Біблія » Пераклады » Пераклад Анатоля Клышкi

Да Эфесянаў 2 Да Эфесянаў 2 разьдзел

1 І вас, мёртвых у вашых правінах і грахах,
2 у якіх вы некалі жылі паводле звычаю гэтага свету, паводле князя ўлады ў паветры, духа, які дзейнічае цяпер у сынах непакорлівасці,
3 між якіх і мы ўсе некалі жылі ў пажадлівасцях нашага цела, выконваючы жаданні цела і думак, і былі з прыроды дзецьмі гневу, як і астатнія, —
4 але Бог, багаты на міласэрнасць, з-за Сваёй вялікай любові, якою Ён палюбіў нас,
5 і нас, мёртвых ад грахоў, ажывіў разам з Хрыстом, — ласкаю вы ўратаваны —
6 і ўзнёс з Ім і пасадзіў з Ім у нябёсах у Хрысце Ісусе,
7 каб выявіць у наступных вяках бязмернае багацце Сваёй ласкі ў дабрыні да нас у Хрысце Ісусе.
8 Бо ласкаю вы ўратаваны праз веру, і гэта не ад вас — гэта дар Божы,
9 не ад учынкаў, каб ніхто не хваліўся.
10 Бо мы Яго тварэнне, створанае ў Хрысце Ісусе для добрых учынкаў, якія Бог загадзя падрыхтаваў, каб мы іх выконвалі.
11 Таму памятайце, што вы, некалі язычнікі целам, якіх называюць неабрэзанымі так званыя абрэзаныя на целе абразаннем рукатворным, —
12 што вы былі ў той час без Хрыста, адчужаныя ад грамадства Ізраіля і чужыя для запаветаў абяцання, не мелі надзеі і былі бязбожнікі ў свеце.
13 Цяпер жа ў Хрысце Ісусе вы, што некалі былі далёка, сталі блізкімі крывёю Хрыстоваю.
14 Бо Ён ёсць наша прымірэнне, Той, Хто абодвух зрабіў адным і разбурыў Сваім целам сцяну перагародкі, што стаяла між імі — варажнечу,
15 скасаваўшы закон запаведзяў з пастановамі, каб з двух стварыць у Сабе аднаго новага чалавека, усталяваўшы мір,
16 і прымірыць з Богам абодвух у адным Целе праз крыж, забіўшы на ім варажнечу.
17 І, прыйшоўшы, Ён дабравесціў мір вам — тым, хто быў далёка, і мір тым, хто быў блізка;
18 таму што праз Яго мы — і тыя і другія — маем доступ у адным Духу да Бацькі.
19 Дык вы ўжо не чужыя і не прышэльцы, а суграмадзяне святым і дамашнія для Бога,
20 угрунтаваныя на падмурку Апосталаў і прарокаў, дзе вуглавым каменем — Сам Хрыстос Ісус,
21 на Якім уся пабудова, складаючыся, вырастае ў святы храм у Госпадзе,
22 у Якім і вы ўладкоўваецеся разам у жыллё Божае Духам.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Ліст да Эфесянаў, 2 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Публікуецца з дазволу праваўладальніка.
© 2014