Біблія » Пераклады » Пераклад Л. Дзекуць-Малея

Да Эфэсцаў 4 Да Эфэсцаў 4 разьдзел

1 Дык я, вязень у Госпадзе, малю вас паступаць дастойна закліку, якім вы пакліканы,
2 з усе́нькай мудрасьцяй пакоры і ціхасьцяй, з доўгацярплівасьцяй, це́рпячы адзін аднаго ў любві,
3 стараючыся захаваць е́днасьць духа ў саюзе міру.
4 Адно це́ла і адзін дух, як вы і пакліканы да аднае́ надзе́і вашага закліканьня:
5 Адзін Госпад, адна ве́ра, адно хрышчэньне,
6 Адзін Бог і Аце́ц усіх, Які над усімі, і праз усіх, і ў-ва ўсіх нас.
7 Кожнаму-ж з нас дадзена ласка водле ме́ры дару Хрыстовага.
8 Дзеля гэтага і кажа: Узыйшоўшы на вышыню, паланіў палон і даў дары людзям (Псальм 67:19).
9 (А «узыйшоўшы» што́ ёсьць, як ня тое, што ён пе́рш і зыходзіў у прадонныя ме́сцы зямлі?
10 Зыйшоўшы, Ён ёсьць І той, што ўзыйшоў вышэй за ўсе́ нябёсы, каб споўніць усё.)
11 І Ён паставіў адных Апосталамі, другіх прарокамі, іншых эвангелістамі, іншых па́стырамі і вучыцялямі
12 дзеля збудаваньня сьвятых, на дзе́ла служэньня, на будаваньне Це́ла Хрыстовага,
13 дакуль усе́ дойдзем да е́днасьці ве́ры і пазнаньня Сына Божага, да мужа дасканалага, да ме́ры ўзрашчэньня поўні Хрыстовае;
14 каб мы ня былі бале́й дзяцьмі, зыбаючыміся і захаплянымі ўсякім ве́трам навукі, у хітрыках чалаве́чых, у подступе дзеля хітрага збаламучаньня,
15 але праўдзіваю любоўю ўсё памнажалі бы ў Таго, Які ёсьць Галава, Хрыстос,
16 з Якога ўсё це́ла, складзенае і злучанае ўсякімі вязямі змацаваньня, праз дзе́йнасьць у (сваю) ме́ру кожнага чле́на, прырост робіць дзеля будаваньня самога сябе́ ў любві.
17 Дык кажу гэта і сьве́дчу ў Госпадзе, каб вы бале́й не хадзілі, як другія пагане ходзяць, у марнасьці розуму свайго,
18 з зацьміўшыміся думкамі, адцураўшыся ад жыцьця Божага праз няве́даньне іх, праз закамяне́ньне сэрца іх;
19 яны, стаўшыся нячулымі, аддаліся распусьце, каб рабіць усякі бруд у прагавітасьці.
20 Але вы ня гэтак пазналі Хрыста,
21 калі чулі Яго і ў Ім навучыліся, — бо праўда ў Ісусе, —
22 каб адкінуць вам — па ране́йшаму жыцьцю — старога чалаве́ка, які тле́е ў манлівых пажаданьнях,
23 а абнавіцца духам розуму вашага
24 і апрануцца ў новага чалаве́ка, створанага па Богу, у праведнасьці і сьвятасьці праўды.
25 Дзеля гэтага, адкінуўшы ілжу, гаварыце кожны праўду бліжняму свайму, бо мы — чле́ны адзін аднаму.
26 Гне́вайцеся, ды не грашыце: няхай сонца не зайдзе́ ў гне́ве вашым;
27 і не давайце ме́сца д’яблу.
28 Хто краў, дале́й не крадзі, а ле́пей працуй, робячы сваімі рукамі карыснае, каб было з чаго аддзяліць таму, хто ма́е патрэбу.
29 Жаднае гнілое слова няхай ня выходзіць з вуснаў вашых, а толькі добрае дзеля збудаваньня ў ве́ры, каб ласку давала тым, што слухаюць.
30 І ня смуціце Сьвятога Духа Божага, Якім вы запячатаны на дзе́нь адкупле́ньня.
31 Усякая горыч, і ярасьць, і гне́ў, і крык, і лаянка няхай будуць адда́лены ад вас — разам з усім благім;
32 будзьце-ж адзін да аднаго добрымі, спагадлівымі, выбачаючымі адзін аднаму, як і Бог у Хрысьце́ выбачыў вам.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Пасланьне Паўлы да Эфэсцаў, 4 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Public Domain

Public Domain — народны здабытак.
Лукаш Дзекуць-Малей, Антон Луцкевіч.
© 1931, 1948; у 1985, 1991 унесены праўкі.