Біблія » Пераклады » Пераклад В. Гадлеўскага

Матэуша 8 Паводле Матэуша 8 разьдзел

1 Калі-ж зыйшоў з гары, пайшлі за ім вялікія грамады.
2 І вось пракажаны, падыйшоўшы, кланяўся яму, кажучы: Пане, калі хочаш, можаш мяне ачысьціць.
3 І Езус, працягнуўшы руку, дакрануўся да яго, кажучы: Хачу, будзь ачышчаны. І зараз-жа была ачышчана ягоная праказа.
4 І сказаў яму Езус: Глядзі, нікому не кажы, але ідзі, пакажыся сьвятару і ахвяруй дар, які загадаў Майсей, гэным на пасьведчаньне.
5 Калі-ж увайшоў у Капарнаум, падыйшоў да яго сотнік, просячы яго,
6 і кажучы: Пане, слуга мой ляжыць дома спаралізаваны і цяжка мучыцца.
7 І сказаў яму Езус: Я прыйду і аздараўлю яго.
8 А сотнік, адказваючы, прамовіў: Пане, я ня варт, каб ты увайшоў пад дах мой, але скажу толькі словам і аздаравее слуга мой.
9 Бо і я ёсьць чалавек пастаўлены пад уладай, маючы пад сабой жаўнераў, і кажу гэтаму: «Ідзі» — і ён ідзе, другому: «Прыйдзі» — і ён прыходзіць, а слузе майму: «Рабі гэта» — і ён робіць.
10 А пачуўшы, Езус зьдзівіўся і сказаў да тых, што ішлі за ім: Сапраўды кажу вам, не знайшоў я такой вялікай веры ў Ізраілю.
11 А кажу вам, што многія прыйдуць з усходу і захаду і засядуць з Абрагамам, Ізаакам і Якубам у каралеўстве нябесным,
12 а сыны каралеўства будуць выкінуты ў цемру надворную, там будзе плач і скрыгот зубоў.
13 І сказаў Езус сотніку: Ідзі, і як ты ўверыў, няхай табе станецца. І аздаравеў слуга ў тую гадзіну.
14 І калі Езус прыйшоў у дом Пятра, убачыў цешчу ягоную, ляжачую ў гарачцы,
15 і дакранаўся да яе рукі, і пакінула яе гарачка, і яна ўстала і паслугавала ім.
16 Калі-ж надыйшоў вечар, прывялі да яго многіх, маючых злых духаў. І выганяў духаў словам і аздаравіў усіх хворых,
17 каб споўнілася, што было сказана праз Ізраіля прарока, які кажа: «Ён прыняў нашыя немачы і нсіў нашыя хваробы». (53:4).
18 Відзячы-ж навакол сябе многія грамады, Езус загадаў пераплыць на другі бок мора.
19 І падыйшоўшы адзін кніжнік, сказаў яму: Вучыцель, я пайду за табою, дзе толькі ты пойдзеш.
20 А Езус сказаў яму: Лісіцы маюць норы і птушкі нябесныя гнёзды, а Сын чалавечы ня мае дзе скланіць галаву.
21 Другі-ж з вучняў ягоных сказаў яму: Пане, дазволь мне перш пайсьці і пахаваць бацьку майго.
22 А Езус сказаў яму: Ідзі за мною і пакінь умерлым хаваць сваіх нябожчыкаў.
23 І калі ён увайшоў у лодку, увайшлі за ім ягоны вучні.
24 І вось узьнялася вялікая бура на моры, так што хвалі залівалі лодку, а ён спаў.
25 І прыступілі да яго вучні ягоны, кажучы: Пане, ратуй нас, гінем.
26 А Езус адказаў ім: Чаго вы баіцёся, малаверныя? Тады ўстаўшы, загадаў вятром і мору і зрабілася цішыня вялікая.
27 А людзі дзівіліся, кажучы: Хто-ж гэта такі, што вятры і мора слухаюць яго?
28 І калі прыбыў на той бераг у краіну Гэразэнаў, перанялі яго два маючыя д’ябэльства, якія выходзілі з грабоў, вельмі злыя, так што ніхто ня мог прайсьці гэнай дарогай
29 І вось яны закрычалі, кажучы: што табе да нас, Езусе, Сыне Божы? Прыйшоў ты сюды перад часам нас мучыць?
30 А была недалёка ад іх пасучыся вялікая стада сьвіней.
31 Д’яблы-ж, прасілі яго, кажучы: Калі нас выганяеш згэтуль, пашлі нас у стада сьвіней.
32 І сказаў ім: Ідзеце. Яны-ж выйшаўшы, увайшлі ў сьвіні. І вось уся стада кінулася стрымгалоў у мора і пагінула ў вадзе.
33 А пастухі ўцяклі і, прыйшоўшы ў горад, расказалі аб усім і аб тых, што мелі д’ябэльства.
34 І вось увесь горад выйшаў насустрэч Езусу і, убачыўшы яго, прасілі, каб адыйшоў ад іхных граніц.

