устань, вазьмі дзіця і матку яго і ідзіў зямлю Ізраілаву, бо памёрлі тыя, што шукалі душы дзіцяці.
21 Ён устаўшы, узяў дзіця і матку ягону і прыйшоў у зямлю Ізраілаву.
22 Але пачуўшы, што ў Юдэі панаваў Архелауш на месца бацькі свайго Гэрада, пабаяўся туды ісьці, але павучаны ў сьне, адыйшоў у староны Галілейскія.
23 І прыйшоўшы, асеў у месьце Назарэт, каб споўнілася, што было сказана праз прарокаў: што будзе звацца Назарэем.

Каментары ці зноскі:

1 Назоў «мудрацы» насілі пэрсідзкія і бабілонскія вучоныя, якія рабілі досьледы над прыродай наагул і над бегам зор у асобнасьці. Сколькі іх прыехала пакланіцца Хрысту — эванэлія не падае, таксама няведамыя нам іх імёны; аднак на аснове старадаўнага вуснага пераказу прынята ў хрысьціянстве, што іх было трох і называліся яны: Каспар, Мэльхіяр і Бальтазар. Называем іх так-жа каралямі, хоць яны ня былі каралямі ў поўным значэньні гэтага слова, а магчыма што былі толькі начальнікамі сваіх родаў або плямёнаў.

2 Ці зорка была на ўсходзе сонца — няма ведама, бо мудрацы ехалі не на ўсход сонца, а на захад — у Палестыну. Слова «на ўсходзе» тут трэба разумець у тым сэнсе, што зорка «ўсходзіла» , была «на ўсходзе». Чаканьне Мэсыяша было пашырана ў той час ня толькі пасярод жыдоўскага народу, але і пасярод народаў паганскіх, якія чулі і аб прароцтве Балаама (Лічб. 24:17), што «паўстане зорка з Якуба», дык як толькі мудрацы ўбачылі ўсходзячую зорку, скіраваліся ў той край, дзе жылі патомкі Якуба, у Палестыну. Тады людзі былі пракананы, што зоры маюць вялікі ўплыў на людзей і наагул на чалавецтва. Вучоныя думаюць, што гэная зорка была цудоўнай зьявай нябеснага сьвятла, падобнай да зоркі.

3 Гэрад стрывожыўся, бо нарадзіны новага караля пагражалі яму і ягонай дынастыі, а Ерузалім стрывожыўся, бо баяўся новых тыранстваў з боку Гэрада. Гэрад, званы Вялікім, панаваў ад 40 г. перад Хрыстом да 1 г. пасьля Нар. Хрыста.

9 Зорка ішла перад імі, або, інакш кажучы, «папярэдзіла іх», г. зн. зьявілася над Бэтлеемам раней, чым яны туды прыйшлі.

11 Мудрацы ўвайшлі ў дом, у якім жыла Сьв. Сям'я ўжо ў Бэтлееме. Сьв. Язэп спачатку пайшоў у Ерузалім, каб там у сьвятыні ахвяраваць Езуса Богу, а потым вярнуўся ў Бэтлеем, наняў там дом і думаў там асесьці назаўсёды. Аднак Бог пакіраваў інакш.

Мудрацы ахвяравалі Езусу золата як каралю — валадару, кадзіла як сьвятару, а мірру як чалавеку. На ўсходзе быў звычай, што ніхто не зьяўляецца перад валадаром бяз дараў. Мірра — гэта пахнучая, горка плынь, якая выцякае з бальзамовага дзерава, так як нашая жывіца. Ужывалася на ўсходзе да бальзамаваньня цела.

12 Сьв. Сям'я жыла ў Эгіпце пасярод тамашняй жыдоўскай калоніі нядоўга, бо толькі якія пару гадоў.

16 Ад першага зьяўленьня зоркі не прайшло болей як два гады, дык Гэрад, выдаючы загад пазабіваць дзяцей у Бэтлееме ад двух гадоў і ніжэй, быў пэўны, што загубіць і Езуса.

18 Рахеля была жонкай патрыярха Якуба (Ізраіля) і праз гэта якбы маткай усіх Ізраэлітаў. Яна была пахавана блізка Бэтлеему. Забіваньне дзяцей, так як даўней выганяньне ў Бабілонскую няволю, было вялікім болем для маткі Ізраільскага народу. Рама — места ў Юдэі, праз якое жыды праходзілі, гнаныя ў Бабілонскую няволю.


Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Сьвятая Эванэлія Езуса Хрыста паводле Матэуша, 2 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.