Юда 1 разьдзел

Пасланьне Юды
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад П. Татарыновіча

 
 

Юда, раб Ісуса Хрыста, брат Якава, пакліканым, якія асьвечаныя Богам Айцом і ахаваныя Ісусам Хрыстом:
 
Юда, слуга Езуса Хрыстуса, а брат Якуба, — тым, што ў Айцу Богу ўмілаваныя, а для Езуса Хрыстуса захаваныя й пакліканыя.

міласьць вам і мір і любоў хай памножацца.
 
Міласэрдзе і супакой і ласка хай дапоўняцца вам!

Любасныя! маючы ўсю руплівасьць пісаць вам пра супольнае збавеньне, я палічыў за патрэбнае напісаць вам умаўленьне — паспрыяць веры, адзін раз перададзенай сьвятым.
 
Мілыя, рупліва зьбіраючыся пісаць вам аб супольным нашым збаўленні, я палічыў неабходным выслаць вам напамін — змагацца за веру, раз пераказаную сьвятым.

Бо пракраліся некаторыя людзі, спрадвеку прызначаныя на гэтае асуджэньне, бязбожнікі, што абарочваюць мілату Бога нашага ў нагоду да распусты і выракаюцца адзінага Валадара Бога і Госпада нашага Ісуса Хрыста.
 
Паўкрадаліся бо між вас некаторыя людзі, спракон прызначаныя на гэты асуд, нягоднікі, ласку Божую абяртаючыя ў распусту й адрынаючыяся ад Езуса Хрыстуса, адзінага Валадара нашага і Усеспадара.

Я хачу нагадаць вам, хто ўжо ведае гэта, што Гасподзь, вызваліўшы народ зь зямлі Егіпецкай, потым пагубіў тых, што ня веравалі,
 
Хачу вам, ведаючым ужо гэта, прыпомніць, што Госпад вызваліўшы народ з зямлі Егіпскае, няверучых пасьля выгубіў;

і анёлаў, якія не захавалі сваёй годнасьці, але пакінулі сваё жытло, трымае ў вечных кайданах, пад цемрывам, на суд вялікага дня.
 
анёлаў-жа не захаваўшых свае першадастойнасьці й пакінуўшых сваё месца прабывання, трымае ў вечных путах і цемрадзі да вялікага суднага дня;

Як Садома і Гамора і навакольныя гарады, што падобна да іх блудадзеілі і ўганяліся за іншаю плоцьцю, дастаўшы кары вагнём вечным, пастаўлены ў прыклад, —
 
гэтак Содома й Гоморра з ваколічнымі гарадамі, падобна ім распуставаўшымі похатна ўганяючыся за іншай плоцьцю, сталіся прыкладам падпалых пад кару агню вечнага;

гэтак сама будзе і з гэтымі лятуценьнікамі, якія апаганьваюць плоць, адмаўляюць начальствы і ліхасловяць высокія ўлады.
 
таксама будзей з гэтымі мрыйнікамі, апаганьваючымі цела, пагарджаючымі уладай і зьневажаючымі высокадастойнасьць.

Міхаіл Арханёл, калі гаварыў з д’яблам, спрачаючыся пра Майсеева цела, не адважыўся вымавіць зьняважлівага выраку, а сказаў: няхай забароніць табе Гасподзь.
 
Міхал Арханел на пяропрах з дзьяблам за цела Майжэша, ня сьмеў вымавіць дакорлівага асуду, але сказаў: Хай Госпад скарае цябе!

А гэтыя ганьбуюць тое, чаго ня ведаюць; а што з прыроды, як бязмоўныя жывёлы ведаюць, тым і разбэшчваюць сябе.
 
А гэтые ганьбуюць тое, чаго ня ведаюць, а што па прыродзе, як немыя жывёлы, пазнаюць, тым сябе псуюць.

Гора ім, бо ідуць дарогай Каінавай, упадаюць у змусту зьдзірства, як Валаам, і ў зацятасьці гінуць, як Карэй.
 
Гора ім, бо ўзыйшлі на Каінавы шлях, папусьціліся падкупной мане Балаама, і ў упорлівасьці, бы той Корэй, пагінулі (Быць. 4:8; Ліць. 22:23; 16:32).

