1 Слова ГОСПАДА, якое было да Ёэля, сына Пэтуэля.
2 Слухайце гэта, старыя, і прыхіліце вуха, усе жыхары зямлі. Ці было такое ў дні вашыя або ў дні бацькоў вашых?
3 Распавядзіце пра гэта сынам вашым, а сыны вашыя — сынам сваім, а сыны іхнія — пакаленьню наступнаму.
4 Тое, што засталося ад вусеняў, зьела саранча, што засталося ад саранчы, зьелі хрушчы, што засталося ад хрушчоў, паелі чэрві.
5 Прачніцеся, п’яніцы, і плачце, і бядуйце ўсе тыя, што п’юць віно, па маладым віне, бо яно забранае ад вуснаў вашых.
6 Бо прыйшоў на зямлю Маю народ дужы, якога безьліч. Зубы ягоныя — зубы ільвіныя, а сківіцы — як у ільвіцы.
7 Ён зрабіў пустэчаю вінаграднік Мой, дрэва фігавае Маё паламаў, дашчэнту агаліў яго і адкінуў; зьбялелі галіны ягоныя.
8 Галасі як маладзіца, падперазаная зрэбніцаю, над мужам маладосьці сваёй.
9 Забраныя ахвяры хлебныя і ахвяры вадкія ад Дому ГОСПАДА; у жалобе сьвятары, служыцелі ГОСПАДА.
10 Поле спустошана, у жалобе зямля, бо стаптанае збожжа, высахла маладое віно, зьвяла аліўка.
11 Смуткуйце, земляробы, галасіце, вінаградары, дзеля пшаніцы і дзеля ячменю, бо загінула жніво ў полі.
12 Вінаградная лаза засохла, і дрэва фігавае зьвяла, дрэва гранатовае і пальма, і яблына, і ўсе дрэвы палявыя пасохлі; бо высахла вясёласьць паміж сыноў чалавечых.
13 Падперажыцеся [зрэбніцай] і лямантуйце, сьвятары, галасіце, служыцелі ахвярніка, хадзіце, начуйце ў зрэбніцы, служыцелі Бога майго, бо затрыманыя ахвяры хлебныя і ахвяры вадкія ў Доме Бога вашага.
14 Прызначце сьвяты пост, склічце ўрачысты сход, зьбярыце старых і ўсіх жыхароў зямлі гэтай у Дом ГОСПАДА, Бога вашага, і клічце да ГОСПАДА.
15 Гора дню гэтаму, бо блізка дзень ГОСПАДА, ён прыйдзе як спусташэньне ад Усемагутнага.
16 Хіба не перад вачыма нашымі забіраецца ежа, з Дому Бога нашага [забіраецца] радасьць і пацяшэньне?
17 Згніла зерне пад скібамі сваімі, спусьцелі каморы, разбураныя пуні, бо высахла збожжа.
18 Як стогне скаціна, блукаюць чароды кароваў, бо няма для іх пашы, і чароды авечак спустошаны.
19 Да Цябе, ГОСПАДЗЕ, гукаю, бо агонь зжэр пашы пустыні, і полымя спаліла ўсе дрэвы палявыя.
20 Таксама жывёла палявая прагне да Цябе, бо ручаі водаў высахлі, і агонь зжэр пашы пустыні.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Кніга прарока Ёэля, 1 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Публікуецца з дазволу аўтара.
© 2017, 2023