1 Бо вось, у тыя дні і ў тым часе, калі Я вярну палонных Юды і Ерусаліму,
2 Я зьбяру ўсе народы і прывяду іх у Даліну Язафата, і буду з імі судзіцца там за народ Мой і за спадчыну Маю, Ізраіля, які яны расьцярушылі паміж народамі, і зямлю Маю падзялілі,
3 і пра народ Мой кідалі жэрабя, і аддавалі хлопчыка за распусьніцу, і продалі дзяўчынку за віно, і пілі.
4 І што вы для Мяне, Тыр і Сідон, і ўсе акругі Філістынскія? Ці помстай аднагародзіце Мне? Калі аднагародзіце Мне, лёгка і хутка Я вярну аднагароду вашую на галаву вашую.
5 Срэбра Маё і золата Маё вы ўзялі, і добрыя каштоўнасьці Мае перанесьлі ў сьвятыні вашыя,
6 а сыноў Юды і сыноў Ерусаліму продалі сынам Явану, каб аддаліць іх ад межаў іхніх.
7 Вось, Я ўзьніму іх з таго месца, куды вы прадалі іх, і вярну аднагароду вашую на галаву вашую,
8 і прадам сыноў вашых і дачок вашых праз рукі сыноў Юды, і яны прададуць іх Савеям, народу далёкаму, бо ГОСПАД прамовіў [так].
9 Клічце пра гэта сярод народаў; пасьвяціцеся на вайну; пабудзіце волатаў; няхай наблізяцца, няхай прыйдуць усе ваяры.
10 Перакуйце плугі вашыя на мячы і сярпы вашыя — на дзіды. Слабы няхай скажа: «Я — волат».
11 Зьбірайцеся і прыходзьце, усе народы навокал, і зьбярыцеся там. Вядзі, ГОСПАДЗЕ, волатаў Тваіх.
12 Няхай прачнуцца народы і прыйдуць у Даліну Язафата; бо там Я сяду судзіць усе народы навокал.
13 Пашліце серп, бо жніво сасьпела; прыйдзіце, тапчыце, бо тоўчня поўная, кадкі пераліваюцца, бо вялікая ліхота іхняя.
14 Грамады, грамады ў Даліне Прысуду, бо блізкі дзень ГОСПАДА ў Даліне Прысуду.
15 Сонца і месяц зацемрацца, і зоркі страцяць бляск свой.
16 І ГОСПАД загрыміць з Сыёну, і выдасьць голас Свой з Ерусаліму, і задрыжаць неба і зямля; але ГОСПАД — прыстанішча для народу Свайго і апора для сыноў Ізраіля.
17 І даведаецеся, што Я — ГОСПАД, Бог ваш, Які жыве на Сыёне, на гары Маёй сьвятой. І станецца Ерусалім сьвятым, і чужынцы ўжо ня будуць хадзіць па ім.
18 І станецца ў той дзень: горы будуць ацякаць маладым віном, і з узгоркаў пацячэ малако, і ўсе ручаіны Юды напоўняцца вадою, і крыніца выйдзе з Дому ГОСПАДА, і напоіць даліну Шыттым.
19 Эгіпет станецца спустошаным, і Эдом станецца спустошанай пустыняй за гвалт над сынамі Юды, бо яны разьлівалі кроў нявінную ў зямлі іхняй.
20 Юда на вякі будзе заселены, і Ерусалім — з пакаленьня ў пакаленьне.
21 І Я пакараю за кроў іхнюю, [за якую яшчэ] не караў; і ГОСПАД будзе жыць на Сыёне.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Кніга прарока Ёэля, 3 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Публікуецца з дазволу аўтара.
© 2017, 2023