Мацьвея 16 разьдзел
Паводле Мацьвея Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Сабілы і Малахава
І падступіліся фарысэі і садукеі і, спакушаючы, прасілі Яго паказаць ім азнаку зь неба.
І падступіўшыся да Яго хварысэі і саддукеі спакушаючы папрасілі Яго паказаць ім знак зь неба.
А Ён сказаў ім у адказ: вечарам вы кажаце: будзе пагода, бо неба агністае;
Але Ён адказаўшы сказаў ім: вечарам вы кажаце: будзе пагода, бо неба чырванее,
і раніцай: сёньня непагадзь, бо неба агніста-хмарнае. Крывадушнікі! аблічча неба вы ўмееце адрозьніваць, а азнакаў часу ня можаце?
а на золаку: сёньня (будзе) непагадзь, бо неба (хоць і) чырванее, але становіцца пахмурным. Крывадушнікі! аблічча неба распазнаваць умееце, а знако́ў часо́ў (распазнаць) ня мо́жаце?
Род ліхі і пералюбны азнакі шукае, і азнака ня дасца яму, акрамя азнакі Ёны прарока. І пакінуўшы іх, адышоў.
Род нягодны і чужаложны будзе шукаць знаку, але знак яму ня будзе даны, акрамя знаку Ёны прарока. І пакінуўшы іх, адыйшоў.
І перапраўляючыся на другі бок, вучні Ягоныя забыліся ўзяць хлябоў.
А пераправіўшыся на той бок вучні Ягоныя забыліся узяць хлябы.
Ісус сказаў ім: глядзеце, сьцеражэцеся закваскі фарысэйскай і садукейскай.
Ісус жа сказаў ім: глядзеце сьцеражыцеся кісьлí хварысэяў і саддукеяў.
Яны ж разважалі самі сабе, кажучы: хлябоў мы не ўзялі.
Яны ж разважалі між сабою, кажучы: хлябоў ня ўзялі (мы).
Уразумеўшы гэта, Ісус сказаў ім: што разважаеце самі сабе, малаверныя, што хлябоў не ўзялі?
Уразумеўшы ж (іх), Ісус сказаў ім: чаму разважаеце між сабою малаверныя, што хлябоў ня ўзялі?
Няўжо яшчэ не разумееце і не памятаеце пра пяць хлябоў на пяць тысяч, і колькі кашоў вы набралі?
Усё яшчэ ня разумееце і ня помніце пра пяць хлябоў (для) пяці тысячаў і колькі кашоў вы набралі?
Ні пра сем хлябоў на чатыры тысячы, і колькі кошыкаў набралі?
Ні пра сем хлябоў для чатырох тысячаў, і колькі кашоў вы набралі?
Як не разумееце, што не пра хлябы Я сказаў вам: «сьцеражэцеся закваскі фарысэйскай і садукейскай»?
Як ня разумееце, што ня пра хлябы сказаў Я вам: сьцеражыцеся кісьлí хварысэяў і саддукеяў?
Тады яны зразумелі, што Ён сказаў асьцерагацца не закваскі хлебнай, а вучэньня фарысэйскага.
Тады яны зразумелі, што Ён сказаў ім сьцерагціся ня кісьлí хлебнай, але навукі хварысэяў і саддукеяў.
А прыйшоўшы ў межы Кесарыі Піліпавай, Ісус пытаўся ў вучняў Сваіх, кажучы: за каго людзі ўважаюць Мяне, Сына Чалавечага?
Прыйшоўшы ж у землі Кесарыі Піліпавай, Ісус пытаўся ў вучняў Сваіх, кажучы: за каго людзі лічаць Мяне, Сына Чалавечага?
Яны сказалі: адны за Яна Хрысьціцеля, другія за Ільлю, а тыя за Ерамію альбо за аднаго з прарокаў.
А яны сказалі: адны за Яана Хрысьціцеля, другія за Ільлю, а іншыя за Ярэму альбо за аднаго з прарокаў.
Ён кажа ім: а вы за каго ўважаеце Мяне?
(Ён) кажа ім: а вы за каго Мяне маеце?
І Сымон Пётр сказаў у адказ: Ты — Хрыстос, Сын Бога Жывога.
І адказаўшы Сымон Пётра сказаў: Ты ёсьць Хрыстос, Сын Бога Жывога.
