2 да Карынфянаў 1 разьдзел
Другое пасланьне да Карынфянаў
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад П. Татарыновіча
Павал, з волі Божае апостал Ісуса Хрыста, і Цімафей брат Царкве Божай у Карынфе з усімі сьвятымі па ўсёй Ахаіі:
Павал з волі Божае Апостал Езуса Хрыстуса і Тыматэй брат — эклезіі Божай у Карынце з усімі сьвятымі па ўсёй Ахаі.
мілата вам і мір ад Бога Айца нашага і Госпада Ісуса Хрыста.
Ласка вам і спакой ад Бога Айца нашага і Усеспадара Езуса Хрыстуса.
Дабраславёны Бог і Айцец Госпада нашага Ісуса Хрыста, Айцец міласэрнасьці і Бог усякага суцяшэньня,
Дабраслаўлены Бог і Айцец Усеспадара нашага Езуса Хрыстуса, Айцец міласэрдзя і Бог усякай патолі,
Які суцяшае нас ва ўсякай маркоце нашай, каб і мы маглі суцяшаць усіх замаркочаных тым суцяшэньнем, якім Бог суцяшае нас саміх!
што пацяшае нас у кажнай журбе нашай, каб і мы маглі горам прыгнобленых пацяшаць тою патоляю, якою Бог самых нас пацяшае.
Бо як памнажаюцца ў нас цярпеньні Хрыстовыя, памнажаецца Хрыстом і суцяшэньне нашае.
Бо так як багата ў нас цярпенняў Хрыстуса, гэтак праз Хрыстуса шмат і пацехі.
Калі церпім смуткі мы, церпім дзеля вашага суцяшэньня і ўратаваньня, якое адбываецца празь цярпеньне такіх самых пакутаў, якія і мы церпім;
Калі восьжа мы тужым, дык для вашай пацехі й збаўлення, што вам дае сілу цярпліва зносіць тыяж мукі, якія і мы перажываем.
і надзея наша на вас цьвёрдая. Ці суцяшаемся мы, суцяшаемся дзеля вашага суцяшэньня і ўратаваньня, ведаючы, што вы маеце долю як у цярпеньнях нашых, так і ў суцяшэньні.
Надзея наша аб вас моцная, бо ведаем, што вы супольнікі нашыя ў смутках так, як і ў радасьцях будзеце.
Бо мы ня хочам пакінуць вас, браты, каб ня ведалі вы пра смутак наш, што выпаў нам у Асіі, бо над усякую меру і над сілу былі мы прыгнечаныя, так што ня мелі надзеі і жыць.
Мы бо ня хочам, каб вы, браты, ня ведалі аб нашай бядзе, якая спаткала нас у Азіі; так празьмерную й непасільную мелі мы прыгнобу, што аж ня мілае нам было жыцьцё.
Але самі ў сабе мелі вырак на сьмерць, каб спадзяваліся не на саміх сябе, а на Бога, Які ўваскрашае мёртвых,
Але мы ў сабе самых мелі сьмяротны прысуд, каб спадзявацца не на сябе, а на Бога, які ўскрашае мяртвых;
Які і выбавіў нас ад такое блізкае сьмерці і выбаўляе, і на Якога спадзяёмся, што і яшчэ выбавіць,
які выбавіў нас ды выбаўляе ад гэтулькіх небясьпекаў; на Яго спадзяёмся, што і далей выбаўляціме
калі паспрыяе і ваша малітва за нас, каб за дадзенае нам па просьбе многіх, многія падзякавалі за нас.
пры дапамозе і вашай за нас малітвы, каб за дар атрыманы дзеля просьбы многіх, многія за нас і дзякавалі.
Бо пахвала нашая гэтая ёсьць сьведчаньне сумленьня нашага, што мы ў чысьціні і богаспадобнай шчырасьці, ня ў плоцкай мудрасьці, а ў мілаце Божай, жылі ў сьвеце, асабліва ў вас.
Хвала бо нашая — гэта сьветчанне нашага сумлення, што ў прастаце і Богу мілай шчырасьці, не ў цялеснай мудрасьці, але ў ласцы Божай паступалі на гэтым сьвеце, асабліваж у вас.
І мы ня пішам вам іншага, як толькі тое, што вы чытаеце або разумееце, і што, як спадзяюся, да канца зразумееце,
Мы нічога й ня пішам вам, як тое толькі, што вы чытаеце й разумееце; дый, спадзяюся, што й цалком зразумееце,
як што вы ўжо часткова і зразумелі, што мы будзем вашаю славай, як і вы — нашаю, у дзень Госпада нашага Ісуса Хрыста,
як часткова ўжо й зразумелі нас: што мы — вашая слава, так як вы — нашая ў дню Усеспадара нашага Езуса Хрыстуса.
і ў гэтай пэўнасьці я зьбіраюся адведаць вас раней, каб вы яшчэ раз атрымалі мілату,
І з гэтай спадзевай меўся я раней прыбыць да вас, каб другі раз вы радасьць мелі;
і ад вас перайсьці ў Македонію, а з Македоніі зноў прыйсьці да вас, а вы мяне выправілі б у Юдэю.
і ад вас перайсьці ў Макэдонію ды зноў вярнуцца к вам з Макэдоніі, каб вы правялі мяне ў Юдэю.
Маючы такі намер, ці не легкадумна я зрабіў? Альбо, што я задумваю, па плоці задумваю, так што ўва мне то «так-так», то «не-не»?
Маючы гэта ў намеры, ціж я паступіў лёгкадумна? Ці што я задумляю, дык толькі з людзкіх мяркаванняў, каб было ў мяне адначасна і «так» і «не»?
Але верны Бог, што слова наша да вас ня было то «так», то «не».
Алеж верны Бог мне сьветкай, што мова наша да вас ня ёсьць і «так» і «не».
Бо Сын Божы Ісус Хрыстос, Якога мы, я і Сілуан і Цімафей, прапаведавалі вам, ня быў «так» і «не»; а ў Ім было «так»,
Бо Сын Божы Езус Хрыстус, які абвяшчаецца у вас намі — і мною, і Сільванам, і Тыматэем — ня быў «так» і «не», але было ў Ім толькі «так»;
бо ўсе абяцаньні Божыя ў ім «так» і ў Ім «амін» на славу Божую праз нас.
колькі бо ёсьць абяцанняў Божых, усе ў Ім сталіся «так», таму празь Яго і Аман Богу на хвалу ад нас.
А Той, Хто мацуе нас з вамі ў Хрысьце і памазаў нас, ёсьць Бог,
А той, каторы уцьвярджае нас з вамі ў Хрыстусе й каторы даў нам памазанне, ёсьць Бог;
Які і паклаў на нас пячатку і даў заклад Духа ў сэрцы нашыя.
Ён-жа палажыў на нас пячаць сваю ды даў заруку Духа ў сэрцы нашыя.
Бога заклікаю ў сьведкі на душу маю, што, шкадуючы вас, я дагэтуль ня прыходзіў у Карынф,
Бога восьжа ўжываю на сьветка маёй душы, што дзеля ашчады вас я дагэтуль ня прыходзіў у Карынт;
не таму, што быццам мы бяром уладу над вераю вашаю; але мы спрыяем радасьці вашай; бо вераю вы цьвёрдыя.
не таму, як быццамбы мы валадарнічалі над вашай верай, але мы спрыяем вашай радасьці: бо у веры вы стойкія.