3 Яна 1 разьдзел
Трэйцяе пасланьне Яна
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад П. Татарыновіча
Старац — любаснаму Гаію, якога я ў ісьціне люблю.
Старшы — дарагому Гаю, каторага папраўдзе люблю.
Любасны! малюся, каб табе здаровілася і шчасьціла ва ўсім, як шчасьціць душы тваёй.
Наймілейшы! Малюся, каб табе здаровілася ды шчасьціла ва ўсім, як шчасьціць душы тваёй.
Бо я вельмі ўсьцешыўся, калі прыйшлі браты і засьведчылі пра тваю вернасьць, як ты ходзіш у ісьціне.
Я вельмі быў рад, калі прыйшлі браты й засьветчылі тваю вернасьць, як ты ходзіш у праўдзе.
Няма мне большае радасьці, як чуць, што дзеці мае ходзяць у ісьціне.
Для мяне няма большай радасьці, як пачуць, што дзеці мае жыцвуць у праўдзе.
Любасны! ты як верны дзееш у тым, што робіш братам і вандроўнікам;
Верна паступаеш, мілы мой, што робіш для братоў і-то падарожных,
яны засьведчылі перад царквою пра любоў тваю; ты добра зробіш, калі адпусьціш іх, як яно трэба дзеля Бога,
якія аб тваёй любасьці засьветчылі перад Эклезіяй; ты добра зробіш, калі адправіш іх як трэба, па-Божаму;
бо яны дзеля імя Ягонага пайшлі, ня ўзяўшы нічога ад язычнікаў.
ў імя бо Ягона яны пайшлі, ня прыймаючы нічога ад паганаў.
Дык вось павінны мы прымаць іх такіх, каб зрабіцца спрыяльнікамі ісьціне.
Мы тады павінны гэткіх прыймаць, каб стацца суудзейнікамі праўды.
Я пісаў быў царкве; але Дыятрэф, які любіць быць першым у іх, ня прымае нас.
Я пісаў Эклезіі, але Дыотрэф, што любіць старшыняваць між імі, ня прыймае нас.
Таму, калі я прыйду, дык узгадаю ўчынкі, якія ён робіць, ганячы словамі ліхімі нас, і, не задавальняючыся гэтым, і сам ня прымае братоў, і забараняе тым, што жадаюць прымаць, і выганяе іх з царквы.
Таму вось, як калісь прыеду, дык дам яму напамін за учынкі, якія робіць ён, ачарняючы нас благімі славамі; ды якбы шчэ не здавольваючыся гэтым, і сам ня прыймае братвы, і забараняе жадаючым прыймаць ды адстараняе ад Эклезіі.
Любасны! не ўпадабняйся ліхому, а добраму. Хто робіць дабро, той Божы; а хто робіць ліха, ня бачыў Бога.
Найдаражэйшы! Не патурай благому, але таму, што ёсьць добрае. Хто дабро творыць, той з Бога ёсьць; ліхадзей-жа ня відзеў Бога.
Пра Дзімітрыя засьведчылі ўсе і сама ісьціна; сьведчым таксама і мы, і вы ведаеце, што сьведчаньне нашае ў ісьціне.
Змітру даюць пасьветчанне ўсе, навет і сама праўда, ды й мы такжа сьветчым, а тыж ведаеш — пасьветчанне нашае праўдзівае.
Многае меўся я напісаць; ды не хачу пісаць табе чарнілам і трысьцінкаю,
Шмат я меў табе пісаць, але ня хочу пяром і чарнілам;
спадзяюся ж бо неўзабаве пабачыць цябе і пагутарыць вуснамі ў вусны.
бо спадзяюся, што хутка ўбачымся і з вусн у вусны пагутарым.
Мір табе! вітаюць цябе сябры; павітай сяброў паіменна. Амін.
Спакой табе! Здаровяць цябе сябры. Паздароў паіменна прыяцелеў.