Біблія » Пераклады » Пераклад Анатоля Клышкi

Да Ціту 1 Ціту 1 разьдзел

1 Павел, раб Божы і Апостал Ісуса Хрыста паводле веры выбраных Божых і спазнання ісціны, якая згодна з набожнасцю,
2 у надзеі вечнага жыцця, якое Бог, што не можа лгаць, абяцаў перад вечнымі часамі,
3 а ў свой час аб’явіў Сваё Слова ў пропаведзі, якая была даручана мне паводле загаду нашага Збаўцы Бога, —
4 Ціту, сапраўднаму сыну ў супольнай веры: Ласка [, міласць] і мір ад Бога Бацькі і [Госпада] Ісуса Хрыста, нашага Збаўцы.
5 Дзеля гэтага я пакінуў цябе на Крыце, каб ты ўпарадкаваў, што засталося неўпарадкаванае, і паставіў у кожным горадзе старэйшын, як я табе загадаў:
6 калі хто беззаганны, муж адной жонкі, мае дзяцей, якія веруюць, не абвінавачваюцца ў распусце ці ў непаслухмянасці.
7 Бо епіскап павінен быць беззаганны, як Божы домакіраўнік, не самазадаволены, не гняўлівы, не прагавіты да віна, не задзірлівы, не хцівы,
8 а гасцінны, дабралюбны, разумны, справядлівы, набожны, устрыманы,
9 які трымаецца вернага слова, згоднага з вучэннем, каб ён быў моцны і пераконваць у здаровым вучэнні і выкрываць тых, што выступаюць супроць.
10 Бо ёсць многа непакорлівых, пустасловаў і ашуканцаў, асабліва з абрэзаных,
11 якім трэба заціскаць рот, тым, якія разбураюць цэлыя дамы, вучачы таму, чаму не след, дзеля ганебнай карыслівасці.
12 Адзін з іх саміх, іх уласны прарок, сказаў: «Крыцяне заўсёды лгуны, лютыя звяры, лянівыя абжоры».
13 Сведчанне гэта праўдзівае. З гэтай прычыны выкрывай іх рэзка, каб яны былі здаровыя ў веры,
14 не слухалі іудзейскія байкі і запаведзі людзей, што адварочваюцца ад ісціны.
15 Усё чыстае для чыстых; а для апаганеных і бязверных няма нічога чыстага, у іх апаганены і розум, і сумленне.
16 Яны сцвярджаюць, што ведаюць Бога, а сваімі ўчынкамі выракаюцца Яго, з’яўляючыся гнюснымі і непаслухмянымі і ні на які добры ўчынак няздатнымі.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Ліст да Ціта, 1 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Публікуецца з дазволу праваўладальніка.
© 2014