Біблія » Пераклады » Пераклад Анатоля Клышкi

1 Іаана 4 1 Іаана 4 разьдзел

1 Улюбёныя, не кожнаму духу верце, а выпрабоўвайце духаў, ці ад Бога яны, бо шмат ілжэпрарокаў выйшла ў свет.
2 Па гэтым пазнавайце Духа Божага: кожны дух, які вызнае, што Ісус Хрыстос прыйшоў у целе, — ад Бога,
3 і кожны дух, які не вызнае Ісуса [Хрыста, Які прыйшоў у целе, ] — не ад Бога; і гэта дух антыхрыста, пра якога вы чулі, што ён прыходзіць, і цяпер ён ужо ў свеце.
4 Вы ад Бога, дзеткі, і вы перамаглі іх, бо Той, Хто ў вас, большы за таго, хто ў свеце.
5 Яны — ад свету, таму і гавораць ад свету, і свет іх слухае.
6 Мы — ад Бога: хто ведае Бога, слухае нас, хто не ад Бога, той не слухае нас. Так мы пазнаём духа праўды і духа падману.
7 Улюбёныя, будзем любіць адзін аднаго, бо любоў — ад Бога і кожны, хто любіць, народжаны ад Бога і ведае Бога.
8 Хто не любіць, той не пазнаў Бога, таму што Бог ёсць любоў.
9 Любоў Божая была адкрытая для нас у тым, што Бог паслаў у свет Свайго Адзінароднага Сына, каб мы атрымалі жыццё праз Яго.
10 Любоў у тым, што не мы палюбілі Бога, але што Ён палюбіў нас і паслаў Свайго Сына як змілаванне за нашы грахі.
11 Улюбёныя, калі Бог так палюбіў нас, то і мы павінны любіць адзін аднаго.
12 Бога ніхто ніколі не бачыў. Калі мы любім адзін аднаго, Бог жыве ў нас, і Яго любоў дасканалая ў нас.
13 З таго мы пазнаём, што мы ў Ім жывём і Ён у нас, што Ён даў нам ад Свайго Духа.
14 І мы бачылі і сведчым, што Бацька паслаў Сына Збаўцам свету.
15 Хто вызнае, што Ісус ёсць Сын Божы, у тым жыве Бог і ён — у Богу.
16 І мы пазналі любоў, якую Бог мае да нас, і паверылі ў яе. Бог ёсць любоў і хто жыве ў любові, той у Богу жыве, і Бог у ім жыве.
17 Дзеля таго любоў удасканалілася ў нас, каб мы мелі адвагу ў дзень суду, бо як Ён ёсць, так і мы ёсць у гэтым свеце.
18 У любові няма страху, а дасканалая любоў выганяе страх, бо ў страху ёсць пакаранне, а той, хто баіцца, — не дасканалы ў любові.
19 Мы любім [Яго], бо Ён першы палюбіў нас.
20 Калі нехта скажа: «Я люблю Бога», а свайго брата ненавідзіць, то ён ілгун, бо той, хто не любіць свайго брата, якога ён бачыў, не можа любіць Бога, Якога не бачыў.
21 І мы маем гэтую запаведзь ад Яго, каб той, хто любіць Бога, любіў і свайго брата.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Першы ліст Іаана, 4 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Публікуецца з дазволу праваўладальніка.
© 2014