2 Яна 1 разьдзел

Другое пасланьне Яна
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Анатоля Клышкi

 
 

Старац — выбранай спадарыні і дзецям яе, якіх я люблю ў ісьціне, і ня толькі я, але і ўсе, хто спазнаў ісьціну,
 
Старэйшына — выбранай гаспадырыні і яе дзецям, якіх я люблю ў праўдзе, і не толькі я, але і ўсе, хто ўведаў праўду,

дзеля ісьціны, якая жыве ў нас і будзе з намі вечна:
 
дзеля праўды, якая жыве ў нас і будзе з намі навекі.

хай будзе з вамі мілата, літасьць, мір ад Бога Айца і ад Госпада Ісуса Хрыста, Сына Айца, у ісьціне і любові.
 
Няхай будзе з намі1 ласка, літасць, мір ад Бога Бацькі і ад [Госпада] Ісуса Хрыста, Сына Бацькі, у праўдзе і ў любові!

Я вельмі ўсьцешыўся, што знайшоў сярод дзяцей тваіх такіх, якія ходзяць у ісьціне, як мы атрымалі ў наказ ад Айца.
 
Я вельмі ўзрадаваўся, што між тваіх дзяцей знайшоў тых, якія ходзяць у праўдзе, як мы атрымалі запаведзь ад Бацькі.

І сёньня прашу цябе, спадарыня, ня як новую запаведзь прадпісваючы табе, а тую, якую маем ад пачатку, — каб мы любілі адно аднаго.
 
І цяпер прашу цябе, гаспадарыня — не як новую запаведзь пішучы табе, а тую, якую мы мелі ад пачатку, — каб мы любілі адзін аднаго.

Любоў бо ў тым, каб жылі мы паводле запаведзяў Ягоных. Гэта — тая запаведзь, якую вы чулі ад пачатку, каб жылі згодна зь ёю,
 
І гэта ёсць любоў: каб мы жылі паводле Яго запаведзяў; гэта ёсць запаведзь, як вы чулі ад пачатку, каб вы паводле яе жылі.

бо многія зваднікі ўвайшлі ў сьвет, якія не вызнаюць Ісуса Хрыста, што прыйшоў у плоці: такі чалавек ёсьць зваднік і антыхрыст.
 
Бо многа ашуканцаў выйшла2 ў свет, тых, што не вызнаюць Ісуса Хрыста, Які прыйшоў у целе. Такі чалавек ашуканец і антыхрыст.

Сачэце за сабою, каб нам ня страціць таго, над чым мы працавалі, а каб атрымалі поўную ўзнагароду.
 
Глядзіце за сабою, каб не страціць вам3 таго, над чым мы працавалі, а каб атрымаць поўную ўзнагароду.

Кожны, хто пераступае вучэньне Хрыстовае і ня жыве ў ім, ня мае Бога; а хто жыве ў вучэньні Хрыстовым, той мае і Айца і Сына.
 
Кожны, хто пераступае вучэнне Хрыста і не жыве ў ім, не мае Бога; хто жыве ў вучэнні [Хрыстовым], той мае і Бацьку і Сына.

Хто прыходзіць да вас і ня прыносіць гэтага вучэньня, таго ня прымайце ў дом і ня вітайце яго;
 
Калі хто-небудзь прыходзіць да вас і не прыносіць гэтага вучэння, не прымайце яго ў дом і не кажыце яму: «Радавацца!»4

бо хто яго вітае, той мае ўдзел у ліхіх учынках ягоных.
 
Бо той, хто кажа яму: «Радавацца!» — саўдзельнічае ў яго ліхіх учынках.

Многае маю пісаць вам, ды не хачу на паперы чарнілам; а спадзяюся прыйсьці да вас і гутарыць вуснамі ў вусны, каб радасьць вашая была поўная.
 
Шмат маю пісаць вам, але не хачу пісаць на паперы чарніламі, а спадзяюся прыйсці да вас і пагаварыць з вуснаў у вусны, каб радасць наша была поўнаю.

Вітаюць цябе дзеці сястры твае выбранае. Амін.
 
Вітаюць цябе дзеці тваёй выбранай сястры. [Амін].