Біблія » Пераклады » Пераклад Л. Дзекуць-Малея

Да Эфэсцаў 3 Да Эфэсцаў 3 разьдзел

1 Дзеля гэтага вось я, Паўла, вязень Ісуса Хрыста за вас, паганаў.
2 Калі-ж вы чулі аб распарадкаваньні ласкі Божае, да́дзенае мне́ для вас,
3 што мне́ праз адкрыцьце абявілася тайна, (Як я коратка і пісаў вышэй,
4 з чаго, чытаючы, можаце пазнаць маё разуме́ньне тайны Хрыстовай),
5 якая ня была пазна́на сынамі чалаве́чымі у іншых родах, як цяпе́р адкрыта сьвятым Апосталам Яго і прарокам у Духу,
6 каб і паганам быць насьле́днікамі і адным це́лам, і супольнікамі прырачэньня Яго ў Хрысьце́ Ісусе праз Эвангельле,
7 слугой якога стаўся я праз дар ласкі Божае, дадзенае дзе́яньнем сілы Яго.
8 Мне́, найме́ншаму з усіх сьвятых, дадзена ласка гэтая — абвяшчаць паганам добрую ве́сьць аб недасьле́дным багацьці Хрыстовым
9 і адкрыць усім, якая ёсьць супольнасьць тайны, што захоўваецца ад вякоў у Богу, стварыўшым усё праз Ісуса Хрыста,
10 каб цяпе́р сталася ве́дамаю праз Царкву ўладам і сілам на нябёсах рознастайная мудрасьць Божая,
11 паводле адвечнае пастановы, якую Ён зрабіў у Хрысьце́ Ісусе, Госпадзе нашым,
12 у Якім маем адвагу і доступ у надзе́і праз веру ў Яго.
13 Дык прашу вас не сумаваць мае́й аб вас тугою, якая ёсьць вашая слава.
14 Дзеля гэтага схіляю кале́ні мае́ перад Айцом Госпада нашага Ісуса Хрыста,
15 ад Якога ма́е назоў усякае бацькоўства на нябёсах і на зямлі, —
16 каб даў вам, водле багацьця славы Свае́й, сілай умацавацца праз Духа Яго ў унутраным чалаве́ку,
17 каб Хрыстос пасяліўся праз ве́ру ў сэрцах вашых,
18 каб вы, укараніўшыся і ўмацаваўшыся ў любві, здолелі зразуме́ць з усімі сьвятымі, што шырыня і даўжыня, і глыбіня і высокасьць,
19 ды пазнаць любоў Хрыстову, што вышэй за разуме́ньне, каб вам напоўніцца ўсе́ю поўняй Божаю.
20 А Таму, Хто дзе́ючаю ў нас сілаю можа зрабіць шмат бале́й за ўсё, чаго мы просім або ў думках маем,
21 Таму слава ў Царкве́ ў Хрысьце́ Ісусе, на ўсе́ роды на ве́к вяко́ў. Амін.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Пасланьне Паўлы да Эфэсцаў, 3 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Public Domain

Public Domain — народны здабытак.
Лукаш Дзекуць-Малей, Антон Луцкевіч.
© 1931, 1948; у 1985, 1991 унесены праўкі.