Біблія » Пераклады » Пераклад праваслаўнай царквы

1 Іаана 5 1-е Пасланне Іаана 5 разьдзел

1 Кожны, хто ве́руе, што Іісус гэта Хрыстос, той ад Бога наро́джаны, і кожны, хто лю́біць Таго, Хто нарадзíў, лю́біць і наро́джанага ад Яго.
2 Што лю́бім дзяцей Божых, мы пазнаём па тым, што лю́бім Бога і выко́нваем за́паведзі Яго.
3 Бо ў тым любоў да Бога, каб мы выко́нвалі за́паведзі Яго; а за́паведзі Яго не ця́жкія.
4 Таму што ўсё, наро́джанае ад Бога, перамага́е свет; і вось перамо́га, якая перамагла́ свет: вера наша.
5 Хто перамага́е свет, як не той, хто ве́руе, што Іісус ёсць Сын Божы?
6 Гэта Той Іісус Хрыстос, Які прыйшо́ў вадою, і крывёю, і Ду́хам, не вадою толькі, а вадою і крывёю; і Дух сведчыць пра Яго, таму што Дух ёсць íсціна.
7 Бо трое све́дчаць на небе: Айцец, Сло́ва і Святы́ Дух; і Гэтыя трое ёсць адно.
8 І трое све́дчаць на зямлі: дух, вада і кроў; і гэтыя трое — пра адно.
9 Калі мы прыма́ем све́дчанне людзей, то све́дчанне Бога — бо́льшае, таму што гэта сва́дчанне Бога, якім Ён засве́дчыў пра Сы́на Свайго.
10 Хто ве́руе ў Сына Божага, той ма́е све́дчанне ў сабе самíм; хто не ве́руе ў Бога, той робіць Яго лгуно́м, бо не ве́рыць све́дчанню, якім Бог засве́дчыў пра Сы́на Свайго.
11 І вось гэтае све́дчанне: Бог даў нам жыццё ве́чнае, і гэтае жыццё — у Сы́не Яго.
12 Хто ма́е Сына Божага, той ма́е жыццё; хто не ма́е Сына Божага, той не ма́е жыцця́.
13 Гэта напіса́ў я вам, хто веруе ў імя́ Сына Божага, каб вы ведалі, што вы ма́еце жыццё вечнае, і каб ве́равалі ў імя́ Сына Божага.
14 І вось якую адва́гу мы маем да Яго: калі про́сім чаго́сьці па волі Яго, то Ён слу́хае нас.
15 А калі мы ве́даем, што Ён слу́хае нас, чаго б мы ні прасíлі, то ве́даем, што атры́мліваем тое, чаго прасíлі ў Яго.
16 Калі хто ба́чыць брата свайго, які саграша́е грахом не на сме́рць, то няхай мо́ліцца, і Бог дасць жыццё яму — таму, які саграша́е не на смерць. Ёсць грэх на смерць, не пра такі кажу́, каб ён малíўся.
17 Усякая няпра́веднасць — гэта грэх; але ёсць грэх не на смерць.
18 Мы ведаем, што кожны, наро́джаны ад Бога, не грашы́ць; але наро́джаны ад Бога захо́ўвае сябе, і ліхí не дакрана́ецца да яго.
19 Мы ве́даем, што мы ад Бога і што ўвесь свет ляжы́ць у зле.
20 Ведаем таксама, што Сын Божы прыйшоў і даў нам святло і розум, каб мы спазна́лі Бога íсціннага, і мы ёсць у íсцінным Сыне Яго Іісусе Хрысце́. Ён — íсцінны Бог і жыццё ве́чнае.
21 Дзеткі! захо́ўвайце сябе ад íдалаў. Амíнь.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

1-е Саборнае Пасланне святога Апостала Іаана Багаслова, 5 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.