1 Дзе́ткі мае́! гэта пішу я вам, каб вы не грашы́лі; а калі хто саграшы́ць, то мы ма́ем Хада́йніка перад Айцом, Іісуса Хрыста́, Пра́ведніка:
2 Ён — уміласціўле́нне за грахí нашы, і не толькі за нашы, але і за грахí ўсяго свету.
3 А тое, што мы спазна́лі Яго, ве́даем па тым, што за́паведзі Яго выко́нваем.
4 Хто кажа: «я спазна́ў Яго», а за́паведзяў Яго не выко́нвае, той ілгун, і няма ў ім íсціны;
5 а хто выко́нвае слова Яго, у тым сапраўды́ любоў Божая даскана́лая: з гэтага ве́даем, што мы ў Ім.
6 Хто кажа, што знахо́дзіцца ў Ім, той павінен паво́дзіць сябе так, як Ён паво́дзіў Сябе.
7 Узлю́бленыя! пішу вам не новую за́паведзь, а за́паведзь да́ўнюю, якую вы ме́лі ад пача́тку: за́паведзь да́ўняя — гэта слова, якое вы чу́лі ад пача́тку.
8 А разам з тым і новую за́паведзь пішу́ вам: што́ ёсць íсціннае і ў Ім, і ў вас, бо це́мра прахо́дзіць і святло íсціннае ўжо све́ціць.
9 Хто кажа, што ён у святле́, а брата свайго ненавíдзіць, той усё яшчэ ў це́мры.
10 Хто лю́біць бра́та свайго, той у святле́ знахо́дзіцца, і няма ў ім спаку́сы;
11 а хто ненавíдзіць бра́та свайго, той — у це́мры, і ў це́мры ён хо́дзіць, і не ве́дае, куды́ ідзе́, бо це́мра засляпíла во́чы яму́.
12 Пішу вам, дзе́ткі, таму што праба́чаны вам грахí дзе́ля імя́ Яго.
13 Пішу вам, айцы, таму што вы спазна́лі Таго, Хто ёсць ад пача́тку. Пішу вам, юнакí, таму што вы перамаглí злога. Пішу вам, дзе́ці, таму што вы спазна́лі Айца.
14 Я напіса́ў вам, айцы, таму што вы спазна́лі Таго, Хто ёсць ад паче́тку. Я напіса́ў вам, юнакí, таму што вы мо́цныя, і слова Божае знахо́дзіцца ў вас, і вы перамаглí зло́га.
15 Не любíце све́ту і таго, што ў све́це: хто лю́біць свет, у тым няма любо́ві Айца;
16 бо ўсё, што ў свеце: пажа́длівасць плоці, пажа́длівасць вачэй і ганарлíвасць жыце́йская, — не ад Айца, а ад све́ту гэтага.
17 І свет прахо́дзіць, і пажа́длівасць яго, а той, хто выко́нвае волю Божую, застае́цца наве́кі.
18 Дзеці! гэта апо́шні час. І пако́лькі вы чу́лі, што пры́йдзе анты́хрыст, а цяпер з’явíлася многа анты́хрыстаў, то па гэтым мы і пазнаём, што час апошні.
19 Яны вы́йшлі з нас, але не былí нашымі; бо калі б яны былí нашымі, то засталíся б з намі; а гэта адбыло́ся, каб вы́явілася, што не ўсе нашы.
20 А вы ма́еце пама́занне ад Святога і ве́даеце ўсё.
21 Я напіса́ў вам не таму, што вы не ве́даеце íсціны, а таму, што вы ве́даеце яе, і таму, што ўсякая ілжа́ не ад íсціны.
22 Хто лгун, як не той, хто адмаўля́е, што Іісус ёсць Хрыстос? Гэта — анты́хрыст, які адмаўля́е Айца́ і Сы́на.
23 Кожны, хто адмаўля́е Сы́на, не ма́е і Айца; а хто вызнае́ Сы́на, той ма́е і Айца.
24 Дык вось, тое, што вы чу́лі ад пача́тку, няхай і застае́цца ў вас; калі застане́цца ў вас тое, што вы чу́лі ад пача́тку, то і вы застаняце́ся ў Сыне і ў Айцу́.
25 А тое абяца́нне, што Ён абяца́ў нам, ёсць жыццё ве́чнае.
26 Гэта я напіса́ў вам пра тых, якія ўво́дзяць вас у зман.
27 Аднак пама́занне, якое вы атрыма́лі ад Яго, застае́цца ў вас, і вы не ма́еце патрэ́бы, каб хто вучы́ў вас; але паколькі само гэтае пама́занне ву́чыць вас усяму, а яно íсціннае і нялжы́вае, дык чаму́ яно навучы́ла вас, у тым і застава́йцеся.
28 І цяпер, дзеткі, застава́йцеся ў Ім, каб, калі Ён я́віцца, мы ме́лі адва́гу і не былí пасаро́млены перад Ім у час прышэ́сця Яго.
29 Калі вы ве́даеце, што Ён пра́ведны, то ве́дайце таксама, што кожны, хто робіць па праўдзе, ад Яго наро́джаны.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце:
Ctrl + Enter
1-е Саборнае Пасланне святога Апостала Іаана Багаслова, 2 разьдзел
Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.