Такія бываюць спакусай на вашых вячэрах любові: банкетуючы з вамі, бяз страху напасваюцца; гэта — бязводныя хмары, што вецер носіць; восеньскія дрэвы, бясплодныя, двойчы памерлыя, выкарчаваныя;
 
Яны плямяць сяброўскае субяседніцтва гасьціннае, пасучыся бяссорамна; гэта аблокі бязводныя, ветрам ганяныя, гэта познавасенняя дравяная посуш бясплодная скарэненая;

раз’юшаныя марскія хвалі, што з шумавіньнем выкідаюць сваю брыду, зоркі вандроўныя, якіх трымае морак цемрыва навекі.
 
гэта разбуяныя хвалі марскія, што пеняцца сваёю брыдою; зоры зблуканыя, для якіх бяздонная цемрадзь навекі наканавана.

Пра іх прарочыў і Энох, сёмы ад Адама, кажучы: вось, ідзе Гасподзь з процьмаю сьвятых анёлаў Сваіх —
 
Праракаваў аб іх і Гэнох, сёмы па Адаме, кажучы: Надыйшоў вось Госпад зь мірыядамі сьвятых —

чыніць суд над усімі і выкрыць усіх сярод іх бязбожных ва ўсіх справах, якія ад бязбожнасьці іхняй, і за ўсе жорсткія словы, якімі ганілі Яго бязбожныя грэшнікі.
 
узьвясьці суд на ўсіх і дакарыць усіх бязбожнікаў за ўсе іхіня праступкі нягодніцтва, якіх дапусьціліся, ды за ўсю выказануб проці Яго жорсткасьць паганых грэшнікаў.

Гэта — наракальнікі, нічым не задаволеныя, што ходзяць у сваіх пажадлівасьцях (бязбожна і беззаконна); вусны іхнія вымаўляюць пыхлівыя словы; і зважаюць на асобы з карысьлівасьці.
 
Гэта гмырлівыя наракальнікі, сваім захцеванкам надта папусклівыя, з надутымі славамі ў вуснах, аказваючыя старонлівасьць для другіх толькі дзеля карысьці.

Але вы, любасныя, памятайце прадказанае апосталамі Госпада нашага Ісуса Хрыста;
 
Але вы, дарагія, майце ў памяці словы Апосталаў Усеспадара нашага Езуса Хрыстуса,

яны казалі вам, што апошнім часам зьявяцца агуднікі, якія будуць хадзіць у сваіх бязбожных пахацінствах.
 
якія гаварыліж вам, што апошнімі часамі зьявяцца ганьбіцелі, паступаючыя нягодна водля сваіх нізкіх похацяў.

Гэта — людзі, якія адлучаюць сябе (ад адзінства веры), душэўныя, але бяз духу.
 
Гэта тыя, што сябе самых адасабняюць, як псыхічныя жывіны, а Духа ня маюць.

А вы, любасныя, будуючыся на найсьвяцейшай веры нашай, молячыся Духам Сьвятым,
 
Вы аднак, мілыя, грунтуючыся на веры вашай найсьвяцейшай, молячыся ў Духу Святым, трывайце ў любасьці Божай, чакаючы міласэрдзя Езуса Хрыстуса Усеспадара нашага, на жыцьцё вечнае.

захоўвайце сябе ў любові Божай, чакаючы міласьці ад Госпада нашага Ісуса Хрыста, на вечнае жыцьцё;
 
Адным, асуджаным, давайце напамін, другіх ратуйце, выхопліваючы з агню;

і да адных будзьце літасьцівыя, з разважлівасьцю;
 
над іншымі-ж літуйцеся з боязьзю, брыдзячыся навет іхнім, плоцьцю апаганеным, нацелівам.

а другіх страхам ратуйце, вырываючы з вагню, выкрывайце са страхам, пагарджаючы нават вопраткаю, якая апаганена целам.
 
А Таму, Каторы можа ўсьцерагчы вас ад граху і паставіць перад тронам Свае хвалы бесплямнымі і радаснымі,

А Таму, Хто можа захаваць вас ад падзеньня і паставіць перад славаю Сваёю беспахібнымі ў радасьці,
 
Богу адзінаму, Збавіцелю нашаму, праз Езуса Хрыстуса нашага Валадара, хвала і вяльможнасьць, сіла і ўлада прад вякамі, цяпер і павек вякоў. Амэн.

адзінаму, самаму мудраму Богу, Збаўцу нашаму празь Ісуса Хрыста Госпада нашага, слава: веліч, сіла і ўлада перад усімі вякамі, сёньня і ўсявечна. Амін.