Біблія » Пераклады » Пераклад Анатоля Клышкi

Да Эфесянаў 6 Да Эфесянаў 6 разьдзел

1 Дзеці, слухайцеся сваіх бацькоў у Госпадзе, бо гэта справядліва.
2 «Паважай свайго бацьку і маці» — гэта першая запаведзь з абяцаннем, —
3 «каб табе было добра і ты быў даўгавечны на зямлі».
4 А бацькі — не раздражняйце сваіх дзяцей, а ўзгадоўвайце іх у навучанні і настаўленні Гасподнім.
5 Рабы, слухайцеся сваіх зямных гаспадароў са страхам і трымценнем у прастаце свайго сэрца, як Хрыста,
6 не з паказною паслужлівасцю, як тыя, хто дагаджае людзям, а як рабы Хрыстовы, выконваючы волю Божую ад душы,
7 служачы з дабразычлівасцю, як Госпаду, а не людзям,
8 ведаючы, што кожны, калі зробіць што добрае, тое самае атрымае ад Госпада, ці ён раб, ці вольны.
9 І вы, гаспадары, рабіце тое самае з імі, сцішаючы пагрозы, ведаючы, што і іх, і ваш Госпад — у нябёсах і ў Яго няма аглядкі на асобы.
10 У астатнім, [браты мае], узмацняйцеся ў Госпадзе і магутнасці Яго сілы.
11 Апраніцеся ў поўную зброю Божую, каб вы маглі ўстаяць супроць д’яблавых падкопаў,
12 бо барацьба ў нас не супроць крыві і цела, а супроць начальстваў, супроць уладаў, супроць уладароў гэтага свету цемры6, супроць нябесных духаў зла.
13 Таму вазьміце поўную зброю Божую, каб вы змаглі ў ліхі дзень супроцьстаяць і, усё зрабіўшы, устаяць.
14 Дык стойце, падперазаўшы вашы паясніцы праўдаю і надзеўшы панцыр праведнасці
15 і абуўшы ногі ў гатоўнасць дабравесціць мір;
16 і да ўсяго гэтага ўзяўшы шчыт веры, якім вы зможаце пагасіць усе агнявыя стрэлы ліхога;
17 і прыміце шлем выратавання і меч Духа, які ёсць слова Божае.
18 Кожнай малітвай і прашэннем молячыся ва ўсякі час у духу і для гэтага будзьце пільнымі з усякаю настойлівасцю і просьбаю за ўсіх святых
19 і за мяне, каб мне было дадзена слова пры адкрыванні маіх вуснаў, каб адважна абвяшчаць таямніцу Дабравесця,
20 дзеля якой я пасол у кайданах, каб у ёй я казаў адважна, як належыць мне казаць.
21 А каб і вы ведалі пра мае абставіны, што раблю, — усё раскажа вам Тыхік, улюбёны брат і верны служка ў Госпадзе,
22 якога я паслаў да вас якраз для гэтага, каб вы даведаліся, што ў нас робіцца, і каб ён суцешыў вашы сэрцы.
23 Мір братам і любоў з вераю ад Бога Бацькі і Госпада Ісуса Хрыста.
24 Ласка няхай будзе з усімі, хто любіць нашага Госпада Ісуса Хрыста вечнай любоўю7. [Амін].

Каментары ці зноскі:

12 6: У некат. рукап.: гэтага веку.
24 7: Мажлівыя пераклады: у нятленнасці, у неўміручасці.

Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Ліст да Эфесянаў, 6 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Публікуецца з дазволу праваўладальніка.
© 2014