Біблія » Пераклады » Пераклад Анатоля Клышкi

Да Эфесянаў 1 Да Эфесянаў 1 разьдзел

1 Павел, з волі Божай Апостал [Госпада] Хрыста Ісуса, — святым, што знаходзяцца ў Эфесе і верным у Хрысце Ісусе:
2 ласка вам і мір ад Бога, нашага Бацькі, і Госпада Ісуса Хрыста.
3 Добраславёны Бог і Бацька нашага Госпада Ісуса Хрыста, Які добраславіў нас у нябёсах усякім духоўным добраславеннем у Хрысце.
4 як і выбраў ён нас у Ім да заснавання свету, каб быць нам святымі і беззаганнымі перад Ім у любові,
5 вызначыўшы наперад нас для ўсынаўлення Сабе праз Ісуса Хрыста паводле добрага намеру Сваёй волі
6 на хвалу славы Сваёй ласкі, якою Ён абдарыў нас ва Ўлюбёным,
7 у Якім мы маем выкуп праз Яго Кроў, дараванне грахоў паводле багацця Яголаскі,
8 якую Ён шчодра падараваў нам ва ўсялякай мудрасці і разуменні,
9 даўшы пазнаць нам таямніцу Сваёй волі паводле Свайго добрага намеру, які Ён наперад увасобіў у Ім
10 для домаўладкавання паўнаты часоў, каб узначалілася ўсё ў Хрысце: тое, што на нябёсах, і тое, што на зямлі, — у Ім.
11 У Ім мы і былі прызначаны ў спадчыну, будучы вызначанымі наперад паводле задумы Таго, Хто робіць усё паводле рашэння Сваёй волі,
12 каб мы былі на хвалу Яго славы — тыя, хто першымі ўсклалі надзею на Хрыста.
13 У Ім і вы, пачуўшы словы праўды, дабравесце вашага выратавання, — у Ім, паверыўшы, таксама былі адзначаны пячаткаю абяцанага вам Святога Духа,
14 Які ёсць зарука нашай спадчыны для выкупу набытку, у хвалу Яго славы.
15 Таму і я, пачуўшы пра вашу веру ў Госпада Ісуса і пра любоў да ўсіх святых,
16 не перастаю дзякаваць за вас, упамінаючы вас у маіх малітвах,
17 каб Бог нашага Госпада Ісуса Хрыста, Бацька славы, даў вам Духа мудрасці і адкрыцця ў пазнанні Яго,
18 прасвятліў вочы вашага сэрца, каб вы ведалі, што ёсць надзея Яго паклікання і што — багацце славы Яго спадчыны ў святых,
19 і што — бязмерная веліч Яго сілы да нас, тых, хто верыць праз дзеянне магутнасці Яго,
20 якую Ён выявіў у Хрысце, уваскрэсіўшы Яго з мёртвых і пасадзіўшы праваруч Сябе на нябёсах
21 вышэй за ўсялякае начальства, і ўлады, і сілы, і панаванні, і кожнае імя, названага не толькі ў гэтым веку, але і ў будучым;
22 і Ён усё падпарадкаваў пад Яго ногі, і даў Яму быць вышэй за ўсё, Галавою Царквы,
23 якая ёсць Яго цела, паўната Таго, Хто напаўняе ўсё ва ўсім.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Ліст да Эфесянаў, 1 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Публікуецца з дазволу праваўладальніка.
© 2014