Біблія » Пераклады » Пераклад Сабілы і Малахава

Мацьвея 8 Паводля Мацьвея 8 разьдзел

1 Калі ж Ён зыйшоў з гары, сьледам за Ім пайшлі вялікія натоўпы (народу).
2 І вось пракажоны, падыйшоўшы, кланяўся Яму, кажучы: Госпадзе! калі хочаш, можаш мяне ачысьціць.
3 І, працягнуўшы Руку́, Ісус дакрануўся да яго, кажучы: хачу, будзь ачышчаны. І (ён) адразу быў ачышчаны ад сваёй праказы.
4 І кажа яму Ісус: глядзі, нікому ня кажы, але пайдзі (і) пакажы сябе сьвятару і прынясі дар, які загадаў Масей, як сьвядоцтва ім.
5 Калі ж Ісус увайшоў у Капэрнавум, падыйшоў да Яго сотнік, умаляючы Яго
6 і кажучы: Госпадзе! слуга мой ляжыць дома спаралізаваны страшэнна пакутуючы.
7 І кажа яму Ісус: Я, прыйшоўшы, аздараўлю яго.
8 І, адказаўшы, сотнік сказаў: Госпадзе! я ня варты, каб Ты ўвайшоў пад мой дах, але скажы толькі слова, і слуга мой будзе аздароўлены.
9 Бо і я чалавек падуладны, (але) маючы пад сабою жаўнераў, кажу аднаму: пайдзі, і (ён) ідзе; і — другому: прыйдзі, і (той) прыходзіць; і — слузе майму: зрабі гэта, і — робіць.
10 Пачуўшы ж, Ісус зьдзівіўся і сказаў тым, што ішлі за Ім: праўду кажу вам, нават у Ізраэлі (Я) ня знайшоў такой веры.
11 Кажу ж вам, што многія з усходу і захаду прыйдуць і ўзьлягуць з Абрагамам і Ісагакам і Якубам у Валадарстве Нябёсаў.
12 Сыны ж Валадарства будуць выгнаны ў цемру вонкавую: там будзе галашэньне і скрыгат зубоў.
13 І сказаў Ісус сотніку: ідзі, і як ты паверыў, будзе табе. І быў аздароўлены слуга ягоны ў тую (ж) гадзíну.
14 І, прыйшоўшы ў дом Пётры, Ісус убачыў цешчу ягоную, якая ляжала ў гарачцы,
15 і дакрануўся да рукі ейнай, і гарачка пакінула яе; і (яна) уста́ла і служыла ім.
16 Калі ж надыйшоў вечар, да Яго прывялі многіх апанаваных дэманамі, і (Ён) выгнаў духаў Словам і ўсіх хворых аздаравіў,
17 каб збылося сказанае праз Прарока Гісаю, які кажа: Ён узяў (на Сябе) нашыя немачы і хваробы (нашыя) панёс.
18 Убачыўшы ж вакол Сябе многа народу, Ісус загадаў (вучням) адплыць на другі бок.
19 І, падыйшоўшы, адзін кніжнік сказаў Яму: Настаўнік! я пайду за Табою, куды б Ты ні пайшоў.
20 І кажа яму Ісус: лісы маюць норы, і птушкі нябесныя — гнёзды, а Сын Чалавечы ня мае, дзе прыхіліць Галаву.
21 А другі, з вучняў Ягоных, сказаў Яму: Госпадзе! дазволь мне сьпярша пайсьці і пахаваць бацьку майго.
22 Але Ісус сказаў яму: ідзі за Мною і пакінь мёртвым хаваць сваіх нябожчыкаў.
23 І, калі Ён увайшоў у човен, пайшлі за Ім і вучні Ягоныя.
24 І вось, на моры паднялася вялікая бура, так што човен захліствалі хвалі; а Ён спаў.
25 І, падыйшоўшы, вучні Ягоныя разбудзілі Яго, кажучы: Госпадзе! ратуй нас, гінем!
26 І кажа ім: чаму вы (гэткія) баязьлівыя, малаверы? Тады, устаўшы, забараніў вятрам і мору, і зрабілася вялікая ціша.
27 І людзі зьдзівіліся, кажучы: Хто Гэты, што і вятры і мора слухаюцца Яго?
28 І калі Ён прыплыў на другі бераг, у зямлю Гергесінскую, сустрэлі Яго двое, апанаваныя дэманамі, выйшаўшыя з магіл, страшэнна лютыя, так што ніхто ня адважваўся праходзіць тою дарогаю.
29 І вось яны моцна закрычалі, кажучы: што нам і Табе, Ісус, Сын Бога? Ты прыйшоў сюды дачасна мучыць нас.
30 Воддаль жа ад іх пасьвіўся вялікі гурт сьвіньняў.
31 Дэманы ж упрошвалі Яго, кажучы: калі выганяеш нас, (то) дазволь нам пайсьці ў гурт сьвіньняў.
32 І сказаў ім: ідзіце. І яны, выйшаўшы, пайшлі ў гурт сьвіньняў. І вось увесь гурт сьвіньняў рынуўся з урвішча ў мора, і загінуў у вадзе.
33 А пастухі ўцяклі і, прыйшоўшы ў места, расказалі пра ўсё, і пра тых, што былі апанаваныя дэманамі.
34 І вось, усё места выйшла напярэймы Ісусу; і, убачыўшы Яго, упрошвалі, каб (Ён) адыйшоў ад межаў іхных.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Паводля Мацьвея Сьвятое Эвангельле, 8 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Публікуецца з дазволу аўтара.
© 2020