Біблія » Пераклады » Пераклад праваслаўнай царквы

1 Іаана 4 1-е Пасланне Іаана 4 разьдзел

1 Узлю́бленыя! не кожнаму ду́ху ве́рце, а выпрабо́ўвайце ду́хаў, ці ад Бога яны, таму што многа лжэпраро́каў з’явíлася ў све́це.
2 Духа Божага пазнава́йце так: кожны дух, што вызнае́ Іісуса Хрыста, Які прыйшоў у плоці, ёсць ад Бога;
3 а кожны дух, што не вызнае́ Іісуса Хрыста, Які прыйшоў у плоці, не ёсць ад Бога, а гэта дух анты́хрыста, пра якога вы чу́лі, што ён пры́йдзе, і ён цяпер ужо ў све́це.
4 Дзеткі! вы ад Бога, і вы перамаглí іх; бо Той, Хто ў вас, бо́льшы за таго́, хто ў свеце.
5 Яны ад свету, таму і гаво́раць так, як гаворыць свет, і свет слу́хае іх.
6 Мы ад Бога; хто зна́е Бога, той слу́хае нас; хто не ад Бога, той не слу́хае нас. Па гэтым пазнаём ду́ха íсціны і ду́ха маны́.
7 Узлю́бленыя! дава́йце бу́дзем любíць адзін аднаго́, таму што любоў ад Бога, і кожны, хто лю́біць, той наро́джаны ад Бога і зна́е Бога;
8 хто не лю́біць, той не спазна́ў Бога, таму што Бог ёсць любоў.
9 Любоў Божая да нас адкры́лася ў тым, што Бог пасла́ў у свет Сы́на Свайго Адзінаро́днага, каб мы атрыма́лі жыццё праз Яго.
10 У тым любоў, што не мы ўзлюбíлі Бога, а Ён узлюбíў нас і пасла́ў Сы́на Свайго як уміласціўле́нне за грахí нашы.
11 Узлю́бленыя! калі так узлюбíў нас Бог, то і мы павíнны любíць адзін аднаго́.
12 Бога ніхто ніколі не ба́чыў; калі мы лю́бім адзін аднаго́, то Бог знахо́дзіцца ў нас, і любоў Яго ў нас даскана́лая.
13 Мы пазнаём, што знахо́дзімся ў Ім і Ён у нас, па тым, што ад Духа Свайго Ён даў нам.
14 І мы ба́чылі і све́дчым, што Айцец пасла́ў Сы́на Спасíцелем све́ту.
15 Хто вызнае́, што Іісус — Сын Божы, у тым знахо́дзіцца Бог, і ён у Богу.
16 І мы спазна́лі і вераю прынялí любоў, якую Бог ма́е да нас. Бог — гэта любоў, і хто знахо́дзіцца ў любо́ві, той знахо́зіцца ў Богу, і Бог у ім.
17 Любоў такой даскана́ласці дасяга́е ў нас, што мы будзем мець адва́гу ў дзень суда́, бо які Ён, такія і мы ў све́це гэтым.
18 У любо́ві няма стра́ху, а даскана́лая любоў праганя́е страх, бо ў стра́ху ёсць пакара́нне; і хто баіцца, той недаскана́лы ў любо́ві.
19 Мы лю́бім Яго, бо Ён першы ўзлюбíў нас.
20 Калі хто кажа: «я люблю Бога», а бра́та свайго ненавíдзіць, то ён ілгу́н; бо хто не лю́біць бра́та свайго, якога ба́чыць, як можа любíць Бога, Якога не ба́чыць?
21 І мы ма́ем ад Яго такую за́паведзь, каб той, хто лю́біць Бога, любíў і бра́та свайго.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

1-е Саборнае Пасланне святога Апостала Іаана Багаслова, 4 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.