Мацьвея 16 разьдзел
Паводле Мацьвея Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад П. Татарыновіча
І падступіліся фарысэі і садукеі і, спакушаючы, прасілі Яго паказаць ім азнаку зь неба.
І прыступілі да яго фарызэі і садуцэі ды, спакушаючы, прасілі яго, каб паказаў ім знак з неба.
А Ён сказаў ім у адказ: вечарам вы кажаце: будзе пагода, бо неба агністае;
Але ён сказаў ім у адказ: Калі настане вечар, вы кажаце: «Пагода будзе, бо неба чырвонае»,
і раніцай: сёньня непагадзь, бо неба агніста-хмарнае. Крывадушнікі! аблічча неба вы ўмееце адрозьніваць, а азнакаў часу ня можаце?
а раніцай: «Сягоння непагадзь, бо неба хмарна чырванее». Дык воблік неба вы пазнаваць умееце, а знакаў часу пазнаць ня можаце?
Род ліхі і пералюбны азнакі шукае, і азнака ня дасца яму, акрамя азнакі Ёны прарока. І пакінуўшы іх, адышоў.
Род нягодны і чужаложны знаку шукае, а знак яму ня будзе дадзены, апрача знаку Ёны прарока. І пакінуўшы іх, адыйшоў.
І перапраўляючыся на другі бок, вучні Ягоныя забыліся ўзяць хлябоў.
Калі-ж вучні ягоны пераплылі на той бок мора, забыліся ўзяць хлеба.
Ісус сказаў ім: глядзеце, сьцеражэцеся закваскі фарысэйскай і садукейскай.
Ён сказаў ім: Глядзеце, сьцеражэцеся закісі фарызэяў і садуцэяў.
Яны ж разважалі самі сабе, кажучы: хлябоў мы не ўзялі.
Яны-ж думалі сабе, кажучы: Гэта таму, што мы не ўзялі хлеба.
Уразумеўшы гэта, Ісус сказаў ім: што разважаеце самі сабе, малаверныя, што хлябоў не ўзялі?
А Езус, ведаючы тое, кажа: Чаму-ж вы думаеце сабе, малаверныя, што ня маеце хлеба?
Няўжо яшчэ не разумееце і не памятаеце пра пяць хлябоў на пяць тысяч, і колькі кашоў вы набралі?
Няўжэ яшчэ не разумееце і ня помніце аб пяці хлябох на пяць тысяч асоб і колькі кашоў вы набралі?
Ні пра сем хлябоў на чатыры тысячы, і колькі кошыкаў набралі?
Ані аб сямі хлябох на чатыры тысячы людзей і колькі кашоў вы назбіралі?
Як не разумееце, што не пра хлябы Я сказаў вам: «сьцеражэцеся закваскі фарысэйскай і садукейскай»?
Якжа-ж вы не цяміце, што не аб хлебе я вам гаварыў: Сцеражэцеся закісі фарызэяў і садуцэяў?
Тады яны зразумелі, што Ён сказаў асьцерагацца не закваскі хлебнай, а вучэньня фарысэйскага.
Тады зразумелі, што ён казаў сьцерагчыся не закісі хлебнае, але навукі фарызэяў і садуцэяў.
А прыйшоўшы ў межы Кесарыі Піліпавай, Ісус пытаўся ў вучняў Сваіх, кажучы: за каго людзі ўважаюць Мяне, Сына Чалавечага?
Прыйшоўшы-ж у землі Цэзарэі Філіпавай, пытаўся ў сваіх вучняў, кажучы. За каго людзі маюць Сына чалавечага?
Яны сказалі: адны за Яна Хрысьціцеля, другія за Ільлю, а тыя за Ерамію альбо за аднаго з прарокаў.
Яны-ж кажуць: Адны за Яна Хрысьціцеля, другія за Гальяша, іншыя-ж за Ярэмію, або за аднаго з прарокаў.
Ён кажа ім: а вы за каго ўважаеце Мяне?
Сказаў ім Езус: А вы за каго мяне маеце?
І Сымон Пётр сказаў у адказ: Ты — Хрыстос, Сын Бога Жывога.
Адказваючы Сымон Пётр сказаў: Ты Хрыстус, Сын Бога жывога.
