2 да Карынфянаў 8 разьдзел
Другое пасланьне да Карынфянаў
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад П. Татарыновіча
Паведамляем вам, браты, пра мілату Божую, дадзеную цэрквам Македонскім;
Паведамляем вам, браты, аб той ласцы, якою Бог абдзяліў Макэдонскія эклезіі:
бо яны сярод вялікіх выпрабаваньняў нягодамі маюць шмат радасьці, і глыбокая галеча іхняя разьліваецца бяз краю ў шчодрасьці іхняй гасьціннасьці;
сярод бо цяжкога допусту горкіх турботаў поўнасьцю захавалі пагоду духа, а іх скрайнюю ўбогасьць абагацілі радульнаю скромнасьцю;
бо яны зычлівыя па сіле і па-над сіламі — я сьведка:
яны дабраахвотныя водле сілы ды й цераз сілу — я ў гэтым сьветка ім, —
яны вельмі пераканаўча прасілі нас прыняць дар і ўдзел іхні ў служэньні сьвятым;
яны вельмі прасілі нас ласкі ды удзейніцтва іх ў паслузе сьвятым;
і ня толькі тое, на што мы спадзяваліся, але яны аддалі саміх сябе найперш Госпаду, потым і нам з волі Божае;
і ня толькі тое, чаго мы спадзяваліся, але й самых сябе аддалі найперш Богуспадару, а пасьля й нам з Божае волі;
таму мы прасілі Ціта, каб ён, як быў пачаў, так і скончыў у вас і гэтую добрую дзею.
таму мы й прасілі Тытуса, каб як зачаў, дык гэтак і давяршыў у вас і гэтае добрае дзела.
А як што вы перапоўненыя ўсім: вераю і словам, і пазнаньнем і ўсякай руплівасьцю, і любоўю вашаю да нас, — дык прасякнецеся ж і гэтаю дабрачыннасьцю.
А як у-ва ўсім адзначаецеся — у веры, у мове, у ведзе, у дбайнасьці, а датаго й любасьцю вашаю да нас, — дык трэба вам адзначацца і ў гэтай ласцы, дабрадзейнасьці.
Кажу гэта не як загад, а дбаньнем іншых выпрабоўваю шчырасьць і вашай любові.
Не кажу гэтага загадна, але карыстаючы з дбайнасьці іншых, выпрабоўваю шчырасьць і вашай любасьці.
Бо ведаеце вы мілату Госпада нашага Ісуса Хрыста, што Ён, будучы багаты, зьбяднеў дзеля вас, каб вы ўзбагаціліся Ягонай беднасьцю.
Бо-ж знаеце ласку Усеспадара нашага Езуса Хрыстуса, што будучы багатым, дзеля вас абяднеў, каб вы разбагацелі ягонай убогасьцю.
Я даю на гэта раду: бо гэта карысна вам, вы ня толькі пачалі рабіць гэта, але і жадалі таго яшчэ зь леташняга.
Даю вам на гэта раду, гэта бо карыснае вам, якія ня толькі рабіць, але й намервацца першыя пачалі шчэ зь леташняга году.
Завяршэце ж цяпер самую дзею, каб, чаго так моцна прагнулі, тое і зроблена было па магчымасьці.
Цяпер-жа сьцьвярдзеце чынам, каб, як із гарачай шчырасьцю намерваліся, так і давяршылі з таго, што маеце.
Бо, калі ёсьць руплівасьць, дык яна прымаецца залежна ад таго, хто мае, а не ад таго, чаго ня мае.
Бо калі ёсьць ахвота даць, дык яна прыемная мераю таго, што хто мае — не таго, чаго ня мае.
Тут трэба, каб іншым была палёгка, а вам цяжар, але каб была роўнасьць.
Бо-ж не натое даецца, каб іншым долю аблягчыць, а сабе пагоршыць, але, каб была роўнасьць.
Сёньня ваш дастатак на пакрыцьцё іхняй нястачы; а пасьля іх дастатак на пакрыцьцё вашай нястачы, каб была роўнасьць,
Цяпер ваш збытак хай пакрые іхнюю нястачу, каб таксама іхні збытак мог калісь пакрыць вашую нястачу, каб была роўнасьць;
як напісана: «хто сабраў многа, ня меў лішняга, і хто — мала, ня меў нястачы».
як напісана: «Хто зыбраў многа, ня меў лішніцы, і хто — мала, ня меў нястачы» (Выйсь. 16:18).
Дзякаваць Богу, што Ён уклаў у Цітава сэрца такую руплівасьць пра вас;
богу падзяка, што разбудзіў у сэрцы Тытуса гэткую самую аб вас дбайнасьць;
бо, хоць я і прасіў яго, але ён, будучы занадта руплівы, пайшоў да вас з добрае волі.
бо і просьбу маю прыняў, але і з уласнае дбайнасьці ахвочае сам пайшоў к вам.
Зь ім паслалі мы таксама брата, якога ва ўсіх цэрквах многа хваляць за зьвеставаньне,
Зь ім паслалі мы такжа і брата, ў ва ўсіх эклезіях хвалёнага за Эванэлію,
і пры гэтым выбранага ад цэркваў у спадарожнікі нам для гэтага добрага пачынаньня, якому мы служым у славу Самога Госпада і ў згодзе з руплівасьцю вашай,
ды й ня толькі тое, але ён выбраны ад эклезіяў нам на спадарожніка у гэтай дабрадзейнай справе, якой мы дабраахвотна служым на хвалу самому Богуспадару і ў адпаведнасьць старанням вашым,
асьцерагаючыся, каб хто не наракаў на нас пры такой шчодрасьці прынашэньняў, якія давераны нашаму служэньню;
высьцярагаючыся, каб нам хто не дакараў із-за таго багацьця ахвяр, здаваных на наш загад;
бо мы дбаем за дабро ня толькі перад Госпадам, але і перад людзьмі.
мы бо дбаем аб добрасьці ня толькі перад Богам, але і перад людзьмі.
Мы паслалі зь імі і брата нашага, чыю руплівасьць шмат разоў праверылі ў многім, і які сёньня яшчэ руплівейшы празь вялікі давер да вас.
Мы выслалі зь імі такжа і брата нашага, дбаласьць якога шмат у чым выпрабавалі, які цяпер зь вялікага даверу да вас яшчэ болей дбалы.
Што да Ціта, гэта — мой сябар і супрацоўнік у вас; а што да братоў нашых, гэта — пасланцы цэркваў, слава Хрыстова.
Што да Тытуса, то гэта — мой таварыш і дапаможны супрацоўнік у вас; ды што да братоў, дык гэта высланнікі эклезіяў — слава Хрыстуса. —
Дык вось, перад абліччам цэркваў дайце ім доказ любові вашай і таго, што мы справядліва ганарымся вамі.
дайце-ж ім доказ вашае любасьці ды нашае хвальбы вамі — ў вабліччы эклезіяў.