Мацьвея 8 разьдзел
Паводле Мацьвея Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Сабілы і Малахава
Калі Ён сышоў з гары, за Ім сьледам пайшло мноства людзей.
Калі ж Ён зыйшоў з гары, сьледам за Ім пайшлі вялікія натоўпы (народу).
І вось, падышоў пракажоны і, кланяючыся Яму, сказаў: Госпадзе! калі хочаш, можаш мяне ачысьціць.
І вось пракажоны, падыйшоўшы, кланяўся Яму, кажучы: Госпадзе! калі хочаш, можаш мяне ачысьціць.
Ісус, працягнуўшы руку, дакрануўся да яго і сказаў: хачу, ачысьціся. І адразу ачысьціўся той ад праказы.
І, працягнуўшы Руку́, Ісус дакрануўся да яго, кажучы: хачу, будзь ачышчаны. І (ён) адразу быў ачышчаны ад сваёй праказы.
І кажа яму Ісус: глядзі, не кажы нікому; але ідзі, пакажыся сьвятару, і прынясі дар, аб якім загадаў Майсей, на сьведчаньне ім.
І кажа яму Ісус: глядзі, нікому ня кажы, але пайдзі (і) пакажы сябе сьвятару і прынясі дар, які загадаў Масей, як сьвядоцтва ім.
Калі ж увайшоў Ісус у Капернаум, падышоў да Яго сотнік і папрасіў у Яго:
Калі ж Ісус увайшоў у Капэрнавум, падыйшоў да Яго сотнік, умаляючы Яго
Госпадзе! слуга мой ляжыць дома ў паралічы і моцна пакутуе,
і кажучы: Госпадзе! слуга мой ляжыць дома спаралізаваны страшэнна пакутуючы.
Ісус кажа яму: Я прыйду і ацалю яго.
І кажа яму Ісус: Я, прыйшоўшы, аздараўлю яго.
А сотнік сказаў Яму ў адказ: Госпадзе! я ня варты, каб Ты ўвайшоў пад мой дах; але скажы толькі слова, і выздаравее слуга мой;
І, адказаўшы, сотнік сказаў: Госпадзе! я ня варты, каб Ты ўвайшоў пад мой дах, але скажы толькі слова, і слуга мой будзе аздароўлены.
бо і я чалавек падуладны; і, маючы ў сябе ў падначаленьні вояў, кажу аднаму: «ідзі», і прыходзіць; і слузе майму: «зрабі тое», і робіць.
Бо і я чалавек падуладны, (але) маючы пад сабою жаўнераў, кажу аднаму: пайдзі, і (ён) ідзе; і — другому: прыйдзі, і (той) прыходзіць; і — слузе майму: зрабі гэта, і — робіць.
Пачуўшы гэта, Ісус зьдзівіўся і сказаў тым, што ішлі за Ім: праўду кажу вам: і ў Ізраілі не знайшоў Я такое веры.
Пачуўшы ж, Ісус зьдзівіўся і сказаў тым, што ішлі за Ім: праўду кажу вам, нават у Ізраэлі (Я) ня знайшоў такой веры.
Кажу ж вам, што многія з усходу і з захаду прыйдуць і ўзьлягуць з Абрагамам, Ісаакам і Якавам у Царстве Нябесным;
Кажу ж вам, што многія з усходу і захаду прыйдуць і ўзьлягуць з Абрагамам і Ісагакам і Якубам у Валадарстве Нябёсаў.
а сыны царства будуць выкінуты ў цемру вонкавую, там будзе плач і скрыгат зубоў.
Сыны ж Валадарства будуць выгнаны ў цемру вонкавую: там будзе галашэньне і скрыгат зубоў.
І сказаў Ісус сотніку: ідзі, і, як ты вераваў, хай будзе табе. І выздаравеў слуга ягоны ў тую ж гадзіну.
І сказаў Ісус сотніку: ідзі, і як ты паверыў, будзе табе. І быў аздароўлены слуга ягоны ў тую (ж) гадзíну.
Прыйшоўшы ў дом Пятра, Ісус убачыў цешчу ягоную, якая ляжала ў гарачцы,
І, прыйшоўшы ў дом Пётры, Ісус убачыў цешчу ягоную, якая ляжала ў гарачцы,
і дакрануўся да рукі яе, і пакінула яе гарачка; і ўстала яна і слугавала ім.
і дакрануўся да рукі ейнай, і гарачка пакінула яе; і (яна) уста́ла і служыла ім.
Калі ж зьвечарэла, прывялі да Яго многа людзей, апанаваных дэманамі: і Ён выгнаў духаў словам і ўсіх нядужых ацаліў;
Калі ж надыйшоў вечар, да Яго прывялі многіх апанаваных дэманамі, і (Ён) выгнаў духаў Словам і ўсіх хворых аздаравіў,
каб збылося сказанае праз прарока Ісаю, які кажа: «Ён узяў на Сябе нашы немачы, і хваробы панёс».