І Ісус сказаў яму ў адказ: дабрашчасны ты, Сымоне, сыне Ёнаў, бо ня плоць і кроў адкрылі табе гэта, а Айцец Мой, Які ёсьць у нябёсах;
І адказаўшы Ісус сказаў яму: шчасьлівы ты, Сымон, сын Ёны, бо ня цела і кроў адкрылі табе (гэтае), але Ба́цька Мой, Які ёсьць у Нябёсах.
і Я кажу табе: ты Пётр, і на камені гэтым Я збудую Царкву Маю, і брамы пякельныя не адолеюць яе.
І Я кажу табе: ты — Пётра, і на гэтай скале Я збудую Маю Царкву, і брамы пекла ня перамогуць яе.
І дам табе ключы Царства Нябеснага: і што зьвяжаш на зямлі, тое будзе зьвязана ў нябёсах; і што разьвяжаш на зямлі, тое будзе разьвязана ў нябёсах.
І дам табе ключы Валадарства Нябёсаў: і што зьвяжаш на зямлі, (тое) будзе зьвязана ў Нябёсах, і што разьвяжаш на зямлі, (тое) будзе разьвязана ў Нябёсах.
Тады Ісус загадаў вучням Сваім, каб нікому не казалі, што Ён ёсьць Хрыстос.
Тады (Ён) загадаў вучням Сваім, каб нікому ня расказалі б, што Ён ёсьць Ісус Хрыстос.
З таго часу Ісус пачаў адкрываць вучням Сваім, што Ён мусіць ісьці ў Ерусалім і шмат выцерпець ад старэйшын і першасьвятароў і кніжнікаў, і мае быць забіты, і на трэйці дзень уваскрэснуць.
З таго часу Ісус пачаў адкрываць вучням Сваім, што Ён мусіць пайсьці ў Ярузалім і шмат перацярпець ад старэйшынаў і архірэяў і кніжнікаў і мае быць забітым, і на трэйці дзень быць уваскрэшаным.
І, адвёўшы Яго, Пётр пачаў пярэчыць Яму, кажучы: міласэрны Ты, Госпадзе! Хай ня будзе гэтага з Табою!
І адвёўшы Яго Пётра пачаў пярэчыць Яму, кажучы: пашкадуй, Сябе, Госпадзе! няхай ня станецца гэтага з Табою!
А Ён, абярнуўшыся, сказаў Пятру: адыдзі ад Мяне, сатана! ты Мне спакуса, бо думаеш не пра тое, што Божае, а што чалавечае.
Ён жа, адвярнуўшыся, сказаў Пятру: адыйдзі ад Мяне, шатан! ты Мне спакуса, бо думаеш ня пра тое, што Божае, а што чалавечае.
Тады Ісус сказаў вучням Сваім: калі хто хоча ісьці за Мною, хай адрачэцца ад сябе і возьме крыж свой і ідзе за Мною;
Тады Ісус сказаў вучням Сваім: калі хто хоча ісьці за Мною, хай адрачэцца ад сябе і возьме крыж свой і ідзе за Мною.
Бо хто хоча душу сваю ўратаваць, той страціць яе; а хто страціць душу сваю дзеля Мяне, той знойдзе яе;
Бо хто хоча жыцьцё сваё ўсьцерагчы, той загу́біць яго, а хто згу́біць жыцьцё сваё дзеля Мяне, той знойдзе яго.
бо якая карысьць чалавеку, калі ён увесь сьвет здабудзе, а душу сваю змарнуе? альбо які выкуп дасьць чалавек за душу сваю?
Бо якая карысьць чалавеку, калі ён здабудзе ўвесь сьвет, а душа ягоная будзе пашкоджана? Ды які выкуп дасьць чалавек за душу́ сваю?
Бо прыйдзе Сын Чалавечы ў славе Айца Свайго з анёламі Сваімі, і тады аддасьць кожнаму паводле спраў ягоных.
Бо належыць Сыну Чалавечаму прыйсьці ў Славе Ба́цькі Свайго з Ангеламі Сваімі, і тады аддасьць кожнаму паводля ўчынкаў ягоных.
Праўду кажу вам: ёсьць сярод тых, што стаяць тут, такія, што не скаштуюць сьмерці, пакуль ня ўбачаць Сына Чалавечага, як Ён ідзе ў Царстве Сваім.
Праўду кажу вам: ёсьць нікато́рыя із стаячых тут, якія ня пазнаюць сьмерці, пакуль ня ўбачаць Сына Чалавечага, ідучага ў Валадарстве Сваім.