1 Яна 5 разьдзел

Першае пасланьне Яна
Пераклад Л. Дзекуць-Малея → Пераклад Анатоля Клышкi

 
 

Кожын, хто веруе, што Ісус ёсьць Хрыстос, ад Бога народжаны, і кожын, хто любіць Радзіўшага, любіць і Народжанага ад Яго.
 
Кожны, хто верыць, што Ісус ёсць Хрыстос, ад Бога народжаны, і кожны, хто любіць Таго, Хто нарадзіў, любіць і народжанага ад Яго.

Што любім дзяце́й Божых, пазнае́м з таго, калі любім Бога і выпаўняем запаведзі Яго.
 
У г этым мы пазнаём, што любім дзяцей Божых: калі любім Бога і выконваем Яго запаведзі.

Бо тое ёсьць любоў да Бога, каб мы выпаўнялі запаведзі Яго; і запаведзі Яго не цяжкія.
 
Бо вось што ёсць любоў Божая: каб мы выконвалі Яго запаведзі, і запаведзі Яго не цяжкія.

Бо кожны, народжаны ад Бога, перамагае сьве́т; і гэтая перамога, што перамагла сьве́т, — ве́ра нашая.
 
Бо ўсё, народжанае ад Бога, перамагае свет; і вось што ёсць перамога, якая перамагла свет: наша вера.

Хто той, што перамагае сьве́т, калі ня ве́руючы, што Ісус ёсьць Сын Божы?
 
І хто перамагае свет, як не той, хто верыць, што Ісус ёсць Сын Божы?

Гэты ёсьць Ісус Хрыстос, які прайшоў праз ваду і кроў; не праз ваду толькі, але праз ваду і кроў; і Дух сьве́дчыць, бо Дух ёсьць праўда.
 
Гэта ёсць Той, Хто прайшоў праз ваду і кроў, [і Духа,] Ісус Хрыстос; не толькі вадою, а вадою і крывёю; і Дух ёсць сведка, таму што Дух ёсць праўда.

Бо тры сьве́дчаць на не́бе: Аце́ц, Слова і Сьвяты Дух, і гэтыя тры ёсьць адно.
 
Бо ёсць тры сведкі [на небе: Бацька, Слова і Святы Дух; і гэтыя тры ёсць адно.

І тры сьве́дчаць на зямлі: дух, вада і кроў; і гэтыя тры — адно.
 
І тры сведчаць на зямлі:] Дух, вада і Кроў; і ўсе тры — у адным.

Калі мы прымаем сьве́дчаньне чалаве́чае, дык сьве́дчаньне Божае — большае, бо гэта ёсьць сьве́дчаньне Божае, якім Бог сьве́дчыць аб Сыне Сваім.
 
Калі мы прымаем сведчанне людзей, то сведчанне Божае — большае, бо гэта сведчанне Бога, якім Ён засведчыў пра Свайго Сына.

Хто ў Сына Божага ве́руе, ма́е пасьве́дчаньне ў самым сабе́; хто ня ве́рыць Богу, той ілжывым зрабіў Яго, бо ня ўве́раваў у пасьве́дчаньне, якім Бог засьве́дчыў аб Сыне Сваім.
 
Хто верыць у Сына Божага, той мае сведчанне ў сабе самім; хто не верыць Богу, той зрабіў Яго лгуном, бо не паверыў у сведчанне, якім Бог засведчыў пра Свайго Сына.

А гэтае сьве́дчаньне ў тым, што Бог даў нам жыцьцё ве́чнае, і гэтае жыцьцё ў Сыне Яго.
 
І гэта ёсць сведчанне: што Бог даў нам вечнае жыццё, і гэтае жыццё — у Яго Сыне.

Хто ма́е Сына, ма́е жыцьцё; хто Сына Божага ня ма́е, ня ма́е жыцьця.
 
Хто мае Сына, той мае жыццё; хто не мае Сына Божага, не мае жыцця.

Гэтае напісаў я вам, ве́руючым у імя Сына Божага, каб вы ве́далі, што маеце жыцьцё ве́чнае, ды каб ве́равалі ў імя Сына Божага.
 
Я напісаў вам гэта, каб вы ведалі, што вы маеце жыццё вечнае, — тым, хто верыць у імя Сына Божага.

І вось адвага, якую мы маем да Яго, што, калі просім чаго водле волі Яго, Ён слухае нас;
 
І гэта ёсць адвага, якую мы маем перад Ім: што калі мы чаго просім згодна волі Яго, ён чуе нас.

а калі мы ве́даем, што Ён слухае нас у-ва ўсім, чаго-б мы ні прасілі, дык ве́даем, што дастанем прошанае ад Яго.
 
І калі мы ведаем, што Ён чуе нас ва ўсім, чаго б мы ні прасілі, мы ведаем, што маем усё тое прошанае, якое мы папрасілі ў Яго.

Калі хто бачыць брата свайго, які грашы́ць грэхам не на сьме́рць, то няхай моліцца, і (Бог) дасьць яму жыцьцё, гэным, што граша́ць не на сьме́рць. Ёсьць грэх на сьме́рць: не аб гэтым кажу маліцца.
 
Калі хто-небудзь убачыць, што яго брат саграшыць грахом не на смерць, няхай папросіць і Бог дасць яму жыццё — тым, хто грашыць не на смерць. Ёсць грэх на смерць: я не кажу, каб ён прасіў аб тым.

Усякая няпраўда ёсьць грэх, але грэх не на сьме́рць.
 
Кожная няправеднасць — грэх, але ёсць грэх не на смерць.

Мы ве́даем, што кожын, хто народжаны ад Бога, не грашы́ць; а народжаны ад Бога захоўвае сябе́, і ліхі не зачэпіць яго.
 
Мы ведаем, што кожны, народжаны ад Бога, не грашыць, але той, хто быў народжаны ад Бога, ахоўвае сябе, і ліхі4 не дакранецца да яго.

Мы ве́даем, што мы — ад Бога, і што ўве́сь сьве́т ляжыць у зьле́.
 
Мы ведаем, што мы — ад Бога, а ўвесь свет ляжыць у ліхім.

Ве́даем такжа, што Сын Божы прыйшоў і даў нам розум, каб пазналі (Бога) праўдзівага; і мы ў праўдзівым Сыне Яго Ісусе Хрысьце́: Гэты ёсьць праўдзівы Бог і жыцьцё ве́чнае.
 
Але мы ведаем, што Сын Божы прыйшоў і даў нам розум, каб мы ведалі Праўдзівага [Бога], і мы — у Праўдзівым, у Яго Сыне Ісусе Хрысце. Ён ёсць праўдзівы Бог і вечнае жыццё.

Дзе́ткі! захоўвайце сябе́ ад ідалаў. Амін.
 
Дзеткі, сцеражыце сябе ад ідалаў. [Амін.]