Біблія » Пераклады » Пераклад Сабілы і Малахава

Да эхвесцаў 4 Да эхвесцаў 4 разьдзел

1 Дык я, вязень у Госпадзе, прашу вас жыць годна прыкліканьня, якім вы прыкліканы,
2 са ўсякай мудрай супакорлівасьцю і лагоднасьцю, у доўгацярпеньні трываючы адзін аднаго з любоўю,
3 імкнучыся захоўваць адзінства Духу ў саюзе міру.
4 Адно Цела і адзін Дух, як і вы прыкліканы ў адной надзеі ва́шага прыклíканьня;
5 адзін Госпад, адна вера, адно хрышчэньне,
6 адзін Бог і Бацька ўсіх, Які над усімі і дзеля ўсіх і ва ўсіх вас.
7 Кожнаму ж з нас дадзена Багадаць водля меры дару Хрыстовага.
8 Таму кажа: «Узыйшоўшы на вышыню паланіў палон і раздаў дары людзям».
9 А «узыйшоў» што ёсьць, як ня тое, што Ён перш сыйшоў у прадонныя часьціны зямлі?
10 А Той, Хто сыйшоў, Ён ёсьць і Тым, Хто ўзыйшоў вышэй усіх Нябёсаў, каб напоўніць усё.
11 І Ён прызначыў адных Апосталамі, другіх прарокамі, іншых жа эвангелістамі, а другіх пастухамі і настаўнікамі,
12 дзеля ўдасканаленьня сьвятых на патрэбу служэньня, дзеля збудаваньня Цела Хрыстовага,
13 пакуль усе прыйдзем да адзінства веры і пазнаньня Сына Бога, да чалавека духова дасканалага, да меры ўзросту паўнаты Хрыста;
14 каб мы больш ня былí як малыя дзеці, якія хістаюцца і захапляныя ўсякім ветрам вучэньня, падманам людзей, лісьлівасьцю і хітрынёй зма́ну,
15 але жывучы ў праўдзе і любві ўзрасьці нам ва ўсім да (узросту) Ягонага, Які ёсьць Галава — Хрыстос,
16 ад Якога ўсё цела, злучанае і змацаванае праз усякую ўзаемазьвязку, праз дзейнасьць у сваю меру кожнага прыналежніка цела робіць прырост для збудаваньня самога сябе ў любові (Божай).
17 Гэта кажу і сьведчу ў Госпадзе таму, каб вы больш ня жылі так, як і астатнія народы жывуць, у марнасьці розуму свайго,
18 будучы запамрочанымі ў розуме, зьяўляючыся адчужанымі ад жыцьця (паводля) Бога, з прычыны іхняга няведаньня, якое ў іх праз жорсткасьць сэрца іхняга.
19 Яны, атупеўшы, аддалíся распусьце, каб рабіць усякі бруд у прагавітасьці.
20 Але вы ня так пазналі Хрыста,
21 таму што вы ўжо пра Яго пачу́лі і ў Ім навучаны, бо праўда ў Ісусе:
22 таму вам трэба адкінуць міну́лы вобраз жыцьця старога чалавека, які парахнее ў пажаданьнях абману,
23 але абнаўляцца духам розуму вашага
24 і апрануцца ў новага чалавека, створанага паводля (вобраза і падабенства) Бога ў праведнасьці і сьвятасьці праўды.
25 Дзеля гэтага, адкінуўшы ілжу, гаварыце праўду кожны бліжняму свайму, бо мы ёсьць чэлясы адзін аднаму.
26 І ня грашыце, становячыся разгневанымі: сонца ня заходзь у гневе вашым;
27 і ня давайце мейсца дыябалу.
28 Хто крадзе, няхай больш ня крадзе, але лепш хай працуе, робячы карыснае рукамі, каб яму мець, што даць таму, хто мае патрэбу.
29 Ніякае дрэннае слова ня павінна выходзіць з вуснаў вашых, але толькі добрае для патрэбы збудаваньня, каб яно прыносіла Багадаць тым, хто слухае.
30 І ня засмучайце Сьвятога Духа Бога, Якім вы запячатаны ў дзень адкупленьня.
31 Усякае раздражненьне і лютасьць, і гнеў, і крык, і ліхаслоўе хай будуць выдалены ад вас (разам) з усялякай злосьцю,
32 але будзьце адзін да аднаго добрымі, спагадлівымі, даруючы адзін аднаму, як і Бог у Хрысьце дараваў вам.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Пасланьне Апостала Паўлы да эхвесцаў, 4 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Публікуецца з дазволу аўтара.
© 2020