І Ісус сказаў яму ў адказ: дабрашчасны ты, Сымоне, сыне Ёнаў, бо ня плоць і кроў адкрылі табе гэта, а Айцец Мой, Які ёсьць у нябёсах;
А Езус адзываецца, кажучы яму: Багаслаўлёны ты, Сымоне, сыне Ёны, бо ня цела і кроў аб’явілі табе, але Айцец мой, які ёсьць у небе.
і Я кажу табе: ты Пётр, і на камені гэтым Я збудую Царкву Маю, і брамы пякельныя не адолеюць яе.
І я табе кажу, што ты ёсьць Пётр (скала), і на гэтай скале збудую эклезію маю і брамы пекла не перамогуць яе.
І дам табе ключы Царства Нябеснага: і што зьвяжаш на зямлі, тое будзе зьвязана ў нябёсах; і што разьвяжаш на зямлі, тое будзе разьвязана ў нябёсах.
І табе дам ключы валадарства нябеснага і што толькі звяжаш на зямлі, будзе звязана і ў небе, а што развяжаш на зямлі, будзе развязана і ў небе.
Тады Ісус загадаў вучням Сваім, каб нікому не казалі, што Ён ёсьць Хрыстос.
Тады загадаў сваім вучням, каб нікому не казалі, што ён ёсьць Езус Хрыстус.
З таго часу Ісус пачаў адкрываць вучням Сваім, што Ён мусіць ісьці ў Ерусалім і шмат выцерпець ад старэйшын і першасьвятароў і кніжнікаў, і мае быць забіты, і на трэйці дзень уваскрэснуць.
Ад таго часу пачаў Езус выяўляць сваім вучням, што трэба яму ісьці ў Ерузалім і шмат цярпець ад старшых і кніжнікаў і першасьвятараў ды быць забітым, а на трэці дзень згробуўстаці.
І, адвёўшы Яго, Пётр пачаў пярэчыць Яму, кажучы: міласэрны Ты, Госпадзе! Хай ня будзе гэтага з Табою!
Пётр-жа, ўзяўшы яго, пачаў пярэчыць яму, кажучы: Пашкадуй сябе, Усеспадару, ня будзе з табою гэтага!
А Ён, абярнуўшыся, сказаў Пятру: адыдзі ад Мяне, сатана! ты Мне спакуса, бо думаеш не пра тое, што Божае, а што чалавечае.
Ён-жа, абярнуўшыся, сказаў Пятру: Адыйдзі ад мяне, шатан! Ты для мяне спакуса, бо ня думаеш аб тым, што Божае, але што чалавечае.
Тады Ісус сказаў вучням Сваім: калі хто хоча ісьці за Мною, хай адрачэцца ад сябе і возьме крыж свой і ідзе за Мною;
Тады Езус сказаў сваім вучням: Калі хто хоча ісьці за мною, хай адрачэцца ад самога сябе, і возме крыж свой ды йдзе за мною.
Бо хто хоча душу сваю ўратаваць, той страціць яе; а хто страціць душу сваю дзеля Мяне, той знойдзе яе;
Бо хто-б хацеў усьцерагчы душу сваю, загубіць яе, а хто-б загубіў жыцьцё сваё дзеля мяне, знойдзе яго.
бо якая карысьць чалавеку, калі ён увесь сьвет здабудзе, а душу сваю змарнуе? альбо які выкуп дасьць чалавек за душу сваю?
Якая-ж бо карысьць чалавеку, хоць-бы ён увесь сьвет здабыў, а душы сваёй пашкодзў? Або якую замену дасьць чалавек за душу сваю?
Бо прыйдзе Сын Чалавечы ў славе Айца Свайго з анёламі Сваімі, і тады аддасьць кожнаму паводле спраў ягоных.
Бо Сын чалавечы прыйдзе ў славе Айца свайго з анёламі сваімі і тады аддасьць кожнаму водле чынаў яго.
Праўду кажу вам: ёсьць сярод тых, што стаяць тут, такія, што не скаштуюць сьмерці, пакуль ня ўбачаць Сына Чалавечага, як Ён ідзе ў Царстве Сваім.
Сапраўды кажу вам: Ёсьць некаторыя з стаячых тут, якія не спазнаюць сьмерці, пакуль ня ўбачаць Сына чалавечага, прыходзячага ў валадарсьцьве сваім.