Біблія » Пераклады » Пераклад Анатоля Клышкi

Да Эфесянаў 4 Да Эфесянаў 4 разьдзел

1 Дык малю вас я, вязень у Госпадзе, жыць годна паклікання, якім вы былі пакліканы,
2 з усёю пакорамудрасцю і лагоднасцю, з доўгацярплівасцю, падтрымліваючы адзін аднаго ў любові,
3 стараючыся захоўваць адзінства Духу ў саюзе міру:
4 адно Цела і адзін Дух, як вы і былі закліканы ў адной надзеі вашага паклікання;
5 адзін Госпад, адна вера, адно хрышчэнне;
6 адзін Бог і Бацька ўсіх, Які над усімі і праз усіх і ва ўсіх [нас].
7 Кожнаму ж з нас была дадзена ласка паводле меры дару Хрыстовага.
8 Таму Пісанне кажа: «Узышоўшы на вышыню, Ён павёў у палон палонных і даў дары людзям».
9 А «ўзышоў» — што значыць, як не тое, што Ён і зышоў [спярша] у прадонныя часткі зямлі?
10 Той, Хто зышоў, ёсць і Тым, Хто ўзышоў найвышэй над усе нябёсы, каб напоўніць усё.
11 І Ён Сам паставіў каго Апосталамі, каго прарокамі, каго дабравеснікамі, каго пастырамі і настаўнікамі
12 дзеля ўдасканалення святых на патрэбы служэння, на будову Цела Хрыстова,
13 пакуль мы ўсе не прыйдзем да адзінства веры і пазнання Сына Божага, у чалавека дасканалага, у меру ўзросту паўнаты Хрыстовай,
14 каб мы ўжо не былі малымі дзецьмі, якіх кідае хвалямі і носіць па крузе ўсялякім ветрам вучэння ў чалавечым жульніцтве, у падступстве, каб звесці ў зман,
15 але, трымаючыся праўды ў любові, ва ўсім узрасталі ў Таго, Хто ёсць Галава, Хрыстос;
16 з Якога ўсё Цела, злучанае і звязанае кожным суставам праз дзейнасць у сваю меру кожнай часткі, здзяйсняе рост Цела для стварэння самога сябе ў любові.
17 Дык гэта кажу і сведчу ў Госпадзе: каб вы ўжо не хадзілі, як і язычнікі ходзяць у марнасці свайго розуму,
18 будучы запамарочаныя ў розуме, адчужаныя ад жыцця Божага з-за ўласцівага ім няведання, з-за акамянеласці іх сэрца;
19 яны, зрабіўшыся нячулымі, аддаліся распусце, каб рабіць у прагнасці ўсялякую нечысціню.
20 Але вы не так навучыліся Хрысту,
21 калі сапраўды вы чулі Яго і ў Ім былі навучаны, — бо праўда ў Ісусе, —
22 зняць з сябе ранейшыя паводзіны старога чалавека, які псуецца ад пажадлівасцяў падману,
23 і абнаўляцца духам вашага розуму,
24 і апрануцца ў новага чалавека, які створаны паводле Бога ў праведнасці і святасці праўды.
25 Таму, адкінуўшы хлусню, кажыце праўду кожны свайму блізкаму, бо мы члены адзін аднаму.
26 Гневайцеся, але не грашыце: няхай не заходзіць сонца пры вашай разгневанасці,
27 і не давайце месца д’яблу1.
28 Хто крадзе, няхай больш не крадзе, а лепш хай працуе, зарабляючы сваімі рукамі дабро, каб мог успамагчы таму, хто мае патрэбу.
29 Ніякае гнілое слова няхай не зыходзіць з вашых вуснаў, а толькі добрае для ўладкавання патрэбы [веры], каб яно давала ласку [Божую] тым, хто слухае.
30 І не засмучайце Святога Духа Божага, Якім вы былі адзначаны пячаткаю на дзень выкупу.
31 Усялякая горыч, лютасць, гнеў, крык і лаянка няхай будуць узяты ад вас разам з усялякай злосцю.
32 [І] будзьце адзінда аднаго добрымі, міласэрнымі, даруючы адзін аднаму, як і Бог у Хрысце дараваў вам.

Каментары ці зноскі:

27 1: Мажлівы пераклад: паклёпніку.

Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Ліст да Эфесянаў, 4 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Публікуецца з дазволу праваўладальніка.
© 2014