Біблія » Пераклады » Пераклад Анатоля Клышкi

1 Іаана 3 1 Іаана 3 разьдзел

1 Паглядзіце, якую любоў даў нам Бацька, каб мы былі названыя дзецьмі Божымі; і мы ёсць дзеці Божыя. Таму свет не ведае нас, бо не ўведаў Яго.
2 Улюбёныя, мы цяпер дзеці Божыя і яшчэ не адкрыта, якія будзем. Ведаем, што калі Ён адкрыецца, мы будзем падобныя да Яго, бо ўбачым Яго, як Ён ёсць.
3 І кожны, хто мае гэтую надзею на Яго, ачышчае сябе так, як Ён чысты.
4 Кожны, хто чыніць грэх, чыніць і беззаконне, і грэх ёсць беззаконне.
5 І вы ведаеце, што Ён з’явіўся, каб узяць [нашы] грахі, і граху ў Ім няма.
6 Кожны, хто застаецца ў Ім, не грашыць; кожны, хто грашыць, не бачыў Яго і не ўведаў Яго.
7 Дзеткі, няхай ніхто не ўводзіць вас у зман; хто творыць праведнасць, той праведны, як і Ён праведны.
8 Хто чыніць грэх, той ад д’ябла, бо д’ябал грашыць ад пачатку. Дзеля таго з’явіўся Сын Божы, каб разбурыць зробленае д’яблам.
9 Кожны, народжаны ад Бога, не чыніць граху, бо насенне Яго застаецца ў ім, і ён не можа грашыць, бо ад Бога народжаны.
10 Гэтым выяўляюцца дзеці Божыя і дзеці д’ябла: кожны, хто не творыць праведнасці, — не ад Бога, як і той, хто не любіць свайго брата.
11 Бо вось гэтая вестка, якую вы чулі ад пачатку: каб мы любілі адзін аднаго,
12 не так, як Каін, які быў ад ліхога і забіў свайго брата. І чаму ён забіў яго? Бо ўчынкі яго былі ліхія, а яго брата — праведныя.
13 Не здзіўляйцеся, браты, калі свет ненавідзіць вас.
14 Мы ведаем, што мы перайшлі са смерці ў жыццё, бо любім братоў; той, хто не любіць, застаецца ў смерці.
15 Кожны, хто ненавідзіць свайго брата, — чалавеказабойца, а вы ведаеце, што ніводзін чалавеказабойца не мае вечнага жыцця, што заставалася б у ім.
16 З таго ведаем мы любоў, што Ён за нас паклаў жыццё Сваё; і мы павінны за братоў жыцці класці.
17 А хто мае дабрабыт у гэтым свеце і бачыць свайго брата ў нястачы і закрые ад яго сваё сэрца, як можа застацца ў ім любоў Божая?
18 Дзеткі, будзем любіць не словам і не языком, але ўчынкамі і праўдаю.
19 І з гэтага мы ўведаем, што мы — ад праўды і супакоім перад Ім наша сэрца,
20 бо калі сэрца абвінавачвае нас, гэта таму, што Бог большы за наша сэрца і ведае ўсё.
21 Улюбёныя, калі наша сэрца не абвінавачвае нас, мы маем адкрытасць да Бога;
22 і чаго б мы ні прасілі, атрымаем ад Яго, бо выконваем Яго запаведзі і робім тое, што Яму падабаецца.
23 А запаведзь Яго гэтая, каб мы верылі ў імя Яго Сына Ісуса Хрыста і любілі адзін аднаго, як Ён і даў нам запаведзь.
24 І той, хто выконвае Яго запаведзі, застаецца ў Ім, і Ён — у тым. А што Ён застаецца ў нас, мы пазнаём па Духу, Які Ён даў нам.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Першы ліст Іаана, 3 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Публікуецца з дазволу праваўладальніка.
© 2014