2 Яна 1 разьдзел

Другое пасланьне Яна
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад П. Татарыновіча

 
 

Старац — выбранай спадарыні і дзецям яе, якіх я люблю ў ісьціне, і ня толькі я, але і ўсе, хто спазнаў ісьціну,
 
Старшы — Спажы Выбранцы і ейным нашчадкам, якіх я па-праўдзе люблю, ды ня толькі я, але і ўсе пазнаўшыя праўду

дзеля ісьціны, якая жыве ў нас і будзе з намі вечна:
 
дзеля праўды, што трывае ў нас і будзе з намі навекі.

хай будзе з вамі мілата, літасьць, мір ад Бога Айца і ад Госпада Ісуса Хрыста, Сына Айца, у ісьціне і любові.
 
Ласка, міласэрддзе й супакой ад Бога Айца ды ад Езуса Хрыстуса, Сына Айовага, хай будзе з вамі ў праўдзе і любасьці!

Я вельмі ўсьцешыўся, што знайшоў сярод дзяцей тваіх такіх, якія ходзяць у ісьціне, як мы атрымалі ў наказ ад Айца.
 
Я быў вельмі рад, што знайшоў зь дзяцей тваіх жывучых у праўдзе, паводля прыказання, якое мы атрымалі ад Айца.

І сёньня прашу цябе, спадарыня, ня як новую запаведзь прадпісваючы табе, а тую, якую маем ад пачатку, — каб мы любілі адно аднаго.
 
І цяпер прашу цябе, Спажа, не як новае прыказанне пішучы табе, але тое, што мелі ад пачатку: каб мы любілі адзін другога.

Любоў бо ў тым, каб жылі мы паводле запаведзяў Ягоных. Гэта — тая запаведзь, якую вы чулі ад пачатку, каб жылі згодна зь ёю,
 
А любасьць гэна ёсьць у тым, каб мы праступалі паводля Ягоных прыказанняў. Гэта бо тое прыказанне, якое вы чулі спачатна, каб водля яго паступаць.

бо многія зваднікі ўвайшлі ў сьвет, якія не вызнаюць Ісуса Хрыста, што прыйшоў у плоці: такі чалавек ёсьць зваднік і антыхрыст.
 
Шмат бо зводнікаў зьявілася ў сьвеце, якія ня вызнаюць Езуса Хрыстуса, прыйшоўшага ў целе: гэткі ёсьць зводнікам і антыхрыстам.

Сачэце за сабою, каб нам ня страціць таго, над чым мы працавалі, а каб атрымалі поўную ўзнагароду.
 
Пільнуйце самых сябе, каб не страцілі таго, што запрацавалі, але каб атрымалі поўную заплату.

Кожны, хто пераступае вучэньне Хрыстовае і ня жыве ў ім, ня мае Бога; а хто жыве ў вучэньні Хрыстовым, той мае і Айца і Сына.
 
Кажны, хто адступае ад навукі Хрыстовай і ня трывае ў ёй, ня мае Бога; а хто трывае пры навуцы, той мае і Айца і Сына.

Хто прыходзіць да вас і ня прыносіць гэтага вучэньня, таго ня прымайце ў дом і ня вітайце яго;
 
Калі хто прыйходзіць да вас, а навукі гэтай ня прыносіць, таго ня прыймайце ў дом, навет ня вітайце;

бо хто яго вітае, той мае ўдзел у ліхіх учынках ягоных.
 
бо хто яго вітае, той удзельнічае ў благіх паступках ягоных.

Многае маю пісаць вам, ды не хачу на паперы чарнілам; а спадзяюся прыйсьці да вас і гутарыць вуснамі ў вусны, каб радасьць вашая была поўная.
 
Шмат чаго маю пісаць вам, але ня хочу на паперы чарнілам, спадзяюся бо быць у вас і гутарыць з вамі вусна, каб радасьць ваша была поўная.

Вітаюць цябе дзеці сястры твае выбранае. Амін.
 
Вітаюць цябе дзеці Выбранкі сястры твае.