Біблія » Пераклады » Пераклад Антонія Бокуна

Эфэсцам 3 Эфэсцам 3 разьдзел

1 Дзеля гэтага вось я, Павал, — вязень Ісуса Хрыста за вас, паганаў.
2 Як вы чулі пра распарадкаваньне ласкі Божае, дадзенае мне дзеля вас,
3 што паводле адкрыцьця Ён аб’явіў мне таямніцу, (як я коратка напісаў вышэй,
4 з чаго, чытаючы, можаце зразумець маё разуменьне таямніцы Хрыстовай),
5 якая ў іншых пакаленьнях не была вядомая сынам чалавечым, як цяпер адкрыта сьвятым апосталам Ягоным і прарокам праз Духа,
6 што і пагане ёсьць суспадчыньнікамі, і адным целам, і супольнікамі абяцаньня Ягонага ў Хрысьце праз Эвангельле,
7 якога я стаўся служыцелем паводле дару ласкі Божае, дадзенае мне дзеяньнем сілы Яго.
8 Мне, найменшаму з усіх сьвятых, дадзена ласка гэтая — сярод паганаў дабравесьціць пра недасьледнае багацьце Хрыстовае
9 і зрабіць яўным для ўсіх, якое ёсьць распарадкаваньне таямніцы, што схаваная ад вякоў у Богу, Які стварыў усё праз Ісуса Хрыста,
10 каб цяпер праз Царкву сталася вядомаю начальствам і ўладам у нябёсах разнастайная мудрасьць Божая,
11 паводле адвечнага вызначэньня, якое Ён зрабіў у Хрысьце Ісусе, Госпадзе нашым,
12 у Якім маем адвагу і доступ з пэўнасьцю праз веру ў Яго.
13 Таму прашу вас не журыцца з прычыны прыгнёту майго дзеля вас, бо гэта ёсьць слава вашая.
14 Дзеля гэтага схіляю калені мае перад Айцом Госпада нашага Ісуса Хрыста,
15 ад Якога мае назоў усякае бацькоўства ў небе і на зямлі,
16 каб Ён даў вам, паводле багацьця славы Сваёй, сілай умацавацца праз Духа Ягонага ва ўнутраным чалавеку,
17 каб Хрыстос пасяліўся праз веру ў сэрцах вашых,
18 каб вы, укараніўшыся і ўмацаваўшыся ў любові, здолелі сьцяміць разам з усімі сьвятымі, што ёсьць шырыня і даўжыня, глыбіня і вышыня,
19 і зразумець любоў Хрыстовую, якая вышэй за разуменьне, каб вам напоўніцца ўсёю поўняй Божаю.
20 А Таму, Хто сілаю, якая дзейнічае ў нас, можа зрабіць нашмат больш за ўсё, пра што мы просім або разумеем,
21 Яму слава ў Царкве ў Хрысьце Ісусе ў-ва ўсіх пакаленьнях на вякі вякоў. Амэн.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Пасланьне да Эфэсцаў Апостала Паўла, 3 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Публікуецца з дазволу аўтара.
© 2017, 2023