1 Яна 5 разьдзел
Першае пасланьне Яна
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Анатоля Клышкi
Кожны, хто верыць, што Ісус ёсьць Хрыстос, ад Бога народжаны, і кожны, хто любіць Таго, Хто нарадзіў, любіць народжанага ад Яго.
Кожны, хто верыць, што Ісус ёсць Хрыстос, ад Бога народжаны, і кожны, хто любіць Таго, Хто нарадзіў, любіць і народжанага ад Яго.
Што мы любім дзяцей Божых, спазнаём з таго, калі любім Бога і трымаемся запаведзяў Ягоных.
У г этым мы пазнаём, што любім дзяцей Божых: калі любім Бога і выконваем Яго запаведзі.
Бо гэта ёсьць любоў да Бога, каб мы трымаліся запаведзяў Ягоных; і запаведзі Ягоныя ня цяжкія.
Бо вось што ёсць любоў Божая: каб мы выконвалі Яго запаведзі, і запаведзі Яго не цяжкія.
Бо кожны народжаны ад Бога, перамагае сьвет; і гэта ёсьць перамога, якая перамагла сьвет, — вера нашая.
Бо ўсё, народжанае ад Бога, перамагае свет; і вось што ёсць перамога, якая перамагла свет: наша вера.
Хто перамагае сьвет, як ня той, які верыць, што Ісус ёсьць Сын Божы?
І хто перамагае свет, як не той, хто верыць, што Ісус ёсць Сын Божы?
Гэты ёсьць Ісус Хрыстос, Які прыйшоў вадою і крывёю (і Духам), не вадою толькі, а вадою і крывёю; і Дух сьведчыць пра Яго, бо Дух ёсьць ісьціна.
Гэта ёсць Той, Хто прайшоў праз ваду і кроў, [і Духа,] Ісус Хрыстос; не толькі вадою, а вадою і крывёю; і Дух ёсць сведка, таму што Дух ёсць праўда.
Бо тры сьведчаць на небе: Айцец, Слова і Сьвяты Дух; і гэтыя Тры — Адно.
Бо ёсць тры сведкі [на небе: Бацька, Слова і Святы Дух; і гэтыя тры ёсць адно.
І тры сьведчаць на зямлі: дух, вада і кроў: і гэтыя тры пра адно.
І тры сведчаць на зямлі:] Дух, вада і Кроў; і ўсе тры — у адным.
Калі мы прымаем сьведчаньне людзкое, сьведчаньне Божае — большае, бо гэта ёсьць сьведчаньне Божае, якім Бог сьведчыў пра Сына Свайго.
Калі мы прымаем сведчанне людзей, то сведчанне Божае — большае, бо гэта сведчанне Бога, якім Ён засведчыў пра Свайго Сына.
Хто веруе ў Сына Божага, мае сьведчаньне ў самім сабе; хто ня веруе ў Бога, той робіць Яго ілжывым, бо ня верыць у сьведчаньне, якім Бог сьведчыў пра Сына Свайго.
Хто верыць у Сына Божага, той мае сведчанне ў сабе самім; хто не верыць Богу, той зрабіў Яго лгуном, бо не паверыў у сведчанне, якім Бог засведчыў пра Свайго Сына.
Сьведчаньне гэтае ў тым, што Бог дараваў нам жыцьцё вечнае, і гэтае жыцьцё ў Сыне Ягоным.
І гэта ёсць сведчанне: што Бог даў нам вечнае жыццё, і гэтае жыццё — у Яго Сыне.
Хто мае Сына (Божага), мае жыцьцё; хто ня мае Сына Божага, ня мае жыцьця.
Хто мае Сына, той мае жыццё; хто не мае Сына Божага, не мае жыцця.
Гэта напісаў вам я, хто верыць у імя Сына Божага, каб вы ведалі, што вы, веруючы ў Сына Божага, маеце жыцьцё вечнае.
Я напісаў вам гэта, каб вы ведалі, што вы маеце жыццё вечнае, — тым, хто верыць у імя Сына Божага.
І вось, якую адвагу мы маем перад Ім, што, калі просім чаго па волі Ягонай, Ён слухае нас;
І гэта ёсць адвага, якую мы маем перад Ім: што калі мы чаго просім згодна волі Яго, ён чуе нас.
А калі мы ведаем, што Ён слухае нас ва ўсім, чаго б мы ні прасілі, — ведаем і тое, што атрымліваем ад Яго, чаго просім.
І калі мы ведаем, што Ён чуе нас ва ўсім, чаго б мы ні прасілі, мы ведаем, што маем усё тое прошанае, якое мы папрасілі ў Яго.
Калі хто бачыць брата свайго, як ён учыняе грэх не на сьмерць, дык няхай моліцца, і Бог дасьць яму жыцьцё, яму, хто грэшыць не на сьмерць. Ёсьць грэх на сьмерць: не пра тое кажу, каб ён маліўся.
Калі хто-небудзь убачыць, што яго брат саграшыць грахом не на смерць, няхай папросіць і Бог дасць яму жыццё — тым, хто грашыць не на смерць. Ёсць грэх на смерць: я не кажу, каб ён прасіў аб тым.
Усякая няпраўда ёсьць грэх, але ёсьць грэх не на сьмерць.
Кожная няправеднасць — грэх, але ёсць грэх не на смерць.
Мы ведаем, што кожны, народжаны ад Бога, ня грэшыць; а народжаны ад Бога захоўвае сябе, і ліхадзей не чапае яго.
Мы ведаем, што кожны, народжаны ад Бога, не грашыць, але той, хто быў народжаны ад Бога, ахоўвае сябе, і ліхі4 не дакранецца да яго.
Мы ведаем, што мы ад Бога, і што ўвесь сьвет ляжыць у зьле.
Мы ведаем, што мы — ад Бога, а ўвесь свет ляжыць у ліхім.
Ведаем таксама, што Сын Божы прыйшоў і даў нам (сьвятло і) розум, каб спазналі (Бога) сапраўднага і каб былі мы ў Сапраўдным Сыне Ягоным, Ісусе Хрысьце. Ён ёсьць Сапраўдны Бог і жыцьцё вечнае.
Але мы ведаем, што Сын Божы прыйшоў і даў нам розум, каб мы ведалі Праўдзівага [Бога], і мы — у Праўдзівым, у Яго Сыне Ісусе Хрысце. Ён ёсць праўдзівы Бог і вечнае жыццё.
Дзеці! баранеце сябе ад ідалаў. Амін.
Дзеткі, сцеражыце сябе ад ідалаў. [Амін.]