Біблія » Пераклады » Пераклад Л. Дзекуць-Малея

1 Іоана 5 Першае Іоана 5 разьдзел

1 Кожын, хто веруе, што Ісус ёсьць Хрыстос, ад Бога народжаны, і кожын, хто любіць Радзіўшага, любіць і Народжанага ад Яго.
2 Што любім дзяце́й Божых, пазнае́м з таго, калі любім Бога і выпаўняем запаведзі Яго.
3 Бо тое ёсьць любоў да Бога, каб мы выпаўнялі запаведзі Яго; і запаведзі Яго не цяжкія.
4 Бо кожны, народжаны ад Бога, перамагае сьве́т; і гэтая перамога, што перамагла сьве́т, — ве́ра нашая.
5 Хто той, што перамагае сьве́т, калі ня ве́руючы, што Ісус ёсьць Сын Божы?
6 Гэты ёсьць Ісус Хрыстос, які прайшоў праз ваду і кроў; не праз ваду толькі, але праз ваду і кроў; і Дух сьве́дчыць, бо Дух ёсьць праўда.
7 Бо тры сьве́дчаць на не́бе: Аце́ц, Слова і Сьвяты Дух, і гэтыя тры ёсьць адно.
8 І тры сьве́дчаць на зямлі: дух, вада і кроў; і гэтыя тры — адно.
9 Калі мы прымаем сьве́дчаньне чалаве́чае, дык сьве́дчаньне Божае — большае, бо гэта ёсьць сьве́дчаньне Божае, якім Бог сьве́дчыць аб Сыне Сваім.
10 Хто ў Сына Божага ве́руе, ма́е пасьве́дчаньне ў самым сабе́; хто ня ве́рыць Богу, той ілжывым зрабіў Яго, бо ня ўве́раваў у пасьве́дчаньне, якім Бог засьве́дчыў аб Сыне Сваім.
11 А гэтае сьве́дчаньне ў тым, што Бог даў нам жыцьцё ве́чнае, і гэтае жыцьцё ў Сыне Яго.
12 Хто ма́е Сына, ма́е жыцьцё; хто Сына Божага ня ма́е, ня ма́е жыцьця.
13 Гэтае напісаў я вам, ве́руючым у імя Сына Божага, каб вы ве́далі, што маеце жыцьцё ве́чнае, ды каб ве́равалі ў імя Сына Божага.
14 І вось адвага, якую мы маем да Яго, што, калі просім чаго водле волі Яго, Ён слухае нас;
15 а калі мы ве́даем, што Ён слухае нас у-ва ўсім, чаго-б мы ні прасілі, дык ве́даем, што дастанем прошанае ад Яго.
16 Калі хто бачыць брата свайго, які грашы́ць грэхам не на сьме́рць, то няхай моліцца, і (Бог) дасьць яму жыцьцё, гэным, што граша́ць не на сьме́рць. Ёсьць грэх на сьме́рць: не аб гэтым кажу маліцца.
17 Усякая няпраўда ёсьць грэх, але грэх не на сьме́рць.
18 Мы ве́даем, што кожын, хто народжаны ад Бога, не грашы́ць; а народжаны ад Бога захоўвае сябе́, і ліхі не зачэпіць яго.
19 Мы ве́даем, што мы — ад Бога, і што ўве́сь сьве́т ляжыць у зьле́.
20 Ве́даем такжа, што Сын Божы прыйшоў і даў нам розум, каб пазналі (Бога) праўдзівага; і мы ў праўдзівым Сыне Яго Ісусе Хрысьце́: Гэты ёсьць праўдзівы Бог і жыцьцё ве́чнае.
21 Дзе́ткі! захоўвайце сябе́ ад ідалаў. Амін.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Першае Пасланьне Іоана, 5 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Public Domain

Public Domain — народны здабытак.
Лукаш Дзекуць-Малей, Антон Луцкевіч.
© 1931, 1948; у 1985, 1991 унесены праўкі.