каб збылося сказанае праз Прарока Гісаю, які кажа: Ён узяў (на Сябе) нашыя немачы і хваробы (нашыя) панёс.
Калі ж Ісус убачыў вакол Сябе мноства люду, загадаў вучням адплысьці на той бок.
Убачыўшы ж вакол Сябе многа народу, Ісус загадаў (вучням) адплыць на другі бок.
І адзін кніжнік, падышоўшы, сказаў Яму: Настаўнік! я пайду за Табою, куды б Ты ні пайшоў.
І, падыйшоўшы, адзін кніжнік сказаў Яму: Настаўнік! я пайду за Табою, куды б Ты ні пайшоў.
І кажа яму Ісус: лісы маюць норы, і птушкі нябесныя гнёзды; а Сын Чалавечы ня мае, дзе прыхіліць галаву.
І кажа яму Ісус: лісы маюць норы, і птушкі нябесныя — гнёзды, а Сын Чалавечы ня мае, дзе прыхіліць Галаву.
А другі, з вучняў, сказаў Яму: Госпадзе, дазволь мне сьпярша пайсьці і пахаваць майго бацьку.
А другі, з вучняў Ягоных, сказаў Яму: Госпадзе! дазволь мне сьпярша пайсьці і пахаваць бацьку майго.
Але Ісус сказаў яму: ідзі за Мною, і пакінь мёртвым хаваць сваіх памерлых.
Але Ісус сказаў яму: ідзі за Мною і пакінь мёртвым хаваць сваіх нябожчыкаў.
І калі ўвайшоў Ён у лодку, увайшлі за Ім вучні Ягоныя.
І, калі Ён увайшоў у човен, пайшлі за Ім і вучні Ягоныя.
І вось, бура вялікая сталася на моры, ажно лодку захліствалі хвалі; а Ён спаў.
І вось, на моры паднялася вялікая бура, так што човен захліствалі хвалі; а Ён спаў.
І вучні Ягоныя, падышоўшы да Яго, разбудзілі Яго і сказалі: Госпадзе! ратуй нас, гінем.
І, падыйшоўшы, вучні Ягоныя разбудзілі Яго, кажучы: Госпадзе! ратуй нас, гінем!
І кажа ім: чаго вы спалохаліся, малаверы? Тады, устаўшы, забараніў вятрам і мору, і сталася ціша вялікая.
І кажа ім: чаму вы (гэткія) баязьлівыя, малаверы? Тады, устаўшы, забараніў вятрам і мору, і зрабілася вялікая ціша.
А людзі, дзівуючыся, казалі: хто Гэты, што і вятры, і мора слухаюцца Яго?
І людзі зьдзівіліся, кажучы: Хто Гэты, што і вятры і мора слухаюцца Яго?
І калі прыплыў Ён на другі бераг у краіну Гергесінскую, сустрэлі Яго, выйшаўшы з магіл, двое апанаваных дэманамі, вельмі лютыя, так што ніхто ня мог праходзіць тою дарогаю.
І калі Ён прыплыў на другі бераг, у зямлю Гергесінскую, сустрэлі Яго двое, апанаваныя дэманамі, выйшаўшыя з магіл, страшэнна лютыя, так што ніхто ня адважваўся праходзіць тою дарогаю.
І вось, яны закрычалі: што Табе да нас, Ісусе, Сыне Божы? прыйшоў Ты сюды дачасна мучыць нас.
І вось яны моцна закрычалі, кажучы: што нам і Табе, Ісус, Сын Бога? Ты прыйшоў сюды дачасна мучыць нас.
А зводдаль ад іх пасьвіўся вялікі гурт сьвіней.
Воддаль жа ад іх пасьвіўся вялікі гурт сьвіньняў.
І дэманы прасіліся ў Яго: калі выганіш нас, дык пашлі нас у гурт сьвіней.
Дэманы ж упрошвалі Яго, кажучы: калі выганяеш нас, (то) дазволь нам пайсьці ў гурт сьвіньняў.
І Ён сказаў ім: ідзеце. І выйшлі яны, і пайшлі ў гурт сьвіней. І вось, кінуўся ўвесь гурт сьвіны з урвішча ў мора і загінуў у вадзе.
І сказаў ім: ідзіце. І яны, выйшаўшы, пайшлі ў гурт сьвіньняў. І вось увесь гурт сьвіньняў рынуўся з урвішча ў мора, і загінуў у вадзе.
А пастухі паўцякалі і, прыйшоўшы ў горад, расказалі пра ўсё, і пра апанаваных дэманамі.
А пастухі ўцяклі і, прыйшоўшы ў места, расказалі пра ўсё, і пра тых, што былі апанаваныя дэманамі.
І вось, увесь горад выйшаў на сустрэчу Ісусу; і, убачыўшы Яго, прасілі, каб Ён адышоў ад іх межаў.
І вось, усё места выйшла напярэймы Ісусу; і, убачыўшы Яго, упрошвалі, каб (Ён) адыйшоў ад межаў іхных.