Каментары ці зноскі:

2 Праказа ў Палестыне і наагул на ўсходзе здараецца даволі часта. Найчасьцей пачынаецца яна з таго, што цела чалавека пакрываецца цёмнымі плямамі, потым пачынаюць зьяўляцца пухліны і гнойныя скулы, асабліва на твару, руках і нагах, а ўрэшце гніюць і адпадаюць канцы рук, ног, а так-жа нос, вушы і вусны. Пракажаны чалавек, паволі гніючы, кончыць сваё жыцьцё па якіх 8-10 гадох мучэньня. Пракажаных выганялі з сяліб, каб яны не заразілі здаровых і дзеля гэтага пракажаныя прабывалі ў мясцох пустынных, воддаль ад людзей.

4 Хрыстус забараняе гаварыць аб сваіх цудах, бо яшчэ ня ўсе зразумелі характар ягонага каралеўства, якое мела быць не палітычнае і зямное, як спадзяваліся людзі, а духовае і нябеснае. Народ, пачуўшы аб вялікім цудатворцы, мог-бы падумаць, што ўжо настаў час палітычнага вызваленьня з-пад рымскага ярма і мог-бы дапусьціцца неарзважных выступленьняў.

Сьвятары тады зналіся на мэдыцыне і іх пасьведчаньне давала права пракажанаму вярнуцца да людзей. За гэтае пасьведчаньне трэба было ахвяраваць дар. Выймаць такое пасьведчаньне загадывала права Майсея.

9 Сотнік выражае тут сваю веру ў Боскую моц Езуса павясковаму, так як умее. Ён кажа: я загадаю жаўнерам і яны слухаюць кожнага майго слова, таксама і Табе, Пане, паслушны хваробы, даволі будзе аднаго слова, каб аздаравіць майго слугу.

12 Жыды думалі, што яны, як патомкі Абрагама, увойдуць у каралеўства Мэсыяша, а тымчасам Хрыстус кажа, што яны за сваё нягоднае жыцьцё і адкіданьне Хрыстуса самі будуць адкінены, а на іх месца прыйдуць народы паганскія з усходу і захаду.

16 Вельмі рэдка Бог пазваляў д'яблу ўваходзіць у чалавека і карыстацца ім дзеля сваіх мэтаў. Магчыма, што за часоў Хрыста, Бог часьцей дапускаў такое апанаваньне чалавека д'яблам, каб выказаць, што Хрыстус мае моц і над д'яблам, якога выганяе адным сваім словам.

19 Кніжнік гэты хацеў ісьці за Езусам, але рабіў гэта, як відаць з адказу Езуса, з прычын матар'яльных.

20 Хрыстус вельмі часта называе сябе Сынам чалавечым, г. зн. Мэсыяшам, каторы як «Сын чалавечы» мае прыйсьці ў воблакох на гэты сьвет паводле прароцтва Данілы (7-13).

21-22 Гэты вучань хоча пахаваць (г. зн. дадзяржаць да сьмерці) свайго бацьку, а потым ужо прыйсьці да Езуса на заўсёды, але Езус загадывае яму зрабіць гэтае неадкладаючы, бо справы душы і каралеўства Божага важнейшыя за справы цела.

28 Грабы даўней былі высяканыя ў скале і выглядалі як пячэры. У гэтых пячэрах часам жылі апанаваныя д'яблам, а нават і пракажаныя, якім быў забаронены доступ да людзей. Такія грабы, так як і ў нас магільнікі, былі найчасьцей каля вёсак і мястэчкаў.

34 Хрыстус пазволіў д'яблам увайсьці ў стада сьвіней, якія патанулі ў возеру. Гэтым, ня гледзячы на зробленую шкоду, хацеў Хрыстус, як пан усякага стварэньня, павучыць тамашніх людзей, што ён прыйшоў зьнішчыць панаваньне д'яблаў над людзьмі. Людзі ў той краіне былі паганцамі.


Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Сьвятая Эванэлія Езуса Хрыста паводле Матэуша, 8 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.