1 Бо вось, тых дзён і ў тым часе, калі Я зьвярну палон Юдэі а Ерузаліму,
2 Я зьбяру ўсі народы і зьвяду іх на даліну Ясапатаву, і буду зь імі прававацца там за люд Свой а спадак Свой, Ізраеля, каторы яны расьцярушылі меж народаў, і падзялілі зямлю Маю,
3 І кідалі на жэрабя празь люд Мой, і аддавалі дзяцюка за бязулю, і прадавалі дзеўку за віно, і пілі.
4 Але, і што вы маеце да Мяне, Тыру а Сыдоне і ўсі акругі пілісцкія? Ці адплачуеце Імне? А калі адплачуеце Імне, лёгка, борзда Я абярну адплату вашу на галаву вашу;
5 Бо срэбра Маё а золата Маё вы ўзялі, і Мае добрыя жаданьні перанесьлі да палацаў багоў сваіх,
6 І сыноў Юды а сыноў Ерузаліму прадавалі сыном грэцкім, каб здаліць іх ад граніцаў іхных.
7 Вось, Я ўзьніму іх із тога месца, куды вы іх прадалі, і абярну плату вашу на галаву вашу.
8 І прадам сыноў вашых а дачкі вашыя ў руку сыноў Юдзіных, і яны прададуць іх Савеям, люду далёкаму», — бо СПАДАР казаў.
9 Абясьціце гэта меж народаў; пасьвяціцеся на вайну; пабудзіце дужасілаў; няхай дабліжацца, няхай узыйдуць усі воі;
10 Перакуйце нарогі вашы на мячы і сярпы вашы на дзіды; слабы няхай скажа: «Я дужы».
11 Барзьдзіце й прыходзьце, ўсі народы, адусюль, і зьбярыцеся туды; прычыні, СПАДАРУ, зыйсьці дужых Сваіх.
12 Няхай прачхнуцца народы і ўзыйдуць на даліну Ясапатаву; бо там Я сяду судзіць усі народы навокал.
13 Пусьціце ў рух серп, бо жніво сьпелае; прыходзьце, спусьціцеся, бо таўчэльня поўная, із скляпоў пераліваецца, бо вялікая нягоднасьць іхная.
14 Грамады, грамады ў даліне рассудку, бо дзень СПАДАРОЎ бліжэе ў даліне рассудку.
15 Сонца а месяц зацьмеюць, і гвезды страцяць зьзяньне сваё.
16 І СПАДАР із Сыёну загрыміць, і выдасьць голас Свой зь Ерузаліму, і здрыгануцца нябёсы й зямля; але СПАДАР абарона люду Свайму і сіла сыном Ізраелявым.
17 Тады даведаецеся, што Я СПАДАР, Бог ваш, што жывець на Сыёне, на сьвятой гары Сваёй; і будзе Ерузалім сьвятасьцяй, і наперад чужаземцы ня будуць праходзіць па ім.
18 І станецца таго дня, што з гор будзе капаць вінны сок, і з узгоркаў пацячэць малако, і ўсі рэкі Юдзіны напоўняцца вадою, і жарало выйдзе з дому СПАДАРОВАГА, і напое даліну Шытымскую.
19 Ягіпет стане спустошаньням, і Едом будзе спустошаным сьцепам за ўціск сыноў Юдзіных, бо яны разьлівалі нявінную кроў у зямлі іхнай.
20 Але Юда трываць будзе на векі, і Ерузалім ад пакаленьня да пакаленьня:
21 Бо ачышчу кроў іхную, каторай не ачышчаў; і СПАДАР жывець на Сыёне.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Кніга прарокі Ёеля, 